1І сказаў Давід у сэрцы сваім: «Аднойчы, у нейкі дзень, траплю я ў рукі Саўла; ці не лепш мне ўцячы і ўратавацца ў зямлі філістынцаў, каб адчаяўся Саўл і перастаў ва ўсіх межах Ізраэля цікаваць на мяне. Так я ўхілюся ад рук яго».
2І сабраўся Давід, і пайшоў сам і шэсцьсот чалавек разам з ім да Ахіса, сына Маоха, цара Гета.
3І абжыўся Давід з Ахісам у Геце, сам і ваяры яго, кожны са сваёй сям’ёй: Давід з дзвюма жонкамі сваімі, Ахінаам з Езрагэля і з Абігайль, якая была жонкай Набала з Кармэля.
4І паведамілі Саўлу, што Давід уцёк у Гет, і ён перастаў шукаць яго.
5А Давід сказаў Ахісу: «Калі знайшоў я ласку ў вачах тваіх, дай мне месца ў адным з гарадоў зямлі гэтай, каб я мог абжыцца там. Бо навошта паслугач твой мае жыць з табою ў горадзе цара?»
6Такім чынам, даў яму Ахіс у той дзень Сікэлаг; таму Сікэлаг стаўся горадам цароў юдэйскіх аж да гэтага дня.
7А тэрмін, які пражыў Давід у зямлі філістынцаў, быў год і чатыры месяцы.
8І выходзіў Давід з людзьмі сваімі, і меў здабычу з гэсурцаў, і з гергесеяў, і з Амалека; бо гэтыя народы жылі на зямлі Тэлем пры дарозе на Сур і аж да зямлі Егіпта.
9І пустошыў Давід усю зямлю, і не пакідаў жывымі ані мужчыны, ані жанчыны; і забіраў авечак, і валоў, і аслоў, і вярблюдаў, і адзенне, і вяртаўся, і прыходзіў да Ахіса.
10Пытаўся ж у яго Ахіс: «На каго нападалі вы сёння?» І Давід адказваў: «На Нагэб Юды, і на Нагэб Ерамээля, і на Нагэб кінэйскі».
11Ані мужчыны, ані жанчыны не шкадаваў Давід і не прыводзіў іх у Гет, кажучы: «Каб часам не сказалі на нас: “Гэта зрабіў Давід”». І гэта было галоўнае правіла яго ва ўсе дні, калі ён жыў у краіне філістынцаў.
12Такім чынам, давяраў Ахіс Давіду, кажучы: «Стаўся ён ненавісным народу свайму, Ізраэлю; таму будзе ён мне паслугачом вечным».
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.
