1І сказаў Ёў у адказ:
2«Сапраўды: вы толькі людзі, і з вамі памрэ мудрасць.
3І ў мяне ёсць сэрца, як і ў вас, і не ніжэйшы я за вас; хто ж не ведае таго, што вы ведаеце?
4Той, хто высмейваецца сваім сябрам, як я, будзе прызываць Бога, і Ён выслухае яго; але будзе высмейвацца беззаганнасць справядлівага.
5Свяцільнік занядбаны ў думках тых, якія жывуць бяспечна, прыгатаваны для тых, хто хістаецца ў хадзе.
6Спакойныя палаткі рабаўнікоў і бяспечныя для тых, што гнявяць Бога, быццам Бог вядзе іх за руку.
7Аднак жа, запытайся ў жывёлы, і яна навучыць цябе, і птушак паднебных, і яны пакажуць табе.
8Пагавары з зямлёю, і яна навучыць цябе; і раскажуць рыбы марскія.
9Хто з іх усіх не ведае, што рука Божая стварыла ўсё гэта?
10У Яго руцэ — душа кожнай жывой істоты і дух усяго цела чалавечага.
11Ці ж не вуха адрознівае словы, і ці не паднябенне каштуе сваю ежу?
12У старых ёсць мудрасць, а ў даўгавечных — разважнасць.
13У Яго ёсць мудрасць і сіла, Ён мае раду і разуменне.
14Калі Ён разбурыць, то няма таго, хто адбудуе; калі Ён замкне чалавека, няма таго, хто б адчыніў.
15Калі Ён затрымае воды, яны перасохнуць; і калі выпусціць іх, яны зруйнуюць зямлю.
16У Яго ёсць сіла і мудрасць, Ён ведае і ашуканца, і таго, каго падманваюць.
17Ён выводзіць радцаў пазбаўленымі багацця, а суддзяў — спустошанымі.
18Ён развязвае пояс цароў і вяроўкай абвязвае іх сцёгны.
19Ён даводзіць святароў да спустошанасці і скідае магнатаў,
20змяняючы вусны праўдзівых і забіраючы вучонасць старых.
21Вылівае пагарду на князёў і аслабляе пояс магутных.
22Ён выяўляе глыбіннае з цемры і выводзіць да святла цень смерці.
23Ён памнажае народы і нішчыць іх, і людзей пашырае і губіць, а знішчаных ізноў аднаўляе.
24Ён змяняе ход думак зямных валадароў народа і падманвае іх; і ўчыніць Ён, каб яны блукалі па забытых шляхах.
25Яны будуць хадзіць навобмацак, быццам у цемры, а не ў святле, і ўчыніць Ён, каб яны блукалі, як п’яныя.
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.
