Кніга Суддзяў Раздзел 9 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1Абімэлех жа, сын Ерабаала, пайшоў у Сіхэм да братоў маці сваёй і сказаў ім і ўсяму роду з дому маці сваёй, кажучы:

2«Скажыце ўсім людзям у Сіхэме: “Што вам лепш: каб валадарылі над вамі ўсе семдзесят сыноў Ерабаала ці каб валадарыў над вамі адзін чалавек? І прытым майце на ўвазе, што я — косць з косці вашай і цела з цела вашага”».

3І браты маці яго расказвалі пра яго ўсім людзям у Сіхэме ўсімі гэтымі словамі, і сэрцы іх прыхіліліся да Абімэлеха, бо яны казалі: «Гэта брат наш!»

4І далі яму семдзесят сікляў срэбра з дома Баал-Бэрыта; ён сабраў сабе адтуль людзей наёмных і бадзяжных, якія пайшлі за ім.

5І вярнуўся ён у дом бацькі свайго ў Эфры, і на адным камені забіў сваіх братоў, сыноў Ерабаала, семдзесят чалавек. І не забіў толькі Ёатама, наймалодшага сына Ерабаала, бо ён схаваўся.

6І сабраліся ўсе мужчыны з Сіхэма і ўвесь Бэт-Міло, і пайшлі ды паставілі Абімэлеха царом каля дуба, што стаяў у Сіхэме.

7Калі паведамілі аб гэтым Ёатаму, ён пайшоў і стаў на вяршыні гары Гарызім і, павысіўшы голас, усклікнуў і сказаў: «Слухайце мяне, людзі Сіхэма, і хай пачуе вас Бог.

8Сабраліся дрэвы, каб выбраць сабе цара, і сказалі яны аліўцы: “Царуй над намі.”

9Яна адказала: “Ці ж магу я вырачыся сваёй сакавітасці, якой ганарацца і багі, і людзі, і пайсці, каб хістацца па-над дрэвамі?”

10Дык сказалі дрэвы дрэву фігаваму: “Хадзі і прымі цараванне над намі”.

11Адказала ім дрэва фігавае: “Ці ж маю я вырачыся салодкасці сваёй і найпрыемнейшых пладоў і ісці, каб хістацца па-над другімі дрэвамі?”

12Таксама сказалі дрэвы вінаграду: “Хадзі і будзь царом над намі”.

13Вінаградная лаза сказла ім: “Ці магу вырачыся свайго віна, што весяліць багоў і людзей, каб хістацца па-над дрэвамі?”

14І сказалі ўсе дрэвы крушыне: “Хадзі і будзь царом над намі!”

15Адказала ім крушына: “Калі сапраўды хочаце мяне памазаць на цара, то хадзіце і адпачніце ў маёй засені; а калі не жадаеце, хай агонь выйдзе з цярніны і спаліць кедры лібанскія!”

16Такім чынам, цяпер, калі справядліва і без граху вы паставілі над сабой царом Абімэлеха, і калі добра абышліся з Ерабаалам і з домам яго, і адплацілі за дабрадзействы таго,

17хто ваяваў за вас і жыццё сваё ставіў пад небяспеку, каб выратаваць вас з рук мадыянцаў,

18а вы сёння паўсталі супраць дому бацькі майго і забілі сыноў яго семдзесят чалавек на адным камені, і выбралі сабе царом Абімэлеха, сына паслугачкі яго, над жыхарамі Сіхэма, бо ён брат ваш;

19дык калі справядліва ўчынілі вы і без памылкі з Ерабаалам і домам яго сёння, то цешцеся з Абімэлеха, і хай ён цешыцца з вас.

20Калі ж крывадушна зрабілі, хай агонь выйдзе з Абімэлеха і спаліць жыхароў Сіхэма і Бэт-Міло і хай выйдзе агонь з жыхароў Сіхэма і Бэт-Міло і спаліць Абімэлеха!»

21Калі гэта Ёатам сказаў, ён уцёк і адышоў у Бэру і абжыўся там, баючыся брата свайго Абімэлеха.

22І цараваў над Ізраэлем Абімэлех тры гады.

23І пусціў Бог духа найгоршага між Абімэлехам і жыхарамі Сіхэма, якія ўзбунтаваліся супраць яго,

24каб злачынства забойства сямідзесяці сыноў Ерабаала і праліццё крыві іх павярнулася на Абімэлеха, брата іх, і на жыхароў Сіхэма, якія яму дапамагалі.

25І жыхары Сіхэма зрабілі засаду на яго на вяршыні гары, і ўчынялі напады, рабуючы кожнага, хто праходзіў тою дарогаю. І паведамлена было аб гэтым Абімэлеху.

26Тады Гаал, сын Абэда, прыйшоў з братамі сваімі ў Сіхэм, і жыхары Сіхэма паверылі яму.

27І, выйшаўшы на палі, рвалі яны вінаградныя лозы, і выціскалі вінаградныя гронкі, і, утварыўшы хоры спевакоў, увайшлі яны ў святыню бога свайго, і між снеданнем і выпіўкай пракліналі Абімэлеха,

28калі казаў Гаал, сын Абэда: «Хто такі Абімэлех і хто такі Сіхэм, каб мелі мы служыць яму? Ці ж ён не сын Ерабаала, а Зэбул — яго ўрадовец? Служыце людзям Гамора, бацькі Сіхэма! Навошта мы будзем яму служыць?

