1Гэта сказаў мне Госпад: «Ідзі і купі сабе льняны пояс, і падпяраж ім сцёгны свае, але не кладзі яго ў ваду».
2І купіў я пояс паводле слова Госпада і падпяразаў сцёгны свае.
3І другі раз было да мяне слова Госпада, якое казала:
4«Вазьмі пояс, які набыў і які на сцёгнах тваіх, устань і ідзі да Эўфрата і схавай там яго ў шчыліне скалы».
5І пайшоў я, і схаваў яго каля Эўфрата, як загадаў мне Госпад.
6І сталася: праз многа дзён сказаў мне Госпад: «Устань і ідзі да Эўфрата ды забяры адтуль пояс, які Я загадаў табе схаваць там».
7І пайшоў я да Эўфрата, і выкапаў, і забраў пояс з месца, дзе яго схаваў; і вось, пояс збуцвеў і не надаваўся да нічога.
8І было слова Госпада да мяне, што казала:
9«Гэта кажа Госпад: “Так вось Я знішчу пыху Юды ды бязмежную пыху Ерузаліма.
10Разбэшчаны народ гэты — яны не хочуць слухаць слоў Маіх і жывуць у сапсаванасці сэрца свайго. Ды пайшлі яны за чужымі багамі, каб ім служыць і ім пакланяцца, дык будзе ён, як гэты пояс, які ні на што не надаецца.
11Бо як прылягае пояс да сцёгнаў мужчыны, так Я прытуліў да сябе ўвесь дом Ізраэля і ўвесь дом Юды, — кажа Госпад, — каб былі яны для Мяне народам, і імем, і хвалой, і славай, але яны не паслухаліся”.
12Дык ты скажаш ім такое слова: гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Кожны збан напоўніцца віном”. І скажуць яны табе: “Ці ж мы не ведаем, што кожны збан напоўніцца віном?”
13А ты скажаш ім: гэта кажа Госпад: “Вось, Я напоўню п’янствам усіх жыхароў гэтай зямлі, і цароў з роду Давіда, і святароў, і прарокаў, і ўсіх жыхароў Ерузаліма,
14ды паразбіваю іх аднаго аб аднаго, бацькоў разам з сынамі, — кажа Госпад, — не пашкадую, і не адступлю, і не злітуюся, аж пакуль не знішчу іх”».
15Слухайце і ўспрымайце вушамі; не ўзносцеся, бо Госпад сказаў гэта:
16«Аддайце хвалу Госпаду, Богу вашаму, перш чым наступіць цемра і перш чым пачнуць спатыкацца ногі вашы каля цёмных гор; будзеце вы чакаць святла, а Ён заменіць яго на цемру смерці ды туман».
17Калі ж вы гэтага не паслухаеце, будзе таемна плакаць душа мая дзеля вашай пыхі; будзе плакаць безупынна, і вока маё выпусціць слязу, бо статак Госпада захоплены ў няволю.
18 Ламен. 5:16 Скажы цару і царыцы: «Сядзьце на зямлі, бо спаў з галавы вашай вянец славы вашай!»
19Гарады Нагэба замкнутыя, і няма, хто б адкрыў іх. Увесь Юда адведзены ў няволю, перайшоў цалкам.
20 Ярэм. 1:14; 4:6; 6:1; 10:22 Падымі вочы свае і паглядзі на прыхадняў з Поўначы, — дзе ёсць статак, даручаны табе, цудоўная жывёла твая?
21Што скажаш, калі наведаюць яны цябе? Ты бо сам прывучыў іх да сябе, прыяцеляў на галаву сваю. Ці ж не ахопяць цябе пакуты, як жанчыну парадзіху?
22А калі ты скажаш у сэрцы сваім: «Чаму гэта ўсё напаткала мяне?» — Дзеля многіх правін тваіх былі адкрытыя полы адзення твайго і аголены ступні твае.
23Ці ж можа этыёп змяніць скуру сваю, а леапард — плямы свае? Таксама і вы, ці можаце добрае рабіць, вы, якія навучыліся паводзіць сябе крывадушна?
24«Дык Я рассыплю вас, як мякіну, якую разносіць вецер пустынны.
25Такі твой лёс і доля, адмераная Мною табе, — кажа Госпад, — бо ты забыўся пра Мяне, і паверыў у ашуканства.
26За гэта і Я раскрыю полы адзення твайго аж да твару твайго, ды выявіцца ганьба твая,
27твае чужаложніцтвы і ржанне тваё, ліхота распусты тваёй; на ўзгорках і ў полі бачыў Я агіднасці твае. Гора табе, Ерузалім, не ачысцішся! Дакуль жа?»
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.
