Кніга Нэгэміі Раздзел 6 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1Сталася ж, калі Санабалат, і Тобія, і Гасэм араб ды іншыя нашы ворагі пачулі, што я адбудаваў мур і не засталося на ім выломаў, — але аж да гэтага часу не паставіў яшчэ дзвярэй у брамах, —

2тады Санабалат і Гасэм паслалі да мяне, кажучы: «Прыйдзі, і сустрэнемся ў Цэпірыме, у даліне Она». Яны ж надумалі зрабіць мне ліха.

3Але я паслаў да іх вестуноў сказаць: «Раблю я вялікую работу і не магу пайсці; навошта спыняцца працы, калі я спынюся і пайду да вас?»

4А пасылалі яны да мяне чатыры разы з гэтым запрашэннем, і я адмаўляў ім, як і раней.

5І прыслаў да мяне Санабалат тое ж самае запрашэнне ў пяты раз праз паслугача свайго, і ў руцэ яго быў ліст незапячаткаваны,

6у якім было напісана: «Чуецца між народамі і Гасэм казаў, што ты і юдэі маніцеся зноў ваяваць і таму ты будуеш мур і хочаш стаць царом над імі; паводле гэтае весткі

7паставіў ты і прарокаў, якія прадказваюць пра цябе ў Ерузаліме, кажучы: “Цар ёсць у Юдэі!” Вось жа, цар пачуе гэтыя словы; таму зараз прыйдзі, каб параіліся мы разам».

8І я паслаў яму адказ: «Нічога такога не было, што кажаш; выдумляеш ты гэта ў сваім сэрцы».

9Бо ўсе яны нас страшылі, думаючы: «Змучаюцца іх рукі ад работы, і не скончаць». З гэтае прычыны тым больш умацаваў я рукі свае.

10І ўвайшоў я ў дом Сямэі, сына Далаі, сына Мээтабэля, дзе ён затрымаўся. Ён сказаў: «Пойдзем з намі ў дом Божы, у сярэдзіну святыні, і замкнём браму будынка, бо прыйдуць, каб забіць цябе; абавязкова ноччу прыйдуць, каб забіць цябе».

11І я сказаў: «Ці можа хтосьці, падобны да мяне, уцякаць? І хто, падобны да мяне, увойдзе ў святыню, каб захаваць жыццё? Не ўвайду».

12І я зразумеў, што не Бог прыслаў яго, але сказаў ён гэта прароцтва пра мяне, бо яго перакупілі Тобія і Санабалат.

13Бо ён быў куплены, каб я спалохаўся і зграшыў, і каб меў няславу, а яны маглі мяне за гэта зневажаць.

14Памятай, Божа мой, пра Тобію і Санабалата паводле такіх іх учынкаў, а таксама пра прарока Наадзію і іншых прарокаў, якія хацелі мяне напалохаць!

15А ў дваццаць пяты дзень месяца Элул мур быў адноўлены, па пяцідзесяці двух днях.

16Такім чынам, сталася: калі пра гэта пачулі ўсе ворагі нашы і калі ўсе пагане, што былі вакол нас, убачылі, тады ўпалі яны ў вачах сваіх і пазналі, што гэта праца выканана Богам.

17Але і ў тыя дні многа лістоў было паслана магнатамі юдэйскімі да Тобіі, і ад Тобіі прыходзілі да іх.

18Бо многія ў Юдэі звязаліся прысягай з ім, бо быў ён зяцем Сахэніі, сына Арэ, і Ёганан, сын яго, узяў дачку Масалы, сына Барахіі.

19Але і яны хвалілі яго перада мной, і словы мае перадавалі яму; і Тобія пасылаў лісты, каб застрашыць мяне.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help