1 Высл. 1:20, 21 Няўжо гэта не мудрасць усклікае і не разважлівасць падымае голас свой?
2На найвышэйшых вяршынях і на дарозе, на сярэдзіне сцежак стоячы,
3ля брам пры ўваходзе ў горад, у саміх дзвярах усклікае:
4«О людзі, да вас заклікаю, і кліч мой да сыноў чалавечых.
5Пазнайце, прастакі, мудрасць, а неразумныя — звярніце ўвагу;
6слухайце, бо буду гаварыць пра справы важныя і расчыняцца вусны мае, каб сказаць праўду.
7Праўду выкажа горла маё, а вусны мае праклянуць бязбожніка.
8Усе размовы вуснаў маіх — справядлівыя, няма ў іх ніякай ілжы і крывадушнасці;
9усе яны ясныя для разумных і справядлівыя для тых, хто здабывае веды.
10 Высл. 3:13-15 Прыміце настаўленне маё, а не грошы, лепш навучанне, чым адборнае золата.
11Бо мудрасць лепшая за самацветы, і ўсё, што жадаеш, не можа параўнацца з ёю.
12Я, Мудрасць, жыву з Разважлівасцю і знаходжу дасканаласць ведаў.
13Страх Госпадаў — ненавідзець высакамер’е, пыхлівасць, ліхую дарогу, зло, ненавідзець і крывадушныя вусны.
14Маё — гэта розум і разважлівасць, разважлівасць — мая, мужнасць — мая.
15Праз мяне цары царуюць і валадары выносяць справядлівыя рашэнні;
16праз мяне кіраўнікі загадваюць, а магутныя людзі справядлівасць чыняць.
17Я люблю тых, хто любіць мяне; і тыя, хто зранку пільнуе мяне, знойдуць мяне.
18Са мною — багацце і слава, незнішчальныя скарбы і справядлівасць.
19Бо плод мой даражэйшы за золата і золата вышэйшага гатунку, а народжанае мною — за адборнае срэбра.
20Я хаджу па дарогах справядлівасці і пасярэдзіне сцежак законнасці,
21каб абагаціць тых, хто любіць мяне, і напоўніць іх скарбніцы.
22 Адкр. 3:14 Госпад валодае мною ад пачатку дарог Сваіх, перш чым стварыць што-небудзь, спакон вякоў;
23ад вечнасці ўзнікла я і ад старадаўніх часоў, перш чым зямля ўзнікла.
24Яшчэ не існавалі бездані, а я ўжо ўтварылася; яшчэ крыніцы не былі цяжкімі ад водаў;
25перш, чым узвысіліся горы, раней за ўзгоркі я нарадзілася.
26Дагэтуль Ён не стварыў зямлю, і палі, і пачатак зямлі ў сусвеце.
27Калі асноўваў нябёсы, я была там, калі цвёрдым законам і кругам абводзіў бездані,
28калі воблакі ўстанаўліваў угары, калі ўмацаваліся вытокі бездані,
29калі мору вызначаў Ён яго мяжу і водам, каб з рубяжоў сваіх не выходзілі, калі паклаў асновы зямлі,
30я разам з Ім усё рашала ў захапленні, гуляючы перад Ім штодзень,
31гуляючы па крузе зямлі, і радасці мае — быць з сынамі чалавечымі.
32Такім чынам, цяпер, сыны, слухайце мяне: шчасныя тыя, хто зберагае дарогі мае,
33слухайце настаўленне і будзеце мудрымі, і не адкідайце яго.
34Шчасны чалавек, які слухае мяне, і які штодзень пільнуе пры дзвярах маіх, і хто пільнуе каля вушака дзвярэй маіх.
35Хто мяне знойдзе, той жыццё знойдзе і атрымае радасць ад Госпада.
36А хто адносна мяне зграшыць, той пакалечыць душу сваю: усе, хто ненавідзіць мяне, — смерць любяць».
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.
