Першая кніга Самуэля Раздзел 11 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1І вырушыў Наас Аманеец, і пачаў ваяваць супраць горада Явіс у Галаадзе. І сказалі Наасу ўсе жыхары Явіса: «Заключы з намі саюз, і мы будзем служыць табе».

2І Наас Аманеец адказаў ім: «Заключу з вамі саюз з гэтаю ўмовай, што кожнаму з вас выкалю правае вока і выстаўлю вас на пасмяянне перад усім Ізраэлем».

3І адказалі яму старэйшыны Явіса: «Дай нам сем дзён, каб мы маглі разаслаць пасланцоў ва ўсе межы Ізраэля; і калі не будзе нікога, хто абароніць нас, мы выйдзем да цябе».

4І прыбылі пасланцы ў Габу, горад Саўла, і сказалі прамову перад усім народам; і залямантаваў увесь народ, і заплакаў.

5І вось, Саўл прыгнаў валоў з поля і сказаў: «Што здарылася, што народ плача?» І расказалі яму словы людзей з Явіса.

6І сышоў на Саўла Дух Госпадаў, калі пачуў ён гэтыя словы; і ахапіў яго гнеў страшэнны.

7І, узяўшы пару валоў, ён пасек іх на часткі і паслаў праз рукі пасланцоў ва ўсе межы Ізраэля, кажучы: «Хто не выйдзе і не пойдзе за Саўлам і Самуэлем, так станецца з яго валамі». І ахапіў страх Госпадаў народ, і выйшлі яны ўсе, як адзін чалавек.

8І ён палічыў іх у Бэзэку: і было трыста тысяч сыноў Ізраэля; а ваяроў Юды было трыццаць тысяч.

9І сказаў ён пасланцам, якія прыбылі: «Так скажыце жыхарам Явіса ў Галаадзе: “Заўтра, калі сонца прыгрэе, прыйдзем вас ратаваць”». І вярнуліся пасланцы, і расказалі гэта жыхарам Явіса, а тыя вельмі ўсцешыліся

10і сказалі: «Раніцай мы выйдзем да вас, і вы, што захочаце, зробіце нам».

11І сталася, калі прыйшоў наступны дзень, што Саўл падзяліў народ на тры часткі, і яны на світанні ўварваліся ў сярэдзіну лагера і забівалі аманіцян да дзённай спякоты. А астатнія рассеяліся так, што не засталося сярод іх двух разам.

12 1Сам. 10:27 І казаў народ Самуэлю: «Хто гэта казаў: “Ці можа Саўл цараваць над намі?” Аддайце нам гэтых людзей, і мы заб’ём іх».

13І Саўл сказаў: «Ніхто не будзе забіты ў гэты дзень, бо сёння Госпад учыніў збаўленне для Ізраэля».

14А Самуэль сказаў народу: «Хадземце, пойдзем у Галгал і там адновім уладу царскую».

15І вырушыў увесь народ у Галгал, і ўстанавілі там царом Саўла перад Госпадам у Галгале, і там склалі ахвяры прымірэння перад Госпадам. І ўсцешыўся там вельмі Саўл і ўсе жыхары Ізраэля.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help