Кніга Эзэкіэля Раздзел 14 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1І прыйшлі да мяне некаторыя са старэйшын Ізраэля, і селі перада мною.

2І Госпад прамовіў да мяне гэтыя словы:

3«Сын чалавечы, гэтыя людзі ўвялі ў сэрцы свае ідалаў сваіх і паставілі перад абліччам сваім спакусу злачыннасці сваёй; ці ж маю Я адказаць ім, калі спыталі яны?

4Дзеля таго размаўляй з імі і кажы ім: “Гэта кажа Госпад Бог: “Кожнаму з дому Ізраэля, які ўвядзе сваіх ідалаў у сэрца сваё і паставіць спакусу злачыннасці сваёй перад абліччам сваім і прыйдзе да прарока, пытаючы Мяне праз яго, Я — Госпад, Сам адкажу яму адпаведна да ліку ідалаў яго,

5каб захапіць дом Ізраэля ў сэрцы яго, у якім адышлі ад Мяне з прычыны ўсіх сваіх ідалаў”.

6Дзеля таго скажы дому Ізраэля: “Гэта кажа Госпад Бог: “Адвярніцеся і адыдзіце ад сваіх ідалаў, ды ад усіх сваіх агіднасцей адвярніце абліччы вашы”.

7Бо Я, Госпад, Сам дам адказ кожнаму спаміж ізраэльцаў і чужынцаў, пражываючых у Ізраэлі, калі хто адвернецца ад Мяне, і ўвядзе ў сэрца сваё ідалаў сваіх, і паставіць перад абліччам сваім спакусу злачыннасці сваёй, і прыйдзе да прарока, каб праз яго спытаць Мяне;

8і Я звярну аблічча Маё супраць таго чалавека, і зраблю яго знакам і прыказкай, і выключу яго з Майго народа, і даведаецеся, што Я — Госпад.

9І калі прарок памыліцца і прамовіць слова, Я, Госпад, падману таго прарока, і выцягну руку Сваю супраць яго, і знішчу яго спаміж народа Майго Ізраэля.

10І возьмуць адказнасць яны за сваю правіннасць: правіннасць прарока будзе такая ж, як і правіннасць таго, хто яго пытаў,

11каб дом Ізраэля не адыходзіў больш ад Мяне і не апаганьваўся ніякімі сваімі грахамі, але каб былі яны Маім народам, і Я каб быў іх Богам”, — кажа Госпад Бог».

12І прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы:

13«Сын чалавечы, калі якая зямля зграшыць супраць Мяне, каб крывадушнічаць, крывадушнічаючы, Я выцягну руку Маю супраць яе, і зламлю падпору хлеба яе, і спашлю на яе голад, і вынішчу на ёй чалавека і жывёлу;

14і калі будуць там тры чалавекі гэтыя: Ной, Даніэль і Ёў, дык толькі яны, дзеля справядлівасці сваёй, вызваляць душы свае, — кажа Госпад Бог.

15Бо калі на гэтую зямлю нашлю Я найгоршых звяроў, каб абязлюдзіць яе і зрабіць з яе пустыню, дзе ніхто, акрамя дзікіх звяроў, не зможа праходзіць,

16і калі ў ёй будуць гэтыя тры чалавекі, — жыву Я, — кажа Госпад Бог, — яны не вызваляць ані сыноў, ані дачок, але толькі яны самі вызваляцца, а зямля стане пустыняю.

17Або калі на зямлю гэтую Я ўзвяду меч і калі скажу мечу: “Ідзі праз гэтую зямлю”, і знішчу Я на ёй людзей і звяроў,

18і тыя тры чалавекі застануцца ў ёй, — жыву Я, — кажа Госпад Бог, — не вызваляць яны ані сыноў, ані дачок, а вызваляцца толькі яны самі.

19Або калі на гэтую зямлю Я напушчу заразу і ў крыві вылью гнеў Мой на яе, каб выгубіць адтуль людзей і жывёлу,

20і калі Ной, Даніэль і Ёў будуць у ёй, — жыву Я, — кажа Госпад Бог, — ані сыноў, ані дачок не вызваляць яны, але самі дзеля сваёй справядлівасці вызваляць свае душы.

21 Ярэм. 24:10; Эзэк. 6:12; Адкр. 6:8 Бо, вось, так кажа Госпад Бог: “Калі бо на Ерузалім Я напушчу чатыры Свае страшныя бяды: меч, і голад, і дзікіх звяроў, і пошасць, каб у ім вынішчыць людзей і жывёлу,

22аднак застанецца ў ім збаўленне для тых, хто выведзе сыноў і дачок: вось, прыйдуць яны да вас, і ўбачыце вы іх паводзіны і іх учынкі, і суцешыцеся пасля няшчасцяў, што навёў Я на Ерузалім, і пасля ўсяго, што Я на яго навёў.

23І яны суцешаць вас, калі ўбачыце іх паводзіны ды іх учынкі, і пераканаецеся, што не без падстаў зрабіў Я ўсё, што Я яму зрабіў,” — кажа Госпад Бог».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help