1Яны таксама прыбылі да Давіда ў Сікэлаг, калі ён яшчэ хаваўся ад Саўла, сына Кіса; яны былі наймацнейшымі і выдатнымі ваярамі,
2мелі лукі, маглі правай і левай рукой кідаць камяні і пускаць стрэлы. З братоў Саўла і Бэньяміна:
3кіраўнік Ахіязэр і Ёас — сыны Самаа, Габаатыты, і Язіэль, і Палет, сыны Азмавэта, і Барах, і Егу, Анатаціты.
4Таксама Есмая Габааніт, наймужнейшы сярод трыццаці і над трыццаццю, Ярэмія, і Яхазіэль, і Ёханан, і Ёзабад, Гадэраціты.
5Элюзай, і Ерымот, і Баалі, і Самарыя, і Сафація — Гаруфіты.
6Элькана, і Ясія, і Азарыэль, і Ёэзэр, і Есбаам — Карыты,
7таксама Ёэла і Забадзія — сыны Ерахама з Гэдора.
8Але і з Гада перабеглі да Давіда, калі ён хаваўся ў пустыні, мужы найдужэйшыя і найлепшыя ваяры, якія карысталіся шчытом і дзідай; выглядалі, як ільвы, і скараходы, як дзікія козы ў гарах;
9кіраўніком быў Эзэр, другім — Абдзія, трэцім — Эліяб,
10Масмана — чацвёртым, Ярэмія — пятым,
11Этэй — шостым, Эліэль — сёмым,
12Ёханан — восьмым, Эльзэбад — дзевятым,
13Ярэмія — дзесятым, Махбанай — адзінаццатым.
14Гэтыя з сыноў Гада — кіраўнікі войска, найменшы сотню перамагаў, і найбольшы — тысячу.
15Яны тыя, што перайшлі Ярдан у першым месяцы, калі ён звычайна заліваў свае берагі, і яны тыя, што змусілі ўцякаць усіх жыхароў нізін на ўсход і захад.
16Прыйшлі ж да крэпасці Давіда некаторыя з сыноў Бэньяміна і Юды.
17І Давід выйшаў да іх і сказаў: «Калі з мірам прыходзіце да мяне, каб дапамагчы мне, сэрца маё далучаецца да вас; а калі з подступам, каб выдаць перад маімі праціўнікамі, то, хоць рукі мае чыстыя ад беззаконня, хай бачыць Бог бацькоў нашых і судзіць».
18Тады дух авалодаў Амасаем, кіраўніком над трыццаццю, і ён сказаў: «Мы твае, Давідзе, і мы з табой, сыне Ясэя! Мір, мір табе, і мір памочнікам тваім; хай дапамагае табе Бог твой». Такім чынам, прыняў іх Давід і паставіў кіраўнікамі над дружынай.
19 1Сам. 29:4-11 Потым з пакалення Манасы перабеглі да Давіда, калі ён ішоў з філістынцамі ваяваць з Саўлам; і не змагаўся з імі, бо кіраўнікі філістынскія, па нарадзе, адаслалі яго, кажучы: «Небяспекаю на нашу галаву вернецца да гаспадара свайго Саўла».
20Калі ён вярнуўся ў Сікэлаг, перабеглі да яго з пакалення Манасы: Эдна, і Ёзабад, і Ядзігэль, і Міхаэль, і Ёзабад, і Элію, і Сэлетай, і кіраўнікі над тысячамі ў Манасы;
21яны дапамаглі Давіду супраць разбойнікаў; бо яны ўсе былі наймужнейшымі ваярамі ды сталі кіраўнікамі войска.
22Але і кожны дзень прыбывалі да Давіда на дапамогу яму, аж пакуль войска яго не стала вялікім, як Божае войска.
23Гэта таксама лік кіраўнікоў войска, што далучыліся да Давіда, калі ён быў у Геброне, каб перанеслі ўладу Саўла на яго па слове Госпада:
24сыны Юды, якія карысталіся шчытам і дзідай, — шэсць тысяч восемсот здольных ваяваць.
25З сыноў Сімяона, наймужнейшых ваяроў, здольных ваяваць, — сем тысяч сто.
26З сыноў Леві — чатыры тысячы шэсцьсот;
27таксама Ёяда, кіраўнік з нашчадкаў Аарона, і з ім — тры тысячы семсот;
28таксама Садок, юнак наймужнейшы, разам са сваім родам, — дваццаць два кіраўнікі.
29З сыноў жа Бэньяміна, братоў Саўла, — тры тысячы, бо мноства іх аж да гэтага часу заставалася на службе ў Саўла.
30Затым з сыноў Эфраіма — дваццаць тысяч восемсот найдужэйшых па сіле ваяроў, праслаўленых у сваіх родах.
31З паловы пакалення Манасы — васемнаццаць тысяч; усе яны па імёнах сваіх былі вызначаны, каб ісці і паставіць Давіда царом.
32Таксама з сыноў Ісахара, людзей адукаваных, якія ведаюць адпаведны час, што належыць рабіць Ізраэлю, дзвесце кіраўнікоў разам са сваімі братамі ў іх распараджэнні.
33Затым з Забулона, якія выходзілі на бой і стаялі ў страі, спрактыкаваныя ва ўсякай баявой зброі, — пяцьдзесят тысяч прыбыло, каб сабрацца, са шчырым сэрцам.
34І з пакалення Нэфталі — тысяча кіраўнікоў; і з імі трыццаць сем тысяч узброеных шчытом і дзідай.
35Таксама з пакалення Дана падрыхтаваных да бою — дваццаць восем тысяч шэсцьсот.
36І з пакалення Асэра, гатовых да бою і тых, хто выступае ў страі, — сорак тысяч.
37З другога ж боку Ярдана: з сыноў Рубэна і Гада, і паловы пакалення Манасы, вывучаных карыстацца ўсякай баявой зброяй, — сто дваццаць тысяч.
38Усе гэтыя ваяры, падрыхтаваныя да бою, са шчырым сэрцам прыбылі ў Геброн, каб Давіда паставіць царом над усім Ізраэлем; але і ўсе іншыя з Ізраэля аднадушна хацелі, каб Давід быў царом.
39І прабывалі там з Давідам тры дні, елі і пілі, бо браты іх прыгатавалі ім ежу.
40А таксама тыя, хто каля іх быў, аж да Ісахара і Забулона, і Нэфталі — прывозілі ім хлеб на аслах, і на вярблюдах, і на мулах, і на валах: мучную ежу, фігі, разынкі, віно, аліўкавы алей, жывёлу і авечак, дзеля ўсякага дастатку, бо была радасць у Ізраэлі.
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.
