Кніга Даніэля Раздзел 2 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1На другі год царавання меў Набукаданосар сон; і ўстрывожыўся дух яго, што і сон не браў яго.

2 Род. 41:8 І цар загадаў склікаць прадказальнікаў, і варажбітоў, і чараўнікоў, і халдэйцаў, каб сказалі цару сны яго; калі яны прыйшлі, то сталі перад царом.

3І цар сказаў ім: «Меў я сон, і дух мой занепакоены, каб зразумець сон».

4І сказалі халдэйцы цару па-арамейску: «Цару, вечна жыві! Раскажы паслугачам сваім сон, ды высветлім яго сэнс».

5І ў адказ сказаў цар халдэйцам: «Вось што я гавару. Калі не высветліце мне сну і яго сэнсу, будзеце разарваны на кавалкі і дамы вашы будуць разбураны;

6 Дан. 5:7 а калі высветліце мне сон і яго сэнс, атрымаеце ад мяне дары, і ўзнагароды, і вялікую пашану. Дык раскажыце мне сон і яго сэнс».

7Адказалі паўторна і сказалі: «Хай цар раскажа сон сваім паслугачам, і мы высветлім яго сэнс».

8У адказ сказаў цар: «Разумею, канешне, добра, што хочаце мець час, ведаючы, што слова адышло ад мяне.

9Такім чынам, калі не высветліце мне сну — адзін ёсць для вас прысуд. І вы згаварыліся выявіць мне слова лжывае і поўнае ашуканства, пакуль не зменяцца часы; дык выявіце мне сон, каб я мог пераканацца, што можаце мне высветліць яго сэнс».

10І халдэйцы адказалі цару: «Няма чалавека на зямлі, які б мог высветліць слова цара; таму ніводзін з цароў, хоць вялікіх і магутных, не выведвае такое слова ад усякага прадказальніка, і ад варажбіта, і ад халдэйца.

11Пытанне бо, якое ты, цар, ставіш, — цяжкае, і ніхто не зможа на яго адказаць цару, акрамя багоў, якія не прабываюць паміж людзей».

12Пачуўшы гэта, цар, апанаваны вялікім гневам і абурэннем, загадаў пазабіваць усіх мудрацоў бабілонскіх.

13І калі выйшаў загад, каб загубіць мудрацоў, шукаліся Даніэль і сябры яго, каб разам былі забіты.

14Звярнуўся тады Даніэль з парадай і разважлівасцю да Арыёха, кіраўніка варты царскай, які выбраўся, каб загубіць мудрацоў бабілонскіх;

15сказаў ён Арыёху, які атрымаў паўнамоцтвы ад цара: «Чаму такі строгі загад царскі?» Такім чынам, калі Арыёх прадставіў Даніэлю справу,

16Даніэль, пайшоўшы, папрасіў цара, каб вызначыў ён яму час на выяўленне сэнсу сну цару;

17і вярнуўся Даніэль дадому, і расказаў справу сваім сябрам Ананію, Місаэлю і Азарыю,

18каб прасілі міласэрнасці перад абліччам Бога нябеснага аб гэтай таямнічай справе і каб Даніэль са сваімі сябрамі не загінулі разам з другімі мудрацамі бабілонскімі.

19Тады Даніэль у начным бачанні атрымаў выяўленне таямніцы, дык дабраслаўляў Даніэль Бога неба і казаў:

20«Хай будзе дабраславёна імя Бога ва ўсе векі вечныя, бо мудрасць і ўсемагутнасць ёсць у Яго;

21і Ён змяняе часы і вякі, устараняе і ўстанаўляе цароў, дае мудрасць мудрым і разумнасць разумным.

22 1Цім. 6:16; Геб. 4:13 Ён аб’яўляе глыбокае і схаванае і ведае, што знаходзіцца ў цемры, ды святло жыве з Ім.

23Цябе, Божа маіх бацькоў, слаўлю і Цябе ўхваляю! Бо даў мне мужнасць і мудрасць і выявіў мне зараз тое, аб чым мы малілі Цябе, бо слова царскае выявіў нам».

24Таму Даніэль пайшоў да Арыёха, якога паставіў цар, каб пазабіваць мудрацоў бабілонскіх, ды так сказаў яму: «Не забівай мудрацоў бабілонскіх; завядзі мяне да цара, і я раскажу цару сэнс сну».

25Тады Арыёх хутка завёў Даніэля да цара і сказаў яму: «Знайшоў я чалавека сярод выселеных з Юды, які выявіць цару сэнс сну».

26 Дан. 1:7 Цар звярнуўся і сказаў Даніэлю, якога імя было Балтасар: «Ці сапраўды можаш выявіць мне сон, які я бачыў, і раскрыць яго сэнс?»

