1 Еш. 21:1-42 Таксама наступнае сказаў Госпад Майсею на раўнінах Мааба каля Ярдана насупраць Ерыхона:
2«Загадай сынам Ізраэля, каб далі левітам у іх уласнасць гарады, у якіх яны б жылі, і палі вакол гарадоў,
3каб самі яны ў гарадах жылі, а палі каб былі для статкаў, і для маёмасці, і для ўсёй іх жывёлы;
4гэтая прастора хай цягнецца ад муроў гарадскіх звонку на тысячу локцяў вакол.
5Адмерайце за горадам дзве тысячы локцяў з боку ўсходняга, дзве тысячы локцяў з боку паўднёвага, дзве тысячы локцяў з боку заходняга і дзве тысячы локцяў з боку паўночнага, каб гарады былі пасярэдзіне, а палі вакол тых гарадоў звонку.
6А з саміх гарадоў, якія аддасце левітам, хай будуць шэсць гарадоў вылучаныя на дапамогу ўцекачам, каб бег у іх той, хто па няведанні праліў кроў; і, апрача гэтых гарадоў, дасце яшчэ сорак два гарады,
7 Еш. 21:41 гэта значыць разам з іх палямі будзе сорак восем гарадоў.
8Пры выбары гарадоў, якія аддасце з уласнасці сыноў Ізраэля, так будзеце вырашаць: ад большага пакалення — большую іх колькасць, ад меншага — меншую; кожнае пакаленне павінна аддаць левітам колькасць гарадоў адпаведна памеру сваёй уласнасці».
9 Паўт. Зак. 19:1-13; Еш. 20:1-9 Далей сказаў Госпад Майсею:
10«Аб’яві сынам Ізраэля і скажы ім: “Калі пяройдзеце праз Ярдан у зямлю Ханаан,
11 Вых. 21:13 выберыце сабе гарады, што маюць быць дапамогай уцекачам, якія, не хочучы, пралілі кроў;
12хай гэтыя гарады будуць вам абаронай ад мсціўцаў, і хай забойца захавае жыццё, пакуль не стане перад судом супольнасці.
13З саміх жа шасці гарадоў, якія будуць вылучаны дзеля дапамогі ўцекачам,
14тры хай будуць за Ярданам, а тры — у зямлі Ханаан як гарады прыбежышча
15як для сыноў Ізраэля, так і для чужаземцаў або падарожнікаў, каб у гэтыя шэсць гарадоў уцякалі тыя, што ненаўмысна пралілі кроў.
16 Вых. 21:12; Святар. 24:17 Калі ж хто ўдарыць каго жалезам, што той памрэ, тады той, хто ўдарыў, — забойца, і сам павінен памерці.
17Калі хто каго каменем ударыў, якім можна забіць, і ўдараны памер, падобна хай будзе пакараны.
18Калі хто каго паленам так ударыў, што той памер, — ён забойца; і сам ён хай будзе пакараны смерцю.
19Мсціўца за кроў хай заб’е забойцу; адразу ж, як зловіць яго, можа яго забіць.
20Калі хто з нянавісці напаў на чалавека, або кінуў у яго штосьці наўмысна, так што той памер,
21або калі хто ў злосці ўдарыў кулаком так, што той памер, тады той, хто ўдарыў, — забойца; і мсціўца за кроў можа яго забіць адразу ж, як сустрэне.
22Калі ж хто выпадкова і без нянавісці ўдарыў каго або кінуў у яго чым-небудзь ненаўмысна,
23або, не бачачы яго, кінуў у яго каменем, які можа забіць, і ўдарыў яго так, што ён памер, але забойца не быў яго ворагам і не жадаў яму ліха,
24то грамада павінна рассудзіць забойцу і мсціўцу за кроў на гэтай аснове,
25і грамада павінна выратаваць забойцу ад рукі мсціўцы за кроў і павінна вярнуць яго ў горад — прыбежышча яго, куды ён уцёк, каб ён там жыў да смерці першасвятара, які памазаны святым алеем.
26Калі ж забойца выйдзе па-за межы горада-прыбежышча, у які ён уцёк,
27і калі мсціўца за кроў сустрэне яго па-за межамі горада прыбежышча і заб’е, тады мсціўца за кроў не вінаваты, што забіў забойцу;
28бо да смерці першасвятара павінен забойца прабываць у горадзе прыбежышча свайго. Па смерці ж першасвятара можа ён вярнуцца да сваёй спадчыны.
29Хай гэта будзе вам законам ва ўсе пакаленні вашы і ва ўсіх месцах пражывання вашага.
30 Паўт. Зак. 17:6; 19:15 Забойцу на падставе слоў сведкаў караюць смерцю; на падставе сведчання аднаго чалавека ніхто на смерць не можа быць асуджаны.
31Нельга прымаць выкуп за душу забойцы, які варты смерці, павінен ён быць пакараны смерцю.
32Не бярыце выкуп, каб уцёк ён у горад прыбежышча свайго, а не каб ён вярнуўся і жыў у сваёй зямлі перш, чым памрэ першасвятар.
33 Род. 9:6 Не паганьце зямлі прабывання вашага, бо кроў паганіць зямлю, і ніяк яна не можа быць ачышчана, як толькі праз кроў таго, хто праліў яе.
34 Вых. 29:45 Не паганьце зямлі, на якой будзеце жыць, бо Я буду жыць з вамі. Бо Я — Госпад, Які жыве сярод сыноў Ізраэля”».
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.
