Кніга Баруха 3 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1«Усемагутны Госпадзе, Божа Ізраэля, душа ў прыгнёце і дух прыгнечаны прызывае Цябе.

2Выслухай, Госпадзе, і злітуйся, бо зграшылі мы перад Табой;

3бо Ты трываеш навек, і мы вечна гінем.

4Усемагутны Госпадзе, Божа Ізраэля, выслухай зараз малітву памерлых Ізраэля ды сыноў тых, якія зграшылі перад Табою, якія не паслухаліся голасу Госпада, Бога свайго, і нахлынулі на нас няшчасці.

5Не памятай правіннасцей бацькоў нашых, але памятай пра руку Тваю цяпер і пра імя Тваё,

6бо Ты ёсць Госпад, Бог наш, і хваліць Цябе будзем, Госпадзе,

7таму што Ты даў боязь Тваю сэрцам нашым, каб прызывалі мы імя Тваё; ды будзем хваліць Цябе ў няволі нашай, бо адварочваем ад сэрцаў нашых усякую злачыннасць бацькоў нашых, якія зграшылі перад Табою».

8Вось, мы сёння ў няволі нашай, дзе разагнаў нас на пасмешышча, ды на праклён, ды на ачышчэнне за ўсе злачынствы бацькоў нашых, якія адступілі ад Госпада, Бога нашага.

9Слухай, Ізраэлю, загады жыцця: вазьмі ў вушы, каб пазнаць разважлівасць.

10Што сталася, Ізраэлю? Чаму апынуўся ты ў зямлі непрыяцеляў?

11Састарэў ты ў зямлі чужой, знішчаны ты нароўні з памерлымі, залічаны да тых, што сыходзяць у цемру.

12Пакінуў ты крыніцу разважлівасці!

13Калі б хадзіў ты па дарозе Божай, жыў бы ў супакоі вечна.

14Навучыся, дзе ёсць разважлівасць, дзе ёсць мужнасць, дзе ёсць розум, каб пазнаць адначасова, дзе ёсць доўгае і шчаслівае жыццё, дзе ёсць святло вачам і супакой.

15Хто знайшоў яе месца? І хто ўвайшоў у яе скарбоўню?

16Дзе ёсць валадары народаў ды тыя, што валадараць над звярамі дзікімі, якія знаходзяцца на зямлі,

17тыя, што забаўляюцца з птушкамі паднебнымі,

18тыя, што збіраюць срэбра і золата, на якіх спадзяюцца людзі, ды няма канца сквапнасці іх; якія апрацоўваюць срэбра ды сумуюць, ды няма канца іх працы?

19Зніклі яны ды ў цемру сышлі, а іншыя на іх месца прыйшлі.

20Маладыя ўбачылі святло і абжыліся на зямлі; а дарогі разважлівасці не пазналі,

21ані не зразумелі сцежак Яго, ані не прынялі яе сыны іх, і далёка ад дарогі яе апынуліся,

22і не чулі аб ёй у Ханаане, і не бачылі яе ў Тэмане.

23Таксама сыны Агар шукаюць мудрасці на зямлі, гандляры Мэрана і Тэмана, і басняры, і даследчыкі разважлівасці: дарогі, аднак, да разважлівасці не пазналі ды не ўспамінаюць аб сцежках яе.

24О Ізраэлю, які вялікі ёсць дом Божы, ды якое вялікае ўладанне Яго!

25Вялікі і не мае канца, высокі і бязмежны.

26 Род. 6:4 Там былі гіганты слаўныя, яны былі ад пачатку, рослыя ды здатныя да бою.

27Не іх выбраў Бог і не ім даў шлях настаўлення,

28і пагінулі, бо не мелі разважлівасці, папрападалі дзеля сваёй неразумнасці.

29Хто падняўся ў неба і ўзяў яе, ды прывёў яе з хмараў?

30Хто праплыў мора і знайшоў яе, і хто прывязе яе замест чыстага золата?

31Няма нікога, хто б знайшоў яе дарогу ды хто б адзначыў яе сцежку.

32Але Той, Хто ведае ўсё, ведае яе, знойдзе яе Сваёю разважлівасцю; Хто заснаваў зямлю на час вечны ды запоўніў яе жывёламі чатырохногімі,

33Хто паслаў святло – і пайшло яно, пазваў яго – і паслухалася яно Яго з трымценнем.

34А зоркі свецяць на сваіх вартах і цешацца.

35Паклікаў іх – і яны адказалі: «Мы тут»; свецяць з радасцю Таму, Хто іх стварыў.

36Ён – Бог наш, ніхто іншы не зможа з Ім зраўнавацца.

37Прасачыў Ён усе дарогі настаўлення і даў яго паслугачу Свайму Якубу і Ізраэлю, міламу Свайму.

38 Ян. 1:14 Потым убачана была на зямлі і пачала яна прабываць сярод людзей.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help