1Кіраўніку хору. На мелодыю «Мут лабэн». Псальм Давідаў.
2 АЛЕФ. Буду славіць Цябе, Госпадзе, усім сэрцам маім, распавядаць пра ўсе цуды Твае.
3Буду цешыцца і радавацца ў Табе, буду спяваць псальмы імю Твайму, Найвышэйшы!
4 БЭТ. Калі ворагі мае паварочваюць назад, знясільваюцца яны і гінуць перад абліччам Тваім.
5Бо ўчыніў Ты суд мой і справу маю; сеў Ты на пасадзе, Суддзя справядлівы.
6 ГІМЭЛЬ. Ты ўгнявіўся на паганаў, знішчыў бязбожнага; імя іх зруйнаваў назаўсёды і на векі вечныя.
7Ворагі знішчаны, сталася спусташэнне вечнае, і гарады зруйнаваў Ты: згінула памяць пра іх з імі разам.
8 ГЭ. Госпад жа вечна трывае, прыгатаваў Ён на суд пасад Свой.
9 Пс. 96:13 І Сам будзе судзіць увесь свет па праўдзе, судзіць будзе народы паводле справядлівасці.
10 ВАЎ. І будзе Госпад прыстанішчам для прыгнеценага, прыстанішчам у час тугі, у трывозе.
11І будуць спадзявацца на Цябе тыя, што спазналі імя Тваё, бо Ты не пакінуў тых, што шукаюць Цябе, Госпадзе.
12 ДЗАЙН. Спявайце псальмы Госпаду, Які жыве на Сіёне, абвяшчайце пра дзейнасць Яго між паганаў.
13Бо Той, Хто спаганяе за кроў, успомніў пра іх, не забыўся на плач убогіх.
14 ГЭТ. Злітуйся нада мной, Госпадзе, паглядзі на прыгнёт мой ад ворагаў маіх, — Ты ўзносіш мяне ад брамы смерці,
15 ТЭТ. каб абвясціў я ўсю хвалу Тваю пры браме дачкі Сіёна, каб радаваўся з дапамогі Тваёй.
16 Пс. 7:16; 57:7 Уваліліся пагане ў яму, якую зрабілі, у пастцы, што схавалі, заблыталася нага іх саміх.
17Госпад даў спазнаць Сябе, учыніўшы суд; у справах рук сваіх заблытаўся грэшнік.
18 ЁД. Няхай сыдуць грэшнікі ў пекла, усе пагане, што на Бога забываюцца.
19 КАФ. Бо не да канца будзе забыты ўбогі; спадзяванне ўбогага не згіне ў вечнасці.
20Уздыміся, Госпадзе, хай не ўзвышаецца чалавек; хай будуць суджаны пагане перад абліччам Тваім.
21Пастаў, Госпадзе, жах над імі, хай ведаюць пагане, што яны — людзі.
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.
