Кніга Юдыт 10 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1І сталася, калі перастала прызываць Бога Ізраэля і закончыла ўсе гэтыя словы,

2паднялася з прыгнёту свайго, і паклікала сваю паслугачку, ды пайшла ў свой дом, дзе прабывала ў суботы і святочныя дні свае.

3І зняла зрэбніцу, у якую была апранута, і зняла з сябе адзенне ўдаўства свайго, і памыла цела сваё ў вадзе, і намасцілася духмянасцямі, і расчасала валасы на сваёй галаве, і ўсклала на галаву сваю мітру ды ўбралася ў адзенне прыгажосці сваёй, у якое ўбіралася ў дні жыцця мужа свайго Манасы.

4І абула на свае ногі сандалі, і надзела нажныя кольцы, і бранзалеты, і пярсцёнкі, і завушніцы, і ўсе свае ўпрыгожанні, ды занадта ўпрыгожыла сябе, каб звярнуць на сябе вочы мужчын, якія яе ўбачаць.

5І дала нявольніцы сваёй бурдзюк з віном, і пасудзіны з аліўкавым алеем, і напоўніла торбу ячменнай кашай, і кавалкамі фігавымі, і хлебам, і сырамі; звязала ўсе гэтыя пасудзіны і дала ёй.

6І пайшлі да брамы горада Бэтуліі, і там сустрэлі Осію і старэйшын горада Бэтуліі, што стаялі там, Хабрына і Харміна.

7Калі яны ўбачылі яе, і зменены быў выгляд яе, і зменена адзенне, здзівіліся надта і сказалі ёй:

8«Хай Бог бацькоў нашых падаруе табе Сваю ласку і хай споўніць твае намеры на славу сыноў Ізраэля і для ўзвышэння Ерузаліма».

9І яна, упаўшы на твар, пакланілася Богу і сказала ім: «Загадайце адкрыць мне гарадскую браму, каб пайсці і споўніць намеры, аб чым гаварылі вы са мною». І загадалі юнакам адкрыць ёй браму, як гаварылі,

10і так зрабілі. І выйшла Юдыт сама і нявольніца яе з ёю; і наглядалі за ёй мужы горада, як узышла на ўзгорак, як прайшла лагчыну, і далей не бачылі яе.

11І ішлі ў лагчыну напрасткі, і сустрэла іх першая асірыйская варта.

12І затрымалі яе, і запыталі яе: «Чыя ты, і адкуль ідзеш, і куды ідзеш?» І сказала яна ім: «Я дачка гебраяў, і ўцякаю ад іх, бо выдадзены яны вам на здабычу.

13І іду да Галафэрна, кіраўніка вашага моцнага войска, каб яму перадаць словы праўды, ды пакажу яму дарогу, якою ідучы, авалодае ўсімі ўзгоркамі, і не згіне з людзей яго ніводзін чалавек, ані жывая душа».

14І калі ваяры пачулі словы яе і агледзелі твар яе – і была яна ў вачах іх проста цудоўная абліччам – сказалі ёй:

15«Захавала ты жыццё сваё, на дабро спяшаючыся да гаспадара нашага. І цяпер ідзі ў палатку яго, і некаторыя з нас праводзяць цябе, пакуль даставяць цябе ў яго рукі.

16А калі станеш перад ім, не май страху ў сваім сэрцы, але паўтары яму словы твае, і ён добра абыдзецца з табой».

17І выбралі паміж сябе сто ваяроў, і праводзілі яе і яе нявольніцу ды завялі ў палатку Галафэрна.

18І па ўсім лагеры сабраліся людзі, бо па ўсіх палатках разнеслі вестку аб яе прыбыцці. Дык збегліся яны і акружылі яе, калі стаяла яна каля палаткі Галафэрна, пакуль паведамілі яму аб ёй.

19І дзівіліся яны на прыгажосць яе, ды слухалі словы яе, што былі надта мілыя, і хвалілі сыноў Ізраэля дзеля яе. І кожны казаў блізкаму свайму: «Хто можа пагарджаць такім народам, які мае ў сябе такіх жанчын? Нельга бо, каб застаўся хоць адзін мужчына з іх, што могуць падмануць увесь свет».

20І выйшлі ўсе пакаёвыя Галафэрна і ўсе паслугачы яго, і ўвялі яе ў яго палатку.

21І Галафэрн адпачываў на ложку сваім пад палогам, што быў з пурпуру і быў вытканы золатам, і ізумрудам, і найкаштоўнейшымі камянямі.

22І паведамілі яму аб ёй. Калі ён пачуў, выйшаў у прысенак палаткі, і перад ім неслі вельмі шмат срэбраных лямпаў. І ўвялі яе да яго.

23А калі Юдыт стала перад ім і перад яго паслугачамі, усе пахвалілі прыгажосць аблічча яе; і яна, упаўшы на твар, пакланілася яму, і паслугачы яго паднялі яе.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help