Кніга Юдыт 1 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1У дванаццаты год царавання Набукаданосара, які цараваў у Асірыі ў вялікім горадзе Нініве, у дні Арпаксада, які валадарыў над мідыйцамі ў Экбатане

2і пабудаваў у Экбатане і навокал муры з камянёў часаных, шырынёю ў тры локці і даўжынёю ў шэсць локцяў, і ён пабудаваў мур вышынёю ў семдзесят локцяў і шырынёю ў пяцьдзесят локцяў;

3і над брамамі яе пабудаваў вежы яе ў сто локцяў вышынёю і ў шэсцьдзесят локцяў зрабіў шырыню.

4І пабудаваў брамы яе, якія ўзнімаліся на семдзесят локцяў у вышыню, шырыня іх на выхадзе – сорак локцяў, каб маглі праходзіць яе сілы ваенныя і страі пяхоты яе.

5У тыя дні цар Набукаданосар ваяваў з царом Арпаксадам на вялікай раўніне, што ў межах Рагава.

6І выйшлі на бітву ўсе жыхары гор і ўсе, хто жыве ля Эўфрата, і Тыгра, і Гідаспэна, і таксама на раўнінах Арыёха, цара элімэяў. І сышліся вельмі многія народы на вайну з сынамі халдэяў.

7І паслаў Набукаданосар, цар асірыйцаў, вестуноў да ўсіх жыхароў Персіі, і да ўсіх жыхароў на захадзе: да пражываючых у Цыліцыі, і ў Дамаску, і ў Лібане, і ў Антылібане, і да ўсіх жыхароў Прымор’я,

8і да тых, што сярод народаў Кармэля, і Галаада, і да верхняй Галілеі, ды на вялікую раўніну Ездралон;

9і да ўсіх, што ў Самарыі і ў яе гарадах, і да пражываючых на другім баку Ярдана аж да Ерузаліма, і Батаны, і Хэлуса, і Кадэса, і на ручай Егіпецкі, і ў Тафніс, і ў Рамэсас ды ва ўсю зямлю Гашэн,

10аж да Таніса і Мэмфіса, і да ўсіх жыхароў Егіпта аж да граніц Этыёпіі.

11І ўсе жыхары, што пражывалі на ўсёй зямлі, не падпарадкаваліся загаду Набукаданосара, цара асірыйцаў, і не выступілі з ім на вайну, бо не баяліся яго, але супраць іх былі як адзін. І адправілі пасланцоў яго ні з чым, ды з пагардаю на тварах.

12Дык раззлаваўся вельмі Набукаданосар на ўсю тую зямлю. І пакляўся пасадам і царствам сваім, што адпомсціць ён усім землям Цыліцыі, Дамаска і Сірыі, што ён мечам сваім іх вынішчыць, іх і ўсіх, што пражываюць на зямлі Мааб, і сыноў Амона, і ўсю Юдэю, і ўсіх у Егіпце аж па межы двух мораў.

13І прыгатаваўся, і з войскам сваім выступіў вайной супраць цара Арпаксада ў семнаццатым годзе, і перамог яго ў бітве ды разграміў усё войска Арпаксада, і ўсю яго конніцу, і ўсе яго калясніцы,

14ды падуладніў яго гарады. І дайшоў аж да Экбатаны, і здабыў вежы, і спустошыў вуліцы яе, і пышнасць яе абярнуў у ганьбу яе.

15І схапіў Арпаксада ў гарах Рагава, і прабіў яго сваімі стрэламі ды паразіў яго аж да гэтага дня.

16І затым вярнуўся ў Нініву, сам і войска яго, вельмі многа ваяроў. І там заставаліся, адпачываючы і ладзячы застоллі, ён і войска яго, сто дваццаць дзён.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help