Кніга Паўторанага Закону Раздзел 1 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1Гэта словы, якія прамаўляў Майсей да ўсяго Ізраэля за Ярданам у пустыні, у Арабе насупраць Суфа, паміж Паранам, і Тафелам, і Лабанам, і Асэротам, і Дызагабам,

2на адлегласці ў адзінаццаць дзён дарогі ад Гарэба да Кадэс-Барнэ праз горы Сэір.

3У саракавым годзе, у адзінаццатым месяцы, у першы дзень месяца сказаў Майсей сынам Ізраэля ўсё, што яму Госпад загадаў, каб ён сказаў ім.

4 Ліч. 21:21-35 Пасля таго, як ён забіў Сэгона, цара амарэяў, які жыў у Хесебоне, і Ога, цара Басана, які жыў у Астароце і ў Эдраі,

5за Ярданам, у зямлі Мааба, пачаў Майсей тлумачыць закон гэты і казаць:

6«Госпад, Бог наш, прамаўляў да нас на Гарэбе, кажучы: “Досыць ужо вам быць на гэтай гары.

7Абярніцеся і выберыцеся, і ідзіце на гару амарэяў і да ўсіх суседзяў іх: у Арабе, і ў гарах, і ў Сэфэле, і ў Нагэбе, і на марскім узбярэжжы; у зямлю хананеяў, і ў Лібан, аж да вялікай ракі Эўфрат.

8 Род. 12:7; 15:18 Вось, кажа, Я даю вам гэтую зямлю. Ідзіце, вазьміце яе ва ўласнасць, бо яе паабяцаў Госпад бацькам вашым Абрагаму, Ізааку і Якубу, што аддасць яе ім і іх нашчадкам пасля іх”».

9 Вых. 18:13-27 Ліч. 11:14 І сказаў ён ім у той час: «Не магу я адзін весці вас;

10 Род. 15:5 Госпад, Бог ваш, памножыў вас, і сёння вас так многа, як зорак у небе.

11Дык хай Госпад, Бог бацькоў вашых, дадасць да гэтай лічбы многія тысячы і дабраславіць вас, як Ён гаварыў вам.

12Не магу я адзін забяспечыць вашы патрэбы, пераносіць вашы цяжары і спрэчкі.

13Абярыце сабе людзей мудрых і богабаязных, лад жыцця якіх выпрабаваны ў пакаленнях вашых, і я пастаўлю іх кіраўнікамі вашымі».

14Тады адказалі вы мне: «Добрая гэта рэч, што ты хочаш зрабіць».

15Дык выбраў я тады з вашых пакаленняў мужоў мудрых і выпрабаваных, і паставіў іх князямі над вамі: тысячнікамі, сотнікамі, кіраўнікамі над пяццюдзесяццю, кіраўнікамі над дзесяццю і загадчыкамі працы для пакаленняў вашых.

16 Ліч. 15:16 У той час загадаў я суддзям вашым: «Слухайце справу братоў вашых і судзіце справядліва, — суайчыннік ён ці прыбылец.

17 Святар. 19:15; Паўт. Зак. 16:19; Высл. 24:23 Не глядзіце на асобу на судзе: выслухайце як вялікага, так і малога, не бойцеся ніводнай асобы, бо гэта суд Божы. А калі б якая справа падавалася вам цяжкай, скіроўвайце да мяне, і я выслухаю».

18У той час загадаў я вам усё, што вы маеце рабіць.

19 Ліч. 13:1–14:45 Потым пакінулі мы Гарэб і прайшлі ўсю тую вялікую і страшную пустыню, якую вы бачылі, праз гару амарэйскую, як загадаў нам Госпад, Бог наш, і прыйшлі ў Кадэс-Барнэ.

20І сказаў я вам: «Вы прыйшлі да гары амарэйскай, якую мае нам даць Госпад, Бог наш.

21Агледзь зямлю, якую дае табе Госпад, Бог твой, увайдзі і вазьмі яе ва ўладанне, як сказаў табе Госпад, Бог бацькоў тваіх; не бойся і нічога не палохайся».

22Прыступілі тады вы ўсе да мяне і сказалі: «Пашлём людзей перад намі, каб агледзелі зямлю і паведамілі пра дарогу, якою маем ісці, і пра гарады, у якія маем увайсці».

