Кніга Лічбаў Раздзел 20 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1 Вых. 17:1-7 У першы месяц сыны Ізраэля і ўся супольнасць прыбылі ў пустыню Сін, і затрымаўся народ у Кадэсе. І там памерла Мірыям, і была яна пахавана ў тым самым месцы.

2І, калі ў народа не было вады для піцця, выступілі яны супраць Майсея і Аарона,

3і, усхваляваўшыся, яны казалі: «Лепш бы мы загінулі разам з братамі нашымі перад Госпадам!

4Навошта вывелі вы супольнасць Госпадаву ў пустыню, каб мы разам з нашай жывёлай загінулі?

5Навошта вы прымусілі нас выйсці з Егіпта і завялі нас у гэтае месца найгоршае, дзе сеяць нельга, дзе фігавае дрэва не расце, ані вінаград, ані дрэвы гранатавыя, і нават вады няма для піцця?»

6Майсей і Аарон, адышоўшы ад натоўпу, прыйшлі да ўваходу ў палатку сустрэчы і ўпалі ніц на зямлю, і з’явілася слава Госпадава над імі.

7І сказаў Госпад Майсею, кажучы:

8«Вазьмі кій, і ты, і Аарон, брат твой, збярыце народ і скажыце скале, што перад вамі, а яна дасць вады. І калі пацячэ з яе вада, прывядзі грамаду і яе жывёлу».

9Дык Майсей па загадзе Госпада ўзяў кій, што быў перад абліччам Госпада, як Ён загадаў яму.

10Майсей і Аарон сабралі народ перад скалою і сказалі яму: «Слухайце, бунтаўнікі! Ці зможам мы з гэтай скалы вывесці ваду для вас?»

11І калі ўзняў Майсей руку, ударыўшы кіем два разы ў скалу, выйшлі воды найбагацейшыя, так што напіўся і народ, і жывёла.

12І сказаў Госпад Майсею і Аарону: «За тое, што не паверылі вы Мне, каб выявіць Маю святасць перад сынамі Ізраэля, не ўвядзеце гэтых людзей у зямлю, якую Я даў ім».

13Гэта вада Мэрыбы, дзе ўзбунтаваліся сыны Ізраэля супраць Госпада і дзе Ён выявіў Сваю святасць перад імі.

14З Кадэса паслаў Майсей паслоў да цара Эдома, каб яны сказалі: «Так кажа брат твой, Ізраэль: “Ты ведаеш усе беды, якія ахапілі нас,

15калі перабраліся бацькі нашы ў Егіпет і мы пражылі там шмат часу, і як егіпцяне вынішчалі нас і бацькоў нашых,

16і як мы клікалі Госпада, і як выслухаў Ён нас, і паслаў Анёла, Які вывеў нас з Егіпта. І вось мы ў горадзе Кадэсе, што знаходзіцца пры межах тваіх, размясціліся

17 Ліч. 21:22 і просім, каб нам дазволена было прайсці праз зямлю тваю: не пойдзем мы праз палі і вінаграднікі, і не будзем піць ваду са студняў тваіх; але пойдзем дарогай царскай, не адхіляючыся ані ў правы, ані ў левы бок, пакуль не мінём межаў тваіх”».

18Адказаў ім Эдом: «Не ідзі праз мяне, бо перайму цябе са зброяй».

19І сказалі сыны Ізраэля: «Мы пойдзем бітаю дарогай, а калі будзем піць ваду, мы і жывёла наша, заплацім, што належыць: не будзе ніякай цяжкасці з платай; мы толькі хутка пройдзем».

20Але Эдом адказаў: «Не пройдзеце!» І адразу выйшаў Эдом супраць іх з безліччу войска і добра ўзброены,

21і забараніў Эдом Ізраэлю, каб ён пераходзіў межы яго; дык Ізраэль накіраваўся ў іншы бок ад яго.

22І калі яны зняліся з лагера з Кадэса, яны прыбылі пад гару Гор, дзе

23сказаў Госпад Майсею і Аарону, — там, на гары Гор, што знаходзіцца на мяжы зямлі Эдома:

24«Хай Аарон, — сказаў Ён, — будзе далучаны да народа свайго, бо ён не ўвойдзе ў зямлю, якую Я даў сынам Ізраэля, таму што вы бунтавалі супраць волі Маёй ля водаў Мэрыбы.

25Вазьмі Аарона і сына яго Элеязэра і завядзі іх на гару Гор.

26І калі здымеш з бацькі адзенне яго, апрані ў яго Элеязэра, сына яго: Аарон хай адыдзе і там памрэ».

27Майсей зрабіў, як Госпад загадаў; узышлі яны на гару Гор у прысутнасці ўсёй супольнасці.

28 Вых. 29:29; Ліч. 33:38; Паўт. Зак. 10:6 І калі Аарон скінуў шаты свае, ён апрануў у іх Элеязэра, сына яго. Калі памёр Аарон на вяршыні гары, Майсей з Элеязэрам сышлі ўніз.

29А калі ўся супольнасць Ізраэля ўбачыла, што памёр Аарон, плакаў аб ім увесь дом Ізраэля трыццаць дзён.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help