27І ў адказ Даніэль сказаў перад абліччам цара: «Таямніцу, пра якую цар пытае, не змогуць выявіць ані мудрацы, ані прадказальнікі, ані варажбіты, ані астролагі;

28але ёсць Бог у небе, Які адкрывае таямніцы, і Ён выяўляе цару Набукаданосару, што станецца ў апошнія дні. Твой сон і бачанні галавы тваёй, якія ты меў на сваім ложку, ёсць наступныя:

29цябе, цару, на тваім ложку ахапілі думкі аб тым, што мае пазней надысці; і Той, Хто раскрывае таямніцы, выявіў табе, што станецца.

30Таксама, што да мяне, таямніца гэта стала мне вядомай не дзеля мудрасці, якой у мяне больш, чым ва ўсіх жывучых, але каб даць выясненне цару і каб ты разумеў думкі свайго сэрца.

31Ты, цару, бачыў: і вось, адна статуя вельмі вялікая, статуя гэтая, вялікая і высокая, стаяла перад табой, і выгляд яе быў страшны.

32Галава гэтае статуі была з чыстага золата, грудзі ж яе і плечы — са срэбра, а жывот і клубы — з медзі,

33ногі ж — з жалеза, ступні яе — часткова з жалеза, а часткова з гліны.

34Так бачыў ты, што, вось, адарваўся камень, хаця не дакранулася да яго рука людская, і ўдарыў статую ў яе ногі з жалеза і гліны, і паламаў іх;

35тады зараз жа паламаны былі жалеза, гліна, медзь, срэбра і золата, ды сталі яны, як мякіна на таку летам, і падняў іх вецер, так што не застаўся па іх след; камень жа, які ўдарыў статую, стаў вялікай гарою і запоўніў усю зямлю.

36Такі вось сон; яго сэнс таксама скажам табе, цару.

37 Дан. 5:18 Ты цар цароў, і Бог неба даў табе царства, і сілу, і моц, і славу,

38і ў тваю руку даў усё, дзе жывуць людзі, і звяры палявыя, і птушкі нябесныя, і цябе зрабіў валадаром над імі ўсімі, ты — галава залатая.

39І па табе ўзнікне іншае царства, меншае, чым тваё, і надыдзе трэцяе царства, меднае, якое будзе валадарыць над усёй зямлёй.

40І чацвёртае царства будзе трывалае, як жалеза; як жалеза, што ўсё крышыць і ламае на кавалкі, і як жалеза, што, разбіваючы, знішчае ды крышыць усё гэта.

41Затым тое, што ты ўбачыў ногі і пальцы, часткова зробленыя з гліны і часткова — з жалеза, значыць, што царства будзе падзелена; і будзе ў яго трываласць жалеза паводле таго, што ўбачыў ты жалеза, змяшанае з глінай.

42І пальцы ног часткова з жалеза і часткова з гліны, — гэта значыць, што царства будзе часткова трывалае, часткова — крохкае.

43А тое, што ты ўбачыў жалеза, змяшанае з глінай, значыць да таго ж, што змяшаюцца яны праз людское семя, але не будуць прымацаваны адзін да аднаго, падобна як жалеза не можа злучыцца з глінаю.

44 Дан. 7:14 А ў часы гэтых царстваў Бог Неба ўзбудзіць Валадарства, якое вытрывае вечна ды ўлада яго не пяройдзе на другі народ: сатрэ і знішчыць яно ўсе гэтыя царствы і само будзе трываць вечна.

45Як ты гэта ўбачыў, калі камень адарваўся ад гары, хоць не дакранулася да яго рука людская, і знішчыў жалеза, і медзь, і гліну, і срэбра, і золата; вялікі Бог выявіў цару, што станецца пазней: і праўдзівы ёсць сон, і выясненне яго вернае».

46Тады Набукаданосар упаў на твар свой, і пакланіўся Даніэлю, і загадаў зрабіць яму ахвяры з ежы і духмянае каджэнне.

47Такім чынам, звярнуўся цар да Даніэля і сказаў: «Ваш Бог ёсць сапраўды Бог багоў і Валадар цароў, Які выяўляе таямніцы, бо змог ты выявіць гэту таямніцу».

48Потым узвысіў цар Даніэля і даў яму многа багатых дароў ды зрабіў яго кіраўніком намеснікаў над усімі правінцыямі бабілонскімі і кіраўніком над усімі мудрацамі Бабілона.

49Даніэль жа папрасіў цара і паставіў над справамі правінцыі бабілонскай Сэдрака, Місака і Абдэнагу; Даніэль жа прабываў пры царскай браме.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help