Кніга Ярэміі Раздзел 40 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1Слова, якое было Ярэміі ад Госпада па вызваленні яго з Рамы Набузарданам, кіраўніком целаахоўнікаў, калі ён вызваў яго, скаванага ланцугамі сярод усіх тых, што выходзілі з Ерузаліма і Юды ды мелі быць выведзеныя ў Бабілон.

2І ўзяў кіраўнік целаахоўнікаў Ярэмію, і сказаў яму: «Госпад, Бог твой, прадказаў такое няшчасце гэтаму месцу;

3і здзейсніў, і зрабіў Госпад, як прадказваў. Саграшылі бо вы супраць Госпада і не паслухаліся Яго голасу, і таму здзейснілася на вас слова гэтае.

4Цяпер, вось, я вызваляю цябе з путаў, якія на руках тваіх. Калі здаецца табе добрым ісці са мною ў Бабілон, то ідзі; тады я ўскладу вочы свае на цябе; калі табе здаецца нядобрым ісці са мною ў Бабілон, то заставайся. Вось, уся зямля — перад табою: што выбраў ты і куды табе ісці даспадобы — туды і накіруйся.

5Вярніся да Гадаліі, сына Ахікама, сына Сафана, якога цар Бабілона зрабіў кіраўніком над гарадамі юдэйскімі, і жыві з ім сярод народа, або ідзі туды, куды табе захочацца пайсці». І даў яму кіраўнік целаахоўнікаў харчоў і падарункі і адпусціў яго.

6І прыйшоў Ярэмія да Гадаліі, сына Ахікама, у Міцпу, і абжыўся з ім сярод народа, які застаўся ў краіне.

7 2Цар. 25:22-24 Калі пачулі ўсе кіраўнікі войскаў, якія былі раскінуты па ваколіцах, яны самі і іх людзі, што цар Бабілона зрабіў кіраўніком над краінаю Гадалію, сына Ахікама, і што даручыў яму мужчын і жанчын, дзяцей і тых з убогіх зямлі, якія не былі пераселены ў Бабілон,

8то прыйшлі да Гадаліі ў Міцпу: Ізмаэль, сын Натаніі, Ёханан і Ёнатан, сыны Карэя, Сарая, сын Тангумэта, ды сыны Опі, якія былі з Нэтофы, Езанія, сын Мааха, яны самі і людзі іх.

9І Гадалія, сын Ахікама, сына Сафана, склаў ім і людзям іх прысягу, кажучы: «Не бойцеся служыць халдэям! Заставайцеся ў краіне і служыце цару Бабілона, і будзе вам добра.

10Я, вось, застаюся ў Міцпе, каб заступацца перад халдэямі, якія прыходзяць да нас, а вы збірайце віно, плады і алей, і складайце ў свае пасудзіны, і жывіце ў гарадах сваіх, якія займаеце».

11Таксама ўсе жыхары Юды, якія былі ў зямлі Маабскай і сярод сыноў Амона, і ў Эдоме, і ва ўсіх краях, пачулі, што цар Бабілона пакінуў частку людзей у Юдэі і паставіў над імі начальнікам Гадалію, сына Ахікама, сына Сафана.

12Дык вярнуліся ўсе жыхары Юдэі з усіх месцаў, у якія былі выгнаныя, і прыйшлі ў зямлю Юдэйскую да Гадаліі ў Міцпу, і сабралі віна і пладоў вельмі многа.

13А Ёханан, сын Карэя, і ўсе кіраўнікі войскаў, якія былі раскінуты па ваколіцах, прыбылі да Гадаліі ў Міцпу

14і сказалі яму: «Ведай, што Бааліс, цар сыноў Амона, паслаў Ізмаэля, сына Натаніі, знішчыць душу тваю». Але не паверыў ім Гадалія, сын Ахікама.

15А Ёханан, сын Карэя, сказаў патаемна Гадаліі ў Міцпе так: «Я пайду і заб’ю Ізмаэля, сына Натаніі, так што ніхто не даведаецца. Навошта мае ён душу тваю знішчыць? Бо ўсе жыхары Юды, якія зараз сабраны пры табе, разбягуцца, і гэтак прападзе рэшта Юды».

16І сказаў Гадалія, сын Ахікама, Ёханану, сыну Карэя: «Не рабі гэтак; бо фальшыва гаворыш ты пра Ізмаэля».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help