29Каб хто аддаў гэты народ пад маю руку, я прагнаў бы Абімэлеха і сказаў бы яму: “Збяры сваё вялікае войска і прыходзь!”»

30Зэбул, кіраўнік горада, пачуўшы гаворку Гаала, сына Абэда, вельмі раззлаваўся

31і паслаў таемна пасланцоў да Абімэлеха, паведамляючы: «Вось, Гаал, сын Абэда, і яго браты прыбылі ў Сіхэм і падбухторваюць горад супраць цябе.

32Дык устань уночы ты і народ твой і схавайцеся ў полі.

33А раніцай, калі сонца ўзыдзе, нападзі на горад, а калі ён і народ, які з ім, выйдзе супраць цябе, зробіш з ім тое, што зможаш».

34Дык устаў Абімэлех з усім войскам сваім уночы і ў чатырох месцах зрабілі засаду супраць Сіхэма.

35І Гаал, сын Абэда, выйшаў і стаў на ўваходзе ў браму горада; устаў таксама і Абімэлех і ўсё войска з ім з месца засады.

36І калі Гаал убачыў войска, ён звярнуўся да Зэбула: «Вось, мноства людзей сыходзіць з гор». Адказаў яму Зэбул: «Гэта цені гор, а табе здаецца, што людзі».

37І зноў Гаал кажа: «Вось, народ сыходзіць з сярэдзіны зямлі, а адзін клін ідзе па дарозе Аўгуравых Дубоў».

38Тады сказаў яму Зэбул: «Дзе ж твае вусны цяпер, якімі ты казаў: “Хто такі Абімэлех, каб мелі мы яму служыць?” Ці ж гэта не той народ, якім ты пагарджаеш? Ідзі і ваюй супраць яго».

39Дык пайшоў Гаал, бо глядзеў на яго народ сіхэмцаў, і ваяваў супраць Абімэлеха.

40Гнаў яго Абімэлех, і ён уцякаў, і загінулі вельмі многія з яго боку ў дарозе да брамы горада.

41І Абімэлех вярнуўся ў Аруму; а Гаала і братоў яго Зэбул выгнаў з горада, забараніўшы ім жыць у ім.

42І назаўтра выйшаў народ на поле. Паколькі было аб гэтым паведамлена Абімэлеху,

43ён сабраў войска сваё і падзяліў на тры дружыны, зрабіўшы засаду ў палях. І, бачачы, што народ выходзіць з горада, устаў і пабіў іх.

44І ён са сваёй дружынай напаў і захапіў уваход у браму горада; а дзве другія дружыны пабілі ворагаў, якія разбегліся па полі.

45Затым Абімэлех увесь той дзень атакаваў горад, і здабыў яго, і, забіўшы жыхароў яго, а сам горад знішчыўшы, пасыпаў яго соллю.

46Калі гэта пачулі тыя, што былі ў Сіхэмскай вежы, яны сышлі ў падзямелле свяцілішча Эль-Бэрыта.

47Таксама Абімэлех, пачуўшы, што ўсе людзі з Сіхэмскай вежы схаваліся ў адным месцы,

48з усім народам сваім падняўся на гару Сэлмон, і, узяўшы сякеру, адсек сук ад дрэва, і, несучы яго ўскладзеным на плячо, загадаў тым, хто быў з ім: «Вы бачыце, што я раблю, — хутка рабіце тое ж».

49І яны, навыперадкі адсякаючы галлё з дрэў, пайшлі за кіраўніком, і падпалілі галлё, якім абклалі падзямелле; і здарылася так: ад дыму і агню ўсе людзі пагінулі, каля тысячы мужчын, і столькі ж жанчын, жыхароў Сіхэмскай вежы.

50А адтуль выправіўшыся, Абімэлех прыйшоў да горада Тэбэц, які ён абкладваў, і здабыў яго.

51А ў сярэдзіне горада была моцная вежа, у якой схаваліся і мужчыны, і жанчыны, і ўсе грамадзяне горада, вельмі моцна замкнуўшы браму, і ўзышлі на дах той вежы, стаўшы ўздоўж умацаванняў.

52І Абімэлех, падышоўшы пад самую вежу, настойліва змагаўся, і, наблізіўшыся, ён пажадаў падпаліць браму.

53 2Сам. 11:21 І вось, нейкая жанчына скінула на галаву Абімэлеха даволі вялікі камень, што ляжаў наверсе, і разбіла чэрап яго.

54Ён хутка паклікаў свайго збраяносца і сказаў яму: «Дастань меч свой і забі мяне, каб часам не сказалі, што я забіты жанчынаю». Ён ударыў яго мечам. І, калі ён памёр,

55усе мужчыны Ізраэля, бачачы гэта, вярнуліся ў свае пасяленні.

56Так Бог аддаў яму за зло, якое зрабіў Абімэлех бацьку свайму, забіўшы семдзесят братоў сваіх.

57 Суд. 9:20 Таксама жыхарам Сіхэма было аддадзена за ўсё, што яны зрабілі, і на іх прыйшоў праклён Ёатама, сына Ерабаала.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help