Кніга Ісаі Раздзел 24 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1Вось жа, Госпад пустошыць зямлю, нішчыць яе і бурыць яе паверхню, а жыхароў яе разганяе.

2 Ос. 4:9 І будзе караны як народ, так і духоўнік, як слуга, так і гаспадар яго, як паслугачка, так і яе гаспадыня, як пакупнік, так і той, хто прадае, як пазычальнік, так і той, хто пазыку прымае, як той, хто спаганяе пазыку, так і той, хто вінен.

3Дашчэнту будзе спустошана зямля і аддадзена на разрабаванне, бо Госпад гэта рашыў.

4Сумуе, марнее зямля; нішчэе, марнее сусвет, нішчэе вышыня разам з зямлёю.

5І зямля спаганена пад жыхарамі яе, бо пераступілі закон, пагардзілі прыказаннем, парушылі вечную дамову.

6Дзеля таго праклён паглынае зямлю, а жыхары яе адбываюць пакаранне; з гэтай прычыны жыхароў яе стала менш і людзей засталося нямнога.

7Сумуе маладое віно, вінаграднік звяў, уздыхаюць усе, якія весяліліся ад сэрца.

8Спынілася радаснае біццё ў бубны, сціх гармідар гулякаў, заціхла радаснае гранне цытры.

9Не будуць піць са спевам віна, горкім будзе і пітво для тых, хто п’е яго.

10Разбураны горад пустэчы, зачынены кожны дом, і не ўвойдзе ніхто;

11крык на вуліцах дзеля віна, знікла ўсякая радасць, прайшла весялосць зямлі.

12Адна пустэча засталася ў горадзе, брама зруйнаваная.

13Гэтак станецца на сярэдзіне зямлі паміж народаў, як пры атрасанні аліўкі і як калі напрыканцы збору вінаграду абіраюць лозы.

14Яны ўзнясуць голас свой, будуць славіць веліч Госпада, будуць гаманіць з мора.

15Дзеля гэтага хваліце Госпада ў краінах усходу, на астравах марскіх — імя Госпада, Бога Ізраэлева.

16З канцоў зямлі чулі мы хвалебныя спевы: «Слава Справядліваму!» Але я сказаў: «Таямніца мая ў мяне, таямніца мая ў мяне. Гора мне!» Крывадушнікі крывадушнічаюць, і крывадушнічаюць крывадушнасцю крывадушнікаў.

17Страх, яма і пастка на цябе, жыхару зямлі!

18 Ярэм. 48:44; Ам. 5:19 І будзе: хто ўцячэ ад голасу страху, уваліцца ў яму, а хто вылезе з ямы, будзе схоплены пасткай, бо вадаспады з вышыняў адкрыліся і затрэсліся падмуркі зямлі.

19На кавалкі разбіта зямля, дашчэнту сцёрта зямля, да глыбіняў стрэсена зямля,

20пахіснецца моцна зямля, як п’яны, ды, як палатка, закалышацца, ды зацяжарыць на ёй няпраўда яе, і абрынецца яна, і не ўзрушыцца, каб падняцца.

21І будзе ў той дзень: наведае Госпад войска нябеснае на вышынях і валадароў зямных на зямлі;

22будуць сабраны і ўвязнены ў падзямеллі ды будуць замкнуты ў цямніцы, а па многіх гадах — пакаранне.

23Месяц пачырванее і засаромеецца сонца, бо заваладарыў Госпад Магуццяў на гары Сіён ды ў Ерузаліме, і будзе Ён услаўлены перад абліччам старцаў Сваіх.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help