Кніга Мудрасці 2 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1Бо няправільна разважаючы, сказалі сабе: «Наша жыццё кароткае і сумнае! І няма ратунку чалавеку ад смерці, і не ведаем анікога, хто б вярнуўся з апраметнай.

2 Пс. 102:4 Нарадзіліся мы выпадкова і потым будзем, як быццам нас ніколі не было. Дыханне бо ў ноздрах нашых – як дым, і слова – як іскра з удару сэрца нашага;

3калі яна патухне, цела наша зменіцца ў парахно і дух счэзне, як лёгкае паветра.

4 Экл. 1:11; Ёў 7:9; 8:9; Пс. 144:4 І імя наша пойдзе з часам у небыццё, і ніхто не будзе памятаць твораў нашых; і праміне жыццё наша, як след воблака, і развеецца, як туман, што разагнаны промнямі сонца ды цяплом яго разагрэты.

5Час наш прамінае, быццам цень, і смерць наша не мае павароту: бо наклалася пячаць і ніхто не вяртаецца.

6 Іс. 22:13; 1Кар. 15:32 Дык ідзіце, і будзем карыстацца з таго, што добрае, і, як у маладосці, пільна пакарыстаемся жыццём.

7Насыцімся віном каштоўным і духмянасцямі, і хай не пройдзе міма нас кветка вясновае пары;

8пазвіваем сабе вянок з ружаў, пакуль яшчэ не павялі,

9хай не будзе выключэннем аніводзін луг у нашай раскошы: усюды пакінем сляды весялосці; бо гэта доля наша і гэта наша спадчына.

10Будзем крыўдзіць бедняка справядлівага, і не пашкадуем удавы, і не ўшануем старога шматгадовай сівізны.

11Сіла ж наша будзе законам справядлівасці; бо тое, што кволае, – некарыснае.

12Дык насядзем на справядлівага, бо ён нам невыгодны і праціўны нашым учынкам, і ён упікае нас за грахі перад законам і асуджае ў нас грахі нашых паводзін.

13Хваліцца, што ведае Бога ды называе сябе сынам Божым.

14Стаў ён нам асуджэннем намераў нашых, прыкры ён нават для вачэй нашых,

15бо жыццё яго не падобнае да жыцця іншых і іншыя яго дарогі.

16 Ян. 5:18 Ацэньвае ён нас, як металічныя адыходы, і ўхіляецца ён ад дарог нашых, быццам ад нячыстых, канец справядлівых лічыць шчасным і хваліцца, што Бог – яго бацька.

17Дык пабачым, ці словы яго праўдзівыя, і праверым, які будзе яго канец:

18калі бо ён сапраўды Сын Божы, Бог заступіцца за яго і вызваліць яго з рук ворагаў.

19Праверым яго знявагаю і здзекамі, каб пазнаць яго ласкавасць, ды выпрабуем яго цярплівасць;

20асудзім яго на смерць самую ганебную, бо паводле слоў яго ён будзе выпрабаваны».

21Так вось яны разважалі – і памыліліся, бо іх пераваротнасць іх засляпіла,

22і не адгадалі таямніц Божых, і не ўскладалі надзею на святасць, і не ўцямілі годнасці душ беззаганных.

23 Род. 1:26, 27 Бо Бог стварыў чалавека ў несмяротнасці і зрабіў яго вобразам падабенства Свайго;

24а праз зайздрасць шатанскую прыйшла смерць на зямлю; удзельнічаюць жа ў ёй тыя, якія стаяць на яго баку.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help