Кніга Эзэкіэля Раздзел 23 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1І прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы:

2«Сын чалавечы! Былі дзве жанчыны, дочкі адной маці,

3і распуснічалі яны ў Егіпце, ад маладосці займаліся распустай; там ціскалі іх саскі і закраналі грудзі дзявоцтва іх.

4А імёны іх: старэйшай — Агола, і сястры яе — Агаліба; і сталі яны Маімі, і нарадзілі сыноў і дачок; і імёны іх: Агола — Самарыя, а Агаліба — Ерузалім.

5Такім чынам, Агола, адступаючы ад Мяне, распуснічала; і загарэлася любоўю да сваіх палюбоўнікаў асірыйцаў:

6да ваяроў, апранутых у гіяцынт, да кіраўнікоў і намеснікаў, да ўсіх прывабных юнакоў, да вершнікаў на конях.

7І ўсім пасярод абраных асірыйцаў аддавала яна свае распусныя пяшчоты; і апаганілася ўсімі ідаламі ўсіх тых, што распалілі пажадлівасць яе.

8Акрамя таго, не спыніла яна свайго чужаложства з Егіптам, бо і там спалі з ёй у маладосці яе, і ціскалі саскі дзявоцтва яе, і распуснічалі з ёю.

9Дзеля таго Я аддаў яе ў рукі палюбоўнікаў яе, у рукі асірыйцаў, да якіх гарэла яна пажадлівасцю;

10яны адкрылі сорам яе, забралі сыноў яе і дачок і яе самую забілі мечам; і стала яна ганьбаю для жанчын, бо здзейснілі над ёю прысуд.

11 Эзэк. 16:51 Хоць бачыла гэта сястра яе Агаліба, але загарэлася яна пажадлівасцю і чужаложствам сваім яшчэ большым, чым распуснасць сястры яе.

12Загарэлася пажадлівасцю да асірыйцаў: магнатаў і намеснікаў, ваяроў, багата апранутых, да коннікаў, што ездзілі вярхом на конях, да ўсіх прывабных юнакоў.

13І ўбачыў Я, што яна апаганілася і што абедзве ідуць тою самаю дарогай.

14І калі ўбачыла на сцяне намаляваных мужчын, маляваныя фарбай выявы халдэяў,

15падперазаных вакол сцёгнаў паясамі, і тыяры, надзетыя на іх галовах, — усіх з выгляду мужных ваяроў, падобных да бабілонцаў, родам з зямлі Халдэйскай,

16дык загарэлася пажадлівасцю да іх толькі дзеля выяў, якія бачылі яе вочы, ды выправіла пасланцоў да іх, у зямлю Халдэйскую.

17І калі прыйшлі да яе бабілонцы на ложак чужаложны, апаганілі яны яе распуснасцю сваёю, і калі яе апаганілі, душа яе адвярнулася ад іх.

18Калі выявіла яна свае ўчынкі распусныя ды адкрыла сорам свой, тады душа Мая адвярнулася ад яе, як адвярнулася душа Мая ад сястры яе.

19Памножыла ж яна сваю распуснасць, калі ўспомніла дні маладосці сваёй, калі чужаложыла ў зямлі Егіпецкай,

20і загарэлася пажадлівасцю да сваіх палюбоўнікаў, у якіх цела, як цела ў аслоў, і ў якіх жаданне, як жаданне ў коней.

21Ды зажадала ты злачынства маладосці сваёй, калі ў Егіпце ціскалі саскі твае і чапалі грудзі дзявоцтва твайго.

22 Эзэк. 16:37-41 Дзеля таго, Агаліба, вось што кажа Госпад Бог: “Вось, Я падніму супраць цябе палюбоўнікаў тваіх, ад якіх адвярнулася душа твая; і збяру іх супраць цябе з усіх бакоў,

23бабілонцаў і ўсіх халдэяў, з Пакода, Шуа і Куэ, а з імі ўсіх асірыйцаў, прывабных юнакоў, кіраўнікоў і намеснікаў усіх, магутных ваяроў і слаўных мужоў усіх, якія гатовы сесці на коней.

24І нахлынуць на цябе на вазах жалезных і калясніцах і з вялікімі дружынамі; зусюль падымуцца супраць цябе ў панцырах, са шчытамі і шлемамі, і дам ім судзіць цябе паводле судоў іх.