23Слова мне спадабалася, і я выбраў паміж вас дванаццаць мужчын, па адным з кожнага пакалення іх.

24Яны выйшлі, і скіраваліся ў горы, і дайшлі аж да даліны Нэгэлескал, і агледзелі зямлю.

25І ўзялі яны плады тае зямлі, і прынеслі нам, і сказалі: «Добрая тая зямля, якую мае даць нам Госпад, Бог наш».

26 Паўт. Зак. 9:23; Геб. 3:16 Але вы не хацелі ісці і не паверылі слову Госпада, Бога вашага.

27І наракалі ў палатках сваіх, і казалі: «Ненавідзіць нас Госпад, таму і вывеў нас з зямлі Егіпецкай, каб выдаць нас у рукі амарэяў ды пагубіць.

28Куды пойдзем? Нашы браты напалохалі сэрца наша, кажучы: народ той шматлікі і перавышае нас ростам, гарады вялікія і аж у неба ўмацаваныя; бачылі мы нават там сыноў Анака».

29Дык сказаў я вам: «Не дрыжыце і не бойцеся іх.

30 Вых. 14:14, 25; Еш. 10:14; Нэгэм. 4:20 Госпад Бог, Які ёсць правадыр ваш, Сам будзе за нас ваяваць, як зрабіў у Егіпце на вачах вашых.

31 Дзеі 13:18 Бачыў ты сам на пустыні, як Госпад, Бог твой, насіў цябе, як звычайна носіць бацька свайго сына малога, ва ўсякай дарозе, якой вы ішлі, аж пакуль не прыйшлі вы ў гэтае месца.

32 Геб. 3:19 Але вы так і не паверылі Госпаду, Богу вашаму,

33 Вых. 13:21 Які ідзе перад вамі ў дарозе і вызначае месца, на якім вам належыць ставіць палаткі, паказваючы вам шлях: ноччу — агнём, каб асвятляць вам дарогу, удзень — у слупе воблачным».

34 Геб. 3:18 Калі Госпад пачуў голас слоў вашых, то разгневаўся, і прысягнуў, і сказаў:

35«Не ўбачыць ніводзін чалавек з гэтага пакалення ліхога тую добрую зямлю, якую Я пад прысягай абяцаў бацькам вашым,

36за выключэннем Калеба, сына Ефоны. Ён яе ўбачыць, яму і сынам яго дам Я гэтую зямлю, па якой ён хадзіў, бо ён рабіў усё, каб быць паслухмяным Госпаду».

37 Паўт. Зак. 4:21 Праз вас і на мяне загневаўся Госпад і казаў: «І ты туды не ўвойдзеш,

38 Паўт. Зак. 3:28 але Ешуа, сын Нуна, твой паслугач, ён туды ўвойдзе. Яго падбадзёрвай, бо ён размяркуе зямлю Ізраэлю.

39Дзеці вашы, пра якіх гаварылі вы, што павядуць іх у палон, і сыны вашы, якія сёння не разумеюць, што добрае або ліхое, яны ўвойдуць; ім дам Я яе, і яны завалодаюць ёю.

40А вы павярніце ды адыдзіце ў пустыню па дарозе праз мора Чырвонае».

41 Ліч. 14:39-45 І адказалі вы мне: «Зграшылі мы перад Госпадам, мы пойдзем і будзем ваяваць, як загадаў нам Госпад, Бог наш». І вы падперазаліся зброяй і выправіліся на гару.

42Госпад сказаў мне: Скажы ім: «Не ўзыходзьце і не ваюйце, бо Я не з вамі, каб не пападалі вы перад ворагамі вашымі».

43Сказаў я, ды вы не паслухалі, і супрацівіліся загаду Госпадаву, і, гнаныя пыхаю, вы ўзышлі на вяршыню гары.

44Дык выйшаў супраць вас амарэй, які жыў на той гары, і пагнаў вас, як звычайна гоняць пчолы, і пабіў вас ад Сэіра аж да Хормы.

45І вярнуліся вы і плакалі перад Госпадам, але Госпад не выслухаў вас і не захацеў звярнуць увагі на голас ваш.

46І прабылі вы ў Кадэсе на працягу таго доўгага часу, пакуль вы там заставаліся.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help