Першая кніга Самуэля Раздзел 12 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1 1Сам. 10:17-25; 11:14, 15 І Самуэль прамовіў да ўсяго Ізраэля: «Вось, выслухаў я прамову вашу адносна ўсяго, што вы мне гаварылі, і паставіў над вамі цара;

2і цяпер узначальвае вас цар. А я ўжо пастарэў і пасівеў; а сыны мае застаюцца з вамі. Такім чынам, хадзіў я перад вамі ад юнацтва майго аж па гэты дзень.

3Вось, я стаю перад вамі. Абвінавачвайце мяне перад Госпадам і перад Яго памазаннікам; можа, узяў я ў каго вала або асла, можа, каго пакрыўдзіў або каго прыгнятаў, а можа, з рукі каго ўзяў хабар, каб заплюшчыць вочы свае на яго справу? Калі так, аддам вам».

4І яны адказалі: «Не прыгнятаў ты нас і не крыўдзіў, і нічога не ўзяў ні з чыёй рукі».

5І ён казаў ім: «Хай Госпад будзе сведкам супраць вас і памазаннік Яго ў гэты дзень хай будзе сведкам, бо не знайшлі вы ў руцэ маёй нічога». І яны сказалі: «Ён сведка».

6 Вых. 6:26 І сказаў Самуэль народу: «Сведка — Госпад, Які паставіў Майсея і Аарона і вывеў бацькоў нашых з зямлі Егіпецкай.

7Такім чынам, цяпер падыдзіце, каб я судзіўся з вамі перад Госпадам адносна міласэрнасці Госпада, якою Ён абдарыў вас і бацькоў вашых:

8 Вых. 2:23 як перабраўся Якуб у Егіпет, і прыціскалі іх егіпцяне, і прызывалі бацькі вашыя Госпада, і Госпад паслаў Майсея і Аарона, і вывеў бацькоў вашых з Егіпта і пасяліў іх у гэтым месцы;

9 Суд. 3:12; 4:2; 13:1 яны забыліся пра Госпада, Бога свайго, і аддаў Ён іх у рукі Сісары, кіраўніка войска Асора, і ў рукі філістынцаў, і ў рукі цара Мааба, і яны ваявалі супраць іх.

10 Суд. 10:10-15 А затым прызывалі яны Госпада і казалі: “Зграшылі мы, бо пакінулі Госпада, а служылі Баалу і Астарце; дык цяпер выратуй нас з рук ворагаў нашых, і мы будзем служыць Табе”.

11 Суд. 4:6; 6:11-14; 7:1; 11:6-11, 29; 1Сам. 3:20; 7:8-10 І паслаў Госпад Ерабаала, і Барака, і Яфтаха, і Самуэля, і вызваліў вас з рук ворагаў вашых наўкола; і жылі вы спакойна.

12 1Сам. 8:5, 19 Бачачы ж, што Наас, цар сыноў Амона, прыйшоў на вас, сказалі вы мне: “Не трэба, але хай цар валодае намі!” — а ўсё ж такі Госпад, Бог ваш, цараваў сярод вас.

13Дык вы маеце цяпер цара свайго, якога вы выбралі і дамагліся; вось, Госпад даў вам цара.

14Калі вы будзеце баяцца Госпада, і будзеце служыць Яму, і будзеце слухаць голас Яго, і не пагардзіце словам Госпада, то будзеце і вы, і цар, які валадарыць над вамі, хадзіць за Госпадам, Богам вашым.

15А калі не будзеце слухаць голас Госпада, але пагардзіце словам Госпадавым, то рука Госпада будзе супраць вас і супраць цара вашага, каб знішчыць вас.

16Але і цяпер станьце і пабачце гэтую вялікую рэч, якую мае зрабіць Госпад перад вамі.

17Ці ж не сёння жніво пшаніцы? Я паклічу Госпада, і Ён дасць грымоты і дождж; і вы даведаецеся і пабачыце, якога дапусціліся вы вялікага зла перад Госпадам, дамагаючыся сабе цара».

18І прызываў Самуэль Госпада, і даў Госпад грымоты і дождж у той дзень. І вельмі спужаўся ўвесь народ Госпада і Самуэля,

19і прасіў увесь народ Самуэля: «Маліся за паслугачоў сваіх да Госпада, Бога твайго, каб мы не паўміралі: далучылі бо мы да ўсіх грахоў сваіх яшчэ і тое зло, што прасілі сабе цара».

20І сказаў Самуэль народу: «Не бойцеся! Вы дапусціліся гэтага ліха, але не пакідайце Госпада і служыце Яму ўсім сэрцам сваім.

21Не адхіляйцеся за марнасцямі, якія не дапамогуць вам і не выратуюць вас, бо яны марнасць;

22не пакіне Госпад народ Свой дзеля вялікага імя Свайго, бо ўдастоіў Госпад зрабіць вас Сваім народам.

23Хай жа не будзе ў мяне гэтага граху перад Госпадам, каб кінуць маліцца за вас і вучыць вас добрай і простай дарозе.

24Такім чынам, бойцеся Госпада і служыце Яму ў праўдзе і ўсім сэрцам вашым; бо вы бачылі вялікія справы, якія Ён зрабіў вам.

25А калі будзеце трываць у ліхоце, загінеце і вы, і цар ваш разам».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help