Ламентацыі Ярэміі Раздзел 1 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1О, як сумуе адзінокі горад, калісь такі людны, стаўся ён быццам удавою, валадар народаў; князь над правінцыямі, апынуўся ён пад данінаю.

2Горка ён плача ўсю ноч, і слёзы яго на шчаках яго, няма каму яго суцешыць з усіх прыяцеляў яго: усе сябры яго адвярнуліся ад яго, сталіся яму ворагамі.

3Пайшоў на выгнанне Юда з прычыны прыцяснення і вялікай няволі; жыве ён між народамі, не знаходзіць супакою, усе пераследнікі яго ловяць яго сярод прыцясненняў.

4Дарогі Сіёна пустуюць, бо няма нікога, хто б пайшоў на святы; усе брамы яго панішчаны, войкаюць святары ў смутку, дзяўчаты яго зняважаны, і сам ён горыччу прыгнечаны.

5Ворагі сталі на чале яго, непрыяцелі яго жывуць бяспечна, Госпад бо яго прыціснуў моцна за многія яго злачынствы. Дзяцей яго вядуць нявольнікамі пад наглядам крыўдзіцеля.

6І страціла дачка Сіёна ўсю дастойнасць сваю, кіраўнікі яе — як алені, не знаходзячыя пашы сабе; валакуцца зняможаныя на вачах пераследніка.

7Успомніў Ерузалім дні гора свайго і выгнання, усе каштоўнасці свае, якія меў у даўнасці, пакуль не ўпаў народ яго ў рукі варожыя і ніхто яму не дапамог; бачылі яго ворагі і насміхаліся з загубы яго.

8Зграшыў цяжка Ерузалім, таму стаўся абрыдлым для ўсіх; усе, хто ганарыліся ім, пагардзілі ім, бо бачылі подласць яго: сам ён, уздыхаючы, павярнуўся назад.

9На краях шатаў яго — бруд, не ўспамінае ён пра будучыню сваю, страшна зняважаны ён, не мае нікога, хто б пацешыў. «Пабач, Госпадзе, гора маё, бо перамогу бярэ вораг».

10Вораг працягнуў руку сваю на ўсе яго каштоўнасці, а ён глядзеў на паганаў, як уварваліся ў святыню яго, хоць забараніў Ты ім уваходзіць на сход Твой.

11Увесь народ яго стогне, шукаючы хлеба, на ежу выдалі каштоўнасці свае, каб ажывіць душу: «Зірні, Госпадзе, і ўзваж, бо стаўся я нікчэмны!

12О вы ўсе, што ідзяце дарогаю, прыгледзьцеся і пабачце, ці ёсць пакута, як мая пакута, якую прыгатаваў мне, якою прыціснуў мяне Госпад у дзень, калі ўзгарэўся гнеў Яго.

13З гары агонь саслаў Ён, запусціў яго ў косці мае; раскінуў сець на ногі мае, павярнуў Ён мяне назад: пакінуў мяне адзінокага, апанаванага тугой увесь дзень.

14Сачыў Ён за маімі злачынствамі, рукой Яго згорнуты яны ды ўскладзены на шыю маю, аслабіў Ён сілу маю. Аддаў мяне Госпад у руку, з якой не змагу ніяк падняцца.

15Выдаліў спасярод мяне Госпад усіх волатаў маіх, зборышча прызваў супраць мяне, каб знішчыць юнакоў маіх, як вінатокам, стаптаў Госпад дзеву, дачку Юды.

16Таму я і плачу, ды вока маё цячэ слязой, бо далёкім ад мяне стаўся Суцяшальнік, Той, Хто ажыўляе душу маю; сыны мае прапалі, бо перамог вораг».

17Распасцёр Сіён рукі свае — няма каму яго суцяшаць, Госпад даў загад супраць Якуба, ворагі яго акружылі, стаўся Ерузалім, як спаганены нячыстасцю між імі.

18«Справядлівы ёсць Госпад, бо супрацівіўся я слову вуснаў Яго. Слухайце, малю, усенькія народы, ды паглядзіце на боль мой: дзяўчаты мае і юнакі мае пайшлі ў няволю.

19Клікаў я прыяцеляў сваіх, але яны мяне падманулі, святары мае і старэйшыны мае прапалі ў горадзе, бо шукалі харчоў сабе, каб ажывіць душу сваю.

20Зірні, Госпадзе, бо я пакутую; трасецца нутро маё, сціскаецца сэрца маё ўва мне, бо я быў надзвычай праціўны Табе, на дварэ пагражае мне меч, а дома — смерць.

21Паслухай, як я ўздыхаю, — ды няма каму мяне пацешыць; усе ворагі мае, пачуўшы аб няшчасці маім, цешацца, бо Ты гэта зрабіў. Прывядзі той дзень, які Ты прадказаў, каб сталіся яны падобнымі да мяне.

22Няхай уся іх ліхота выйдзе перад аблічча Тваё, і ім зрабі так, як мне зрабіў дзеля ўсялякіх злачынстваў маіх; вялікія бо стагнанні мае і сэрца маё сумуе».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help