1І ў васемнаццатым годзе дваццаць другога дня першага месяца да Набукаданосара, цара асірыйцаў, прыйшла вестка ад магнатаў, што ён маніцца адпомсціць, як сказаў, усёй зямлі.
2І склікаў усіх сваіх паслугачоў ды ўсіх сваіх магнатаў, і выдаў ім тайны свой намер, і сваімі вуснамі прадказаў усё гора зямлі;
3і яны рашылі знішчыць кожнага з тых, хто не паслухаўся слова яго вуснаў.
4І сталася, калі скончыў сваю нараду, Набукаданосар, цар асірыйцаў, паклікаў Галафэрна, кіраўніка войска свайго, які займаў па ім другое месца,
5і сказаў яму: «Гэта кажа вялікі цар, валадар усяе зямлі: вось жа, ты пойдзеш ад майго імя ды возьмеш з сабой мужоў, упэўненых у сваіх сілах, са ста дваццаццю тысячамі пешых ды з мноствам коней, і з дванаццаццю тысячамі коннікаў;
6ды вырушыш супраць усёй зямлі на захад, бо не паверылі загаду маіх вуснаў.
7І абвесціш ім, каб прыгатавалі мне зямлю і ваду, бо я прыйду са злоснасцю сваёй да іх, ды пакрыю ўсю паверхню зямлі нагамі моцы маёй, ды аддам іх на здабычу,
8і параненыя іх запоўняць даліны іх, і кожны ручай і рака запоўняцца іх трупамі.
9І павяду іх палонных на край усёй зямлі.
10Ты ж пойдзеш, і зоймеш для мяне ўсю зямлю аж да межаў, і яны скарацца табе, і ты іх захаваеш для мяне на дзень абвяржэння іх.
11А тых, што не паслухаюць, хай не шкадуе тваё вока, каб аддаць іх на вынішчэнне і на здабычу ва ўсёй зямлі тваёй,
12бо жыццём маім і моцай царства майго сказаў я і правяду ўсё гэта маёю рукой.
13І ты не прапусціш ніводнага слова валадара твайго, але споўніш, як загадаў я табе, ды не замарудзіш, каб гэта выканаць».
14І Галафэрн адышоў спрад аблічча валадара свайго, і сазваў усіх князёў, і кіраўнікоў, і намеснікаў асірыйскага войска,
15і набраў адборных ваяроў у паход, як яму загадаў яго валадар: сто дваццаць тысяч, а коннікаў і лучнікаў дванаццаць тысяч.
16І паставіў іх у баявым парадку, як рыхтуецца войска да бітвы.
17І разам узяў вярблюдаў, і аслоў, і мулаў на патрэбы іх – вельмі шмат, і авечак, і валоў, і коз безліч ім на харчаванне,
18прытым на кожнага чалавека многа ежы, і надта многа золата і срэбра з палаца царскага.
19І адправіўся з Нінівы сам і ўсё войска яго ў паход, папераджаючы цара Набукаданосара, каб пакрыць усю паверхню зямлі на захад калясніцамі, і коннікамі, і адборнымі пешымі сваімі.
20І вялікая мешаніна пайшла з імі, як саранча і як пясок зямлі; не злічыць мноства іх.
21І выйшлі яны з Нінівы, ідучы тры дні ў напрамку раўніны Бэктылет, і над Бэктылетам паставілі палаткі свае каля гары, што налева ад верхняй Цыліцыі.
22Затым узяў Галафэрн усё войска сваё, пешых, і коннікаў, і свае калясніцы, і адышоў адтуль у нагор’і,
23і разбіў Пут і Луд, і абрабаваў усіх сыноў Расіса і сыноў Ізмаэля, якія пражывалі насупраць пустыні на поўдзень ад хелеяў.
24І пераправіўся праз Эўфрат, і прайшоў праз Месапатамію, і разбурыў усе гарады ўзвышнія над ручаём Абронай, і дабраўся да мора.
25І здабыў зямлю Цыліцыі, і разбіў усіх, хто яму супрацівіўся, ды дайшоў аж да паўднёвых граніц Яфэта, насупраць Арабіі.
26І акружыў усіх сыноў Мадыяна, і спаліў іх палаткі ды захапіў іх статкі.
27І спусціўся на раўніну Дамаска ў час жніва пшаніцы, і спаліў усе іх пасевы; авечак і жывёлу знішчыў, і гарады іх абрабаваў, і спустошыў іх зямлю, і ўсіх юнакоў іх знішчыў вастрыём меча.
28І страх і жах ахапілі усіх прыморскіх жыхароў, што пражывалі ў Сідоне і Тыры, і жыхароў Сура і Ахіна ды ўсіх жыхароў Ямніі; і жыхары Азота і Аскалона і Газы надта перапалохаліся.
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.
