Эклезіясціка (Мудрасць Ісуса, сына Сіраха) 6 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1Не шкодзь ані ў малым, ані ў вялікім і не станавіся прыяцелем ворагу. Бо ліхое імя, і ўпіканне, і ганьбу атрымаеш: так кожны грэшнік і крывадушнік ненавісны і двуязычны.

2Не вынось сябе ў думках сваёй душы, як вол, каб часам не выявілася моц твая дурасцю:

3і лісты твае змарнуе, і плады знішчыць, і застанешся, як сухое дрэва ў пустыні.

4Ліхая бо душа загубіць таго, хто яе мае, і зробіць яго пасмешышчам для ворагаў, і давядзе да лёсу бязбожных.

5Салодкія вусны памнажаюць прыяцеляў і ўлагоджваюць ворагаў, і мілагучны язык кажа прывітанне.

6Тых, хто жыве з табой мірна, можа быць многа, а дарадчыкам тваім можа быць адзін з тысячы.

7Калі хочаш набыць прыяцеля – набудзь яго ў выпрабаванні і не з лёгкасцю павер яму.

8Бывае бо прыяцель сябрам у патрэбны яму час і не застаецца – у дзень тваёй бяды.

9І бывае прыяцель, які пераходзіць да непрыязнасці і выяўляе звадку на тваю ганьбу.

10Бывае прыяцель як сябар пры стале і не вытрывае ў дзень тваёй бяды;

11у дабрабыце тваім будзе ён табе роўны і з хатнімі тваімі будзе давераны,

12а калі ты будзеш упакораны – абернецца супраць цябе ды схаваецца ад цябе.

13Ад ворагаў сваіх ухіляйся і будзь асцярожным з сябрамі сваімі.

14Верны сябар – магутная абарона, і хто яго знайшоў – скарб знайшоў.

15Вернаму сябру няма цаны ды няма вагі для яго дабрыні.

16Верны сябар – лекі для жыцця; той, хто баіцца Госпада, – знойдзе яго.

17І хто баіцца Госпада, будзе мець таксама сяброўства Яго, бо які Ён Сам, такім будзе Яго сябар.

18 Высл. 22:6 Сыне, ад маладосці сваёй старайся вучыцца, ды аж да сівізны шукай мудрасці.

19Як араты і сейбіт набывай яе і захавай добрыя яе плады.

20Бо ў справе яе трошкі папрацуеш і хутка будзеш спажываць яе плады.

21Для неадукаваных людзей мудрасць амаль недаступная, і неразумны не вытрымае ў ёй.

22Яна будзе на ім, як цяжкі камень выпрабавання, і ён не замарудзіць скінуць яе.

23Мудрасць адпавядае імю свайму і толькі нямногім адкрываецца; а хто яе пазнаў, застаецца перад абліччам Божым.

24Слухай, сыне, і прымі меркаванне маё, ды не адкідвай рады маёй.

25Накладзі на ногі твае путы яе і на шыю сваю – ланцуг яе;

26падстаў плячо сваё і насі яе, і не курчыся на ціск яе.

27Усёю душою прытуліся да яе ды беражы яе шляхі ўсёю сілаю сваёй.

28Наглядай і сачы, шукай – і знойдзеш, і, схапіўшы, не пакідай яе.

29Бо ў канцы знойдзеш супачынак у ёй, і яна абернецца ў радасць табе.

30І путы яе будуць для цябе моцнаю абаронаю, ды ланцуг яе – шатамі славы,

31бо залатая на ёй аздоба і путы яе – гіяцынтавыя ніткі.

32 Высл. 4:9 Адзенеш яе шатамі славы ды ўскладзеш на сябе вянец радасці.

33Сыне, калі будзеш хацець яе – навучышся, ды калі прыладзіш душу сваю – будзеш мудры.

34Калі з любоўю будзеш слухаць, то навучышся; і калі нахіліш вуха сваё – мудры будзеш.

35Стань на сходзе старэйшын і сэрцам далучыся да мудрасці іх, каб ахвотна слухаць усякую размову Божую, і разумныя прыказкі хай прыцягваюць увагу тваю.

36Ды калі ўбачыш разумнага, пільнуй яго, ды нага твая хай сцірае парог дзвярэй яго.

37 Пс. 1:2 Разважай пра прыказанні Божыя і да загадаў Яго будзь надта пільны; і Ён Сам умацуе сэрца тваё, і прагнасць да мудрасці будзе дадзена табе.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help