Кніга Ярэміі Раздзел 36 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1 Ярэм. 30:1, 2 2Цар. 24:1; 2Пар. 36:5-7; Дан. 1:1, 2 І было ў чацвёрты год Ёакіма, сына Осіі, цара Юдэйскага, слова гэтае да Ярэміі ад Госпада, кажучы:

2«Вазьмі скрутак для пісьма і запішы на ім усе словы, якія Я сказаў табе супраць Ізраэля ды Юды і супраць усіх народаў ад дня, калі Я пачаў гаварыць да цябе, ад дзён Осіі аж да гэтага дня.

3Калі часам дом Юды, чуючы пра ўсе няшчасці, якія Я думаю ўчыніць ім, навернуцца кожны ад свайго ліхога шляху, то Я прабачу злачынствы і грэх іх».

4Дык паклікаў Ярэмія Баруха, сына Нэрыі, і запісаў Барух з вуснаў Ярэміі на скрутку для пісьма ўсе словы Госпада, якія Ён яму казаў.

5І загадаў Ярэмія Баруху, кажучы: «Мне забаронена, і не магу ўваходзіць у дом Госпада.

6Ідзі, вось, ты і прачытай, каб чуў народ у доме Госпада, у дзень посту, словы Госпада са скрутку, на якім запісаў ты з вуснаў маіх. Ды каб пачулі таксама ўсе юдэі, якія прыходзяць з гарадоў сваіх, прачытай ім.

7Можа, трапіць іх малітва да Госпада, і кожны з іх навернецца ад свайго ліхога шляху, бо вялікі гнеў і лютасць, якімі пагражае Госпад гэтаму народу».

8І Барух, сын Нэрыі, зрабіў паводле ўсяго таго, што загадаў яму Ярэмія прарок, чытаючы са скрутку словы Госпада ў доме Госпадавым.

9А ў пятым годзе Ёакіма, сына Осіі, цара Юдэйскага, у дзевятым месяцы аб’явілі пост перад Госпадам для ўсяго народа ерузалімскага ды ўсяго мноства народа, які сцякаўся з гарадоў юдэйскіх у Ерузалім.

10І прачытаў Барух са скрутку, каб чуў увесь народ словы Ярэміі ў доме Госпада, у зале Гамары, сына Сафана, пісара, на верхнім панадворку, ля ўваходу ў Новую браму дома Госпадава.

11Калі пачуў Міхей, сын Гамары, сына Сафана, усе словы Госпадавы са скрутку,

12сышоў у дом цара, у пакой пісара, і вось, там сядзелі ўсе князі: Элісама, пісар, і Далаі, сын Сямэі, і Эльнатан, сын Ахабора, і Гамары, сын Сафана, і Сэдэцыя, сын Хананіі, і іншыя князі.

13І паведаміў ім Міхей усе словы, якія чуў, калі Барух чытаў са скрутку ўголас перад народам.

14Дык усе князі паслалі да Баруха Егудыя, сына Натаніі, сына Сэлеміі, сына Кусі, каб яму сказаць: «Вазьмі ў рукі свае скрутак, з якога чытаў людзям, і прыходзь!» І ўзяў Барух, сын Нэрыі, скрутак у рукі свае, і прыйшоў да іх.

15А яны сказалі яму: «Сядзь і прачытай гэта нам уголас». І чытаў Барух у прысутнасці іх.

16І калі пачулі яны ўсе гэтыя словы, то паглядзелі з жахам адзін на аднаго і сказалі яны Баруху: «Мы мусім паведаміць цару ўсе гэтыя словы».

17І запыталі яны Баруха, кажучы: «Скажы нам, як напісаў ты ўсе гэтыя словы з вуснаў яго?»

18Барух адказаў ім: «Сваімі вуснамі прамаўляў ён мне ўсе гэтыя словы, а я запісваў атрамантам у скрутку».

19І сказалі князі Баруху: «Ідзі, схавайся, ты і Ярэмія, і хай ніхто не ведае, дзе вы».

20Пасля пайшлі яны на панадворак да цара, а скрутак пакінулі ў пакоі пісара Элісамы; і пераказалі ў прысутнасці цара ўсе словы.

21І паслаў цар Егудыя, каб прынёс скрутак. Той, узяўшы яго з пакоя пісара Элісамы, чытаў у прысутнасці цара і ў прысутнасці ўсіх князёў, якія стаялі вакол цара.

22А цар сядзеў у зімовым палацы ў дзевятым месяцы, і перад ім стаяла пасудзіна з распаленымі вуглямі.

23І калі Егудый прачытваў тры ці чатыры слупкі, адразаў іх цар ножыкам пісара і кідаў у агонь, які быў у пасудзіне, пакуль увесь скрутак не згарэў у агні, які быў у пасудзіне.

24І цар і ўсе паслугачы яго, якія чулі ўсе гэтыя словы, не спалохаліся і не раздзёрлі свайго адзення.

25І хоць Эльнатан, і Далая, і Гамары настойліва прасілі цара, каб не паліў кнігі, ён іх не паслухаў.

26І загадаў цар Ерамээлю, сыну царскаму, і Сараі, сыну Азрыэля, і Сэлеміі, сыну Абдээля, схапіць Баруха, пісара, і прарока Ярэмію, але Госпад схаваў іх.

27І было наступнае слова Госпада да Ярэміі пасля таго, як спаліў цар скрутак і словы, якія Барух запісаў з вуснаў Ярэміі:

28«Вазьмі сабе зноў іншы скрутак і напішы на ім усе папярэднія словы, якія былі ў першым скрутку, які спаліў Ёакім, цар Юдэйскі.

29А пра Ёакіма, цара Юдэйскага, скажаш: гэта кажа Госпад: “Ты спаліў гэты скрутак, кажучы: “Чаму напісаў ты ў ім абвестку: напэўна, прыйдзе цар Бабілона, і знішчыць гэтую зямлю, і вынішчыць з яе людзей і жывёлу?”

30Таму вось што кажа Госпад супраць Ёакіма, цара Юдэйскага: “Не будзе ад яго нікога, хто б сядзеў на пасадзе Давіда. Труп яго будзе выстаўлены на спёку дня і на холад ночы.

31І Я пакараю яго і семя яго, поруч і паслугачоў яго за іх правіны; і навяду на іх, і на жыхароў Ерузаліма, і на жыхароў Юды ўсякае няшчасце, якое прадказаў ім, а яны не слухалі”».

32І ўзяў Ярэмія іншы скрутак, і даў яго Баруху, сыну пісара Нэрыі, які напісаў на ім з вуснаў Ярэміі ўсе словы кнігі, якую ў агні спаліў Ёакім, цар Юды. І было дадана да іх яшчэ шмат падобных слоў.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help