Другая кніга Самуэля Раздзел 3 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1І адбывалася доўгае спаборніцтва між домам Саўла і домам Давіда: Давід заўсёды заставаўся дужэйшым, а дом Саўла штодзень слабеў.

2 1Пар. 3:1-4 Таксама нарадзіліся ў Давіда сыны ў Геброне. І першародным быў Амнон з Ахінаам з Езрагэля,

3а другім быў Хэлеб з Абігайль, жонкі Набала з Кармэля, а трэцім — Абсалом, сын Маахі, дачкі Талмая, цара Гэсура;

4а чацвёртым — Адонія, сын Хагіт, і пятым — Сафація, сын Абіталь;

5а шостым — Етраам з Эглы, жонкі Давіда: яны нарадзіліся Давіду ў Геброне.

6І калі працягвалася вайна між домам Саўла і домам Давіда, Абнэр, сын Нэра, цараваў над домам Саўла.

7А ў Саўла была наложніца на імя Рэспа, дачка Аі. І сказаў Ісбаал Абнэру: «Чаму ты ўвайшоў да наложніцы бацькі майго?»

8Абнэр, дужа ўзлаваўшыся дзеля слоў Ісбаала, сказаў: «Ці ж я — сабачая галава з Юды? Сёння я аказваю міласэрнасць дому Саўла, бацькі твайго, і братам яго, і блізкім яго, і цябе не аддаў у рукі Давіда. І ты пытаешся ў мяне аб гэтым, бо абвінавачваеш сёння дзеля жанчыны.

9 1Сам. 15:28 Хай гэта зробіць Бог з Абнэрам і яшчэ дадасць, калі я не зраблю Давіду так, як Госпад прысягнуў яму,

10каб забраць царства ад дому Саўла, каб быў пастаўлены пасад Давіда над Ізраэлем і над Юдай, ад Дана да Бээр-Сэбы».

11І той не мог адказаць Абнэру нічога, бо баяўся яго.

12І паслаў Абнэр вестуноў ад сябе да Давіда, каб сказалі яны: «Чыя гэта зямля?» і яшчэ сказалі: «Заключы сяброўства са мной, і рука мая будзе з табою, і прывяду я да цябе ўвесь Ізраэль».

13Давід сказаў: «Вельмі добра, я заключу з табой сяброўства, але толькі прашу цябе аб адной рэчы, а менавіта: ты не ўбачыш аблічча майго, калі найперш не прывядзеш Міхол, дачку Саўла, калі прыйдзеш мяне ўбачыць».

14 1Сам. 18:27 А Давід паслаў вестуноў да Ісбаала, сына Саўла, сказаць яму: «Вярні мне жонку маю Міхол, якую набыў я сабе за сто крайніх плоцяў філістынскіх».

15Дык Ісбаал паслаў пасланцоў, і ўзяў яе ад мужа яе, Палціэля, сына Лаіса.

16І ішоў за ёй муж яе, плачучы, аж да Бахурыма; і Абнэр сказаў яму: «Ідзі, вяртайся!» І ён вярнуўся.

17Таксама звярнуўся Абнэр да старэйшын Ізраэля, кажучы: «Як учора, так і заўчора прасілі вы Давіда, каб цараваў ён над вамі;

18дык здзейсніце гэта цяпер, бо Госпад прамовіў Давіду, кажучы: “Рукою Майго паслугача Давіда Я выратую народ Мой, Ізраэль, з рук філістынцаў і ўсіх ворагаў яго”».

19Падобна гаварыў Абнэр і бэньямінцам; і пайшоў Абнэр у Геброн, каб пераказаць Давіду ўсё, чаго жадалі Ізраэль і ўвесь дом Бэньяміна.

20І прыйшоў да Давіда ў Геброн з дваццаццю ваярамі, і Давід справіў баль Абнэру і людзям яго, што прыйшлі з ім.

