1 Пс. 2:10 Дык слухайце, цары, і разумейце; навучыцеся, суддзі канцоў зямлі!
2Нахініце вушы, вы, што валадарыце над многімі і ганарыцеся мноствам народаў.
3 Рым. 13:1 Бо Госпадам дадзена вам улада, і ад Узвышняга – валадаранне, Ён прасочыць вашыя ўчынкі і рассудзіць намеры,
4бо калі вы былі служыцелямі Валадарства Яго, не судзілі справядліва, і не бераглі законнасці, ды не жылі паводле волі Божай.
5Страшна і хутка з’явіцца Ён перад вамі, бо самы жорсткі суд будзе тым, якія панавалі;
6бо найменшаму аказваецца міласэрнасць, а магутныя будуць моцна пакараныя.
7 Ёў 34:19 Госпад бо не будзе зважаць на ніводную асобу і не забаіцца ніякай велічы, бо Ён учыніў малога і вялікага і роўна клапоціцца Ён пра ўсіх;
8а над тымі, якія валадараць, адбываецца строгае даследаванне.
9Дык да вас, цары, гэтыя мае словы, каб навучыліся вы мудрасці і не ўпалі.
10Бо хто будзе берагчы справядлівае справядліва – будзе апраўданы; і хто навучыцца гэтаму – знойдзе абарону.
11Дык прыміце словы мае, любіце іх і будзеце мець настаўленне.
12 Высл. 8:17 Мудрасць ясная і ніколі не вяне: і лёгка яе бачаць тыя, хто яе любіць, і тыя знаходзяць яе, хто шукае яе.
13Апярэджвае яна тых, якія яе жадаюць, каб ім першай паказацца.
14Хто дзеля яе ўстае на світанні – не замучыцца, бо знойдзе яе, якая сядзіць пры дзвярах сваіх.
15Дык аб ёй разважаць – вяршыня розуму, і хто дзеля яе не спіць – хутка вызваліцца ад бед.
16Бо яна сама ходзіць кругом, шукаючы годных сябе, і радасна з’яўляецца ім на дарогах, ды выходзіць ім насустрач з усёй клапатлівасцю.
17Пачатак бо яе найпраўдзівейшы – хацець вучыцца, а руплівасць пра навуку – гэта міласць,
18і міласць – гэта пільнаванне законаў, а пільнаванне законаў – гэта зарука несмяротнасці,
19а несмяротнасць набліжае да Бога;
20такім чынам, пажаданне мудрасці вядзе да валадарства.
21Дык калі вам мілыя пасады і скіпетры, о валадары народаў, шануйце мудрасць, каб валадарыць у векі вечныя.
22А я паведамлю, што гэта за мудрасць і як паўстала, і не схаваю ад вас таямніц Божых, але ад пачатку нараджэння прасачу яе, і пазнанне яе выведу на святло, і не размінуся з праўдаю.
23Ды не пайду шляхам знішчаючай зайздрасці, бо яна не будзе ўдзельніцай мудрасці.
24Мноства ж мудрых – гэта збаўленне свету, і цар мудры – гэта апора народа.
25Дык прыміце настаўленне ў словах маіх, і паможа вам.
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.
