Кніга Ісаі Раздзел 9 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1 Мц. 4:15 У даўнія часы аддаў на занядбанне зямлю Забулона і зямлю Нэфталі; а ў наш час праславіць Ён дарогу да мора праз Ярдан, Галілею паганскую.

2 Мц. 4:16; Лк. 1:79 Народ, які жыў у цемры, святло ўбачыў вялікае: для жыхароў у краіне засені смерці святло заззяла.

3Памножыў Ты радасць і павялічыў весялосць. Радуюцца яны перад Табою, як радуюцца ў пару жніва, як цешацца, калі дзеляць здабычу.

4 Суд. 7:1-25; Іс. 14:5 Бо зламаў Ты ярмо цяжару яго, і палку над спіной яго, і жазло ката яго, як у дзень мадыянцаў.

5Бо кожны бот таго, хто прыходзіць з вайною, і адзенне, залітае кравёю, пойдзе на спаленне, на спажыццё агню.

6Бо нарадзілася нам Дзіця, дадзены Сын нам, і ўладарніцтва на Яго плячах; і назавуць Яго імем: дзівосны Дарадца, Бог моцны, Айцец вечнасці, Князь міру.

7 Лк. 1:32, 33 Вялікае будзе Яго валадаранне, і не будзе канца супакою на пасадзе Давіда, і над Яго царствам, каб Ён умацаваў яго і ўгрунтаваў на законе і справядлівасці адгэтуль і навечна: руплівае апекаванне Госпада Магуццяў учыніць гэта.

8Паслаў Госпад слова на Якуба, а ўпала яно на Ізраэль.

9І даведаецца ўвесь народ: эфраімцы і жыхары Самарыі, якія кажуць з пыхаю і ганарыстасцю сэрца:

10«Цагліны разваліліся — дык адбудуем з часанага каменя; сікаморы ссечаны — дык заменім кедрамі!»

11Але Госпад падняў ворагаў на яго ды непрыяцеляў яго абудзіў:

12сірыйцаў ад усходу, а філістынцаў з захаду, якія жэрлі Ізраэль поўнай пашчай. Па ўсім гэтым не спыніўся гнеў Яго і рука Яго ўсё яшчэ выцягнута.

13І народ не павярнуўся да Таго, Хто б’е яго, не пачалі яны шукаць Госпада Магуццяў.

14 Іс. 19:15 І адрэзаў Госпад Ізраэлю галаву і хвост, у адзін дзень — пальму і трыснёг.

15Старэйшына і магнат — гэта галава, а хвост — гэта прарок, які навучае ашуканству.

16Правадыры гэтага народа — зводнікі, і тыя, кім яны кіравалі, загінулі.

17Таму Госпад не пашкадуе яго юнакоў, ані злітуецца над яго сіротамі і ўдовамі; бо кожны — бязбожны і ліхі, і кожныя вусны гавораць глупства. Па ўсім гэтым не спыніўся гнеў Яго, а рука Яго аж дагэтуль выцягнута.

18Разгарэлася бязбожнасць, быццам пажар, які з’ядае калючкі і церні; і ўспыхвае ў гушчары лесу, і круцяцца клубы дыму.

19Ад гневу Госпада Магуццяў загараецца зямля, і народ — быццам пажыва для агню, чалавек не шкадуе брата свайго.

20І паглынае ён праваруч, але церпіць голад; з’ядае леваруч — і не наядаецца; кожны жарэ цела блізкага свайго:

21Манаса — Эфраіма, а Эфраім — Манасу, і разам яны — супраць Юдэі. Па гэтым усім не спыніўся гнеў Яго, але рука Яго аж дагэтуль выцягнута.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help