21І сказаў Абнэр Давіду: «Я ўстану, каб сабраць у цябе, гаспадара майго, цара, увесь Ізраэль; і ўвойдуць яны з табой у запавет, і будзеш ты валадарыць над усім, як жадае душа твая». І калі адпусціў Давід Абнэра і ён пайшоў у супакоі;

22паслугачы Давіда і Ёаб вярталіся з паходу з вялікай здабычаю. А Абнэра не было разам з Давідам у Геброне, бо Давід ужо адпусціў яго, і ён пайшоў у супакоі,

23і Ёаб і ўсё войска, якое было з ім, вярнуліся потым. Дык паведамілі Ёабу, расказваючы: «Абнэр, сын Нэра, прыйшоў да цара, і ён адпусціў яго, і ён пайшоў у супакоі».

24І прыйшоў Ёаб да цара, і сказаў яму: «Што ты зрабіў? Вось, прыйшоў да цябе Абнэр; чаму ты адпусціў яго і ён адышоў у супакоі?

25Ці ты не ведаеш Абнэра, сына Нэра? Напэўна, дзеля таго прыйшоў ён, каб падмануць цябе і даведацца пра ўваход твой і выхад твой, і даведацца пра ўсё, што ты робіш».

26І, выйшаўшы ад Давіда, Ёаб паслаў пасланцоў за Абнэрам, і яны вярнулі яго ад Бор-Гасіра, а Давід не ведаў пра гэта.

27 2Сам. 2:23 І калі вярнуўся Абнэр у Геброн, Ёаб адвёў яго асобна да сярэдзіны брамы быццам з ім тайна пагаварыць і ўдарыў яго там у жывот, і памёр ён у адплату за кроў Асаэля, брата Ёаба.

28Калі пра гэтую справу, што ўжо адбылася, пачуў Давід, ён сказаў: «Не вінаваты ані я, ані царства маё на векі перад Госпадам за кроў Абнэра, сына Нэра;

29і няхай спадзе яна на галаву Ёаба і на ўвесь дом бацькі яго; хай заўсёды будзе ў доме Ёаба хворы на выцёкі, пракажоны і той, хто ходзіць з кіём, забіты ад меча і той, хто просіць хлеба».

30 2Сам. 2:23 Так Ёаб і брат яго Абісай забілі Абнэра за тое, што ён забіў Асаэля, брата іх, у Габаоне ў час бою.

31А Давід сказаў Ёабу і ўсяму народу, які быў з ім: «Раздзярыце адзенне ваша, і адзеньцеся ў зрэбніцы, і лямантуйце на пахаванні Абнэра». А цар Давід ішоў за пахавальнымі насілкамі.

32І калі Абнэра хавалі ў Геброне, цар Давід загаласіў і заплакаў над магілай Абнэра; а плакаў таксама і ўвесь народ.

33І плакаў цар, і галасіў дзеля Абнэра, кажучы: «Няўжо Абнэр павінен быў памерці так, як звычайна паміраюць неразважныя?

34Рукі твае не былі звязаныя, і ногі твае не былі закутыя ў кайданы; але ты загінуў, як звычайна гінуць ад сыноў злачыннасці». І ўвесь народ пачаў яшчэ болей плакаць над ім.

35І калі прыйшоў увесь народ прапанаваць Давіду хлеба, калі быў яшчэ ясны дзень, пакляўся Давід, кажучы: «Хай гэта зробіць мне Бог, і яшчэ гэта дадасць, калі я перад захадам сонца пакаштую хлеба або чаго іншага».

36І ўвесь народ чуў гэта; і спадабалася гэта яму, як і ўсё, што рабіў цар, было добрым у вачах усяго народа.

37І пераканаўся ўвесь народ і ўвесь Ізраэль у той дзень, што не цар зрабіў так, каб Абнэр, сын Нэра, быў забіты.

38Таксама сказаў цар паслугачам сваім: «Ці ж вы не ведаеце, што сёння ўпаў кіраўнік і найвялікшы муж у Ізраэлі?

39А я яшчэ кволы, хоць і памазаны на цара, а гэтыя людзі, сыны Сэруі, мацнейшыя за мяне. Хай адплаціць Госпад злачынцу паводле ліхоты яго».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help