Кніга Эзэкіэля Раздзел 31 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1І ў адзінаццатым годзе, у трэцім месяцы, у першы дзень месяца прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы:

2«Сын чалавечы, скажы фараону, цару Егіпецкаму, ды ўсяму мноству яго: “Да каго падобным стаў ты ў сваёй вялікасці?

3Вось, Асур, як кедр у Лібане, прыгожы галінамі, і густы лісцем, і гонкі вышынёю, і між хмар паднялася яго верхаліна;

4воды вырасцілі яго, бяздонне ўзняло яго, рэчкі яго абцякалі кругом яго карані, ды ручаіны свае накіраваў да ўсіх дрэў палявых.

5 Дан. 4:8, 9 Таму вышынёй перарос ён усе дрэвы палявыя, і павялічыліся яго галіны, і паднялося галлё яго дзеля мноства вады.

6І калі пашырыў ён цень свой, на галінах яго парабілі гнёзды ўсе птушкі паднебныя, і пад яго галінамі нарадзіліся ўсе звяры палявыя, і ў засені яго жыло ўсё мноства народаў.

7І быў ён вельмі прыгожы ў сваёй вялікасці і ў раскідзістасці галін сваіх, бо корань яго быў блізка да шчодрых водаў.

8 Род. 2:9 Кедры ў раі Бога не былі роўныя яму; елкі не маглі параўнацца з галінамі яго, і платаны не маглі параўнацца з галінамі яго; ніводнае дрэва ў раі Бога не было падобным да яго і прыгажосці яго.

9Я аздобіў яго багаццем і шчодрасцю зелені, і зайздросцілі яму ўсе дрэвы Эдэна, якія былі ў раі Бога”.

10Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: “За тое, што ён так высока вырас, і верхавіну сваю падняў аж да хмар, і сэрца яго ўбілася ў пыху з прычыны сваёй вялікасці,

11дзеля таго Я аддам яго ў рукі магутнага кіраўніка народаў, каб, учыняючы, учыніў яму: адпаведна яго бязбожнасці знішчыў Я яго.

12І чужынцы, найгоршыя з народаў, ссякуць яго; і кінуць яго на горы, і на ўсе лагчыны пападаюць яго галіны, і дрэвы яго паламаюцца ва ўсіх ямах зямлі, і з-пад засені яго паадступаюцца ўсе народы зямлі і пакінуць яго.

13На руінах яго будуць жыць усе птушкі паднебныя і між яго галінамі — усе звяры палявыя,

14 Эзэк. 26:20 каб ніводнае дрэва над водамі не падымалася ў вышыні сваёй і не падымала сваёй верхавіны пад хмары, і каб нішто, што бярэ сваю моц з вады, не стаяла ля іх у сваёй вышыні, бо ўсе яны аддадзены смерці ў краіне падземнай, сярод людзей, сярод тых, хто сыходзіць у магілу”.

15Гэта кажа Госпад Бог: “У дзень, у які ён сышоў да памерлых, учыніў Я стагнанне, зачыніў над ім бездань, і стрымаў рэкі яго, і затрымаў воды вялікія; дзеля яго Я засмуціў Лібан ды ўсе палявыя дрэвы былі ўстрывожаны.

16Грукатам яго падзення Я ўстрывожыў народы, калі ўвёў яго ў пекла з тымі, што сыходзілі ў магілу; і ўсцешыліся ў падземнай краіне ўсе дрэвы Эдэнскія, прыгожыя і пышныя дрэвы Лібана, усе, што шчодра арашаюцца водамі.

17Бо і яны сышлі з ім у апраметную да забітых мечам і паплечнікаў яго, што сядзелі ў засені яго між народамі.

18Да якога дрэва Эдэнскага падобны ты, слаўны і высокі? І вось, кінуты ты з дрэвамі Эдэнскімі ў краіну падземную; між неабрэзаных ляжыш, з тымі, што загінулі ад меча. Гэта фараон і ўсё мноства яго,” — кажа Госпад Бог».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help