25І звярну супраць цябе Маю лютасць, так што люта будуць з табою абыходзіцца: адрэжуць табе нос і вушы твае, а тое, што ад цябе застанецца, упадзе ад меча; яны забяруць у цябе сыноў тваіх і дачок тваіх, і рэшту цябе знішчыць агонь.

26І здымуць яны з цябе адзенне тваё, і забяруць пасудзіны славы тваёй;

27і выдалю Я злачынства тваё ад цябе і чужаложства тваё з зямлі Егіпецкай, і ўжо больш не падымеш на іх вачэй тваіх ды не ўзгадаеш пра Егіпет”.

28Бо гэта кажа Госпад Бог: “Вось, Я аддам цябе ў рукі тых, каго ненавідзіш, у рукі тых, ад каго адвярнулася душа твая,

29і з нянавісцю будуць яны абыходзіцца з табою, і забяруць усе плады працы тваёй, і пакінуць цябе голай і поўнай сораму, і выявіцца сорам распусты тваёй, злачынства і твая распуснасць.

30Гэта зрабілі яны з табою, бо чужаложыла ты з чужымі народамі, сярод якіх апаганілася іх ідаламі.

31Пайшла ты шляхам сястры сваёй, і яе келіх Я дам у тваю руку”.

32Гэта кажа Госпад Бог: “Будзеш ты піць келіх сястры сваёй, глыбокі і шырокі, будзеш ты ў пасмяянне і ганьбаванне, бо вельмі многа змяшчаецца ў ім.

33Напоўнішся ты ап’яненнем і болем, келіхам жалобы і смутку, келіхам сястры тваёй, Самарыі,

34і вып’еш яго, і вып’еш аж да дна ды яшчэ на кавалкі разаб’еш і грудзі свае скалечыш, бо Я сказаў гэта”, — кажа Госпад Бог.

35Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: “За тое, што ты забылася пра Мяне і кінула Мяне за плечы свае, ты нясі таксама сваё злачынства і чужаложнасць сваю”».

36І сказаў мне Госпад: «Сын чалавечы, ці не маеш судзіць Аголу і Агалібу? Выяві, такім чынам, ім іх злачынствы.

37Бо яны чужаложылі, і кроў на іх руках, і распуснічалі яны з ідаламі сваімі; а таксама сыноў сваіх, якіх для Мяне нарадзілі, прынеслі ім на пажыранне.

38Але і гэта Мне яны зрабілі: святыню Маю апаганілі ў той дзень, а таксама зняважылі Мае суботы.

39І калі ахвяроўвалі яны сваіх сыноў ідалам сваім і ў той самы дзень прыходзілі ў святыню Маю, каб апаганіць яе, вось так рабілі яны ў сярэдзіне дома Майго.

40І нават паслалі па мужчын, што прыходзілі здалёк, да якіх пасланец быў адпраўлены; такім чынам, яны зараз жа прыйшлі. “Дзеля іх ты выкупалася, падвяла сурмою вочы свае і адзелася ў жаночыя аздобы;

41і села на найпрыгажэйшым ложку, і перад табою быў застаўлены стол, ты паклала на ім Маё кадзіла і Мае духмянасці”.

42І гучалі ў яе разгульныя галасы, і да мужчын мноства людзей далучаліся, якіх прыводзілі з пустыні; і ўсклалі яны ім на рукі бранзалеты, а на галовы іх — раскошныя тыяры.

43І Я так сказаў аб той, што знішчыла сябе ў чужаложстве: “Цяпер яна таксама будзе распуснічаць у распуснасці сваёй”.

44І прыйшлі да яе, як да чужаложніцы; так прыходзілі да Аголы і Агалібы, жанчын распусных.

45 Эзэк. 16:38-41 Такім чынам, людзі справядлівыя: будуць яны судзіць іх так, як судзяць чужаложніц і забойцаў, бо яны чужаложнічалі, і кроў на руках іх.

46Бо вось што кажа Госпад Бог: “Прывядзі супраць іх сход і выдай іх на гора і на рабунак;

47і сход гэты ўкамянуе іх, і пасячэ іх мечамі на кавалкі; заб’е іх сыноў і дачок і дамы іх спаліць агнём.

48І ачышчу Я зямлю ад злачынства, і ўсе жанчыны атрымаюць перасцярогу, каб не рабіць паводле злачынства вашага;

49і пакладуць яны на вас ваша злачынства, і будзеце несці грахі сваіх ідалаў, і даведаецеся, што Я — Госпад Бог”».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help