1-я Кніга Макабэяў 15 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1Антыёх, сын цара Дэмэтрыя, – паслаў лісты з марскіх астравоў Сімону, святару і правіцелю ўсяго народа юдэйскага, і ўсяму народу,

2і былі яны такога зместу: «Цар Антыёх – Сімону, першасвятару і правіцелю народа, і народу юдэйскаму – прывітанне.

3Так, як злачынцы, некаторыя завалодалі царствам нашых бацькоў, а я хачу завалодаць царствам, каб вярнуць яго да ранейшага становішча, то і сабраў я многа войска, і падрыхтаваў ваенныя караблі.

4Хачу ж прайсці па тэрыторыі, каб пакараць тых, якія знішчылі наш край і шмат гарадоў майго царства зраўнавалі з зямлёй.

5Дык цяпер пацвярджаю табе ўсе падаткі, ад якіх вызвалілі цябе цары да мяне, і ўсе іншыя даніны, ад якіх звольнілі цябе.

6І дазваляю табе чаканіць сваю ўласную манету ў тваім краі;

7а Ерузалім і святыня хай будуць свабодныя, і ўся зброя, што ты зрабіў, і крэпасці, якія пабудаваў і якімі валодаеш, хай застаюцца пры табе;

8і ўсякі доўг царскі ды будучыя царскія даўгі ад цяпер і назаўсёды хай будуць адпускацца табе.

9Калі ж авалодаем царствам нашым, ушануем цябе, і твой народ, і святыню вялікай славай, каб ваша слава выявілася ўсяму свету».

10У сто семдзесят чацвёртым годзе накіраваўся Антыёх у зямлю сваіх бацькоў, а ўсе ваяры перайшлі да яго, так што нямногія засталіся пры Трыфане.

11І Антыёх пагнаўся за ім, і ён, уцякаючы, прыбыў у Дору, што знаходзіцца каля мора;

12бо ведаў ён, што нахлынула гора на яго і што войска пакінула яго.

13І Антыёх наблізіўся да Доры са ста дваццаццю тысячамі ваяроў і васьмю тысячамі коннікаў,

14абкружыў горад, і караблі падышлі з мора, і сціскаў горад з сушы і з мора, і нікому не дазваляў уваходзіць, ані выходзіць.

15 1Мак. 14:24 А вярнуўся з Рыма Нумэній і тыя, што з ім былі, маючы лісты, напісаныя да цароў і да краёў, у якіх было напісана вось што:

16«Консул рымскі, Люцый, цару Пталемею – прывітанне.

17Прыбылі да нас пасланнікі юдэйскія, нашыя прыяцелі і саюзнікі, пасланыя першасвятаром Сімонам і народам Юдэйскім, каб аднавіць ранейшае сяброўства і саюз.

18Прынеслі ж яны залаты шчыт у тысячу мінаў вагі.

19Ды рашылі мы напісаць ліст царам і краям, каб не спрычынялі ім крыўды і каб не ваявалі супраць іх, супраць іх гарадоў, ані супраць іх краю, ды каб не дапамагалі тым, хто з імі ваюе.

20Рашылі ж мы прыняць ад іх шчыт.

21Дык калі нейкія злачынцы ўцякуць з іх краю да вас, то аддайце іх першасвятару Сімону, каб іх пакараў па сваім законе».

22Тое ж самае напісаў цару Дэмэтрыю, і Аталу, і Ар’ярату, і Арсаку,

23ды ўсім краям: і Сампсацы, і Спартанцам, і Дэласу, і Мінду, і Сіцыёну, і Карыіду, і Самосу, і ў Памфіліі, і ў Ліцыю, і Галікарнасу, і Родасу, і Фасілідзе, і Косу, і Араду, і Гарцыне, і Кніду, і Сідзе, і Кіпру, і Цырэне.

24А копію гэтых лістоў напісалі першасвятару Сімону і народу Юдэйскаму.

25Цар Антыёх на другі дзень асадзіў войска Доры, адпраўляючы туды новыя сілы, ды будуючы машыны, ды замкнуў Трыфана, каб ён не выйшаў і не ўвайшоў.

26І Сімон паслаў яму дзве тысячы адборных ваяроў на дапамогу, і срэбра, і золата, ды многа пасудзін.

27І ён не захацеў прыняць гэта, але знішчыў усё, аб чым дамовіўся з ім раней, і стаў чужым яму.

28І паслаў да яго Атэнобія, аднаго з прыяцеляў сваіх, каб перагаварыць з ім ды сказаць: «Вы трымаеце Ёпэ і Газару ды крэпасць, што ў Ерузаліме, гарады майго царства;

29вы спустошылі землі іх, і прынеслі вялікае гора для зямлі, і сталі гаспадарамі ў многіх месцах у маім царстве.

30Дык цяпер аддайце гарады, якія вы занялі, ды падаткі з тых мясцовасцей, у якіх вы гаспадарыце па-за межамі Юдэі;

31калі ж не, то заплаціце за іх пяцьсот талентаў срэбра, і за спусташэнне, якое вы зрабілі, і за падаткі ад гарадоў – другія пяцьсот талентаў; а калі не, то прыйдзем і знішчым вас».

32І прыяцель цара Антэнобій прыбыў у Ерузалім, і ўбачыў славу Сімона, і бляск золата, і срэбра, і шматлікія пасудзіны і паслугу, аслупянеў, і выказаў яму патрабаванні цара.

33І ў адказ сказаў яму Сімон: «Не занялі мы чужой зямлі ані прысвоілі сабе чужой маёмасці, але спадчыну нашых бацькоў, якая несправядліва была забрана калісьці нашымі ворагамі.

34Мы ж, маючы час, вярнулі сабе спадчыну нашых бацькоў;

35што да Ёпэ і Газары, якіх ты патрабуеш, то яны прыносілі вялікую шкоду народу нашаму: за іх дадзім сто талентаў». І той не сказаў яму аніводнага слова.

36З вялікаю ж злосцю вярнуўся да цара, і перадаў яму гэты адказ, і расказаў яму пра славу Сімона і пра ўсё, што ён убачыў; і цар разгневаўся страшна.

37Трыфан жа дабраўся да карабля і ўцёк у Артозію.

38І цар назначыў Цэндэбэя марскім кіраўніком, і аддаў пад яго кіраўніцтва пешых і коннікаў;

39і загадаў яму накіраваць войска супраць Юдэі, і загадаў яму пабудаваць Цэдрон, і ўмацаваць брамы горада, і ваяваць супраць народа. Цар жа пераследаваў Трыфана.

40І Цэндэбэй прыбыў у Ямнію і пачаў здзекавацца з народа, і нападаць на тэрыторыю Юдэі, і браць людзей у палон, і забіваць.

41І адбудаваў Цэдрон, і памясціў там коннікаў, і войска, каб, выйшаўшы, пераймалі на дарогах Юдэі, як загадаў яму цар.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help