1-я Кніга Макабэяў 3 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1І замясціў яго сын яго – Юда, які зваўся Макабэй.

2І падтрымалі яго ўсе браты яго ды ўсе, якія раней далучыліся да бацькі яго; і ваявалі за Ізраэль з радасцю.

3І ён пашырыў славу народа свайго, і апрануў на сябе панцыр, як велікан, і падперазаўся ваеннаю зброяю сваёй, і правёў бітву, абараняючы лагер мечам.

4У дзейнасці сваёй быў падобны да льва і да рыкаючага львяняці, калі ён кідаецца на здабычу;

5і пераследаваў бязбожных; вышукваў іх ды паліў тых, якія крыўдзілі яго народ.

6І дрыжэлі ад страху ліхотнікі ды ўсе злачынцы былі напалоханы; і ўдавалася яму ратаваць паспяхова.

7І ён раззлаваў многіх цароў; і Якуб цешыўся з яго дзейнасці, і навечна застанецца памяць пра яго з дабраславеннем.

8І прайшоў па гарадах Юды, і выгубіў у ёй бязбожных, і адвярнуў гнеў ад Ізраэля,

9і імя яго было вядомым аж на ўскрайку зямлі, і сабраў ён гінучых.

10Вось жа, Апалоній сабраў паганаў і вялікае войска з Самарыі, каб ваяваць супраць Ізраэля.

11І даведаўся аб гэтым Юда, і выступіў супраць яго; і перамог яго, і забіў, і многія загінулі, пакалечаныя, і іншыя паўцякалі.

12І яны забралі здабычу іх, і меч Апалонія забраў Юда; і ён ваяваў ім усё жыццё сваё.

13І Сэрон, кіраўнік сірыйскага войска, пачуў, што Юда сабраў сход і сазваў да сябе людзей верных, каб ісці ваяваць,

14ды сказаў ён: «Праслаўлю імя сваё, і славу сабе здабуду ў царстве, і адолею Юду і тых, што з ім разам, бо яны пагарджаюць загадам царскім».

15І адправіўся ён, і з ім пайшло войска бязбожных моцнае, у дапамогу яму, каб чыніць помсту на сынах Ізраэля.

16І наблізіўся аж да ўзгорка Бэтарон, і супраць яго выйшаў Юда з малой дружынай.

17Калі ж яны ўбачылі войска, што ішло на іх, сказалі Юдзе: «Нас так мала і мы сёння слабыя, бо нічога не елі, ці зможам ваяваць супраць такога вялікага і дужага войска?»

18Юда сказаў: «Лёгка могуць быць адданыя многія ў рукі нямногіх; і перад небам няма розніцы, многімі вызваліць, ці нямногімі,

19 1Сам. 14:6 бо перамога ў баі залежыць не ад мноства войска, але яго сіла – ад неба.

20Яны ідуць на нас, поўныя пыхлівасці і злачыннасці, каб знішчыць нас, і жонак нашых, і дзяцей нашых ды каб абрабаваць нас;

21мы ж ваюем за жыццё нашае і за законы нашыя,

22і Сам Госпад сатрэ іх перад абліччам нашым; вы ж іх не бойцеся».

23Калі ж перастаў гаварыць, напаў ён на іх раптоўна; і Сэрон, і войска яго былі пабіты перад абліччам яго.

24І пераследаваў яго аж да спуску Бэтарон, аж да раўніны, і пала іх восемсот чалавек; а іншыя ўцяклі ў Філістынскую зямлю.

25Ды ахапіў страх перад Юдам і братамі яго, і жах напаткаў паганаў вакол іх;

26і слава імя яго дайшла да цара ды пра бітвы Юды расказвалі ўсе народы.

27Антыёх, пачуўшы гэтыя апавяданні, закіпеў у душы гневам; і разаслаў вестуноў, і сабраў войска з усяго царства свайго, армію надта вялікую.

28І адчыніў скарбоўню сваю, і выдаў утрыманне войску на ўвесь год, і загадаў ім, каб былі прыгатаваны да ўсяго.

29І вось заўважыў, што нестае грошай у яго скарбоўнях і што падаткі краіны малыя з прычыны разладу і няшчасця, якое ўчыніў у гэтай зямлі, каб скасаваць законы, якія былі ад найдаўнейшых часоў;

30ды забаяўся, што, як не раз і не два здаралася, не будзе мець грошай на пакупкі і дарункі, якія раней раздаваў шчодрай рукой, і быў шчадрэйшы за папярэдніх цароў.

31І дужа быў заклапочаны гэтым, і рашыўся ісці ў Персію, і ўзяць падаткі з тых рэгіёнаў, і сабраць многа срэбра.

32І над царскімі справамі пакінуў ён Лісію, чалавека вяльможнага і з царскага роду, на тэрыторыі ад ракі Эўфрат аж да межаў Егіпта,

33і даручыў яму на выхаванне сына свайго Антыёха аж да свайго вяртання.

34І перадаў яму палову войска, і сланоў, і даў яму загады адносна ўсяго, што хацеў, і ў дачыненні жыхароў Юдэі і Ерузаліма,

35каб ён паслаў супраць іх войска, дзеля знішчэння і выкаранення сілы Ізраэля ды астаткаў Ерузаліма, ды каб сцерці памяць аб іх на тым месцы,

36ды каб пасяліць ва ўсіх граніцах іх чужых жыхароў і зямлю іх падзяліць жэрабем.

37І цар забраў другую палову свайго войска і ў сто сорак сёмым годзе адправіўся з горада царства свайго, Антыёхіі, і пераправіўся праз раку Эўфрат, і прабіраўся праз гарыстыя краіны.

38 2Мак. 8:9-11 І Лісія выбраў Пталемея, сына Дарымэна, і Міканора, і Горгію – мужчын магутных паміж прыяцеляў цара, –

39і паслаў з імі сорак тысяч чалавек і сем тысяч коннікаў, каб пайшлі ў зямлю Юды ды спустошылі яе па царскім загадзе.

40І адправіліся яны з усім сваім войскам; і прыбылі; і непадалёку ад Эмауса паставілі лагер на раўніне.

41І пачулі імёны іх купцы краіны, і набралі надта многа срэбра і золата, таксама кайданы на ногі, і прыйшлі ў лагер, каб узяць ізраэльцаў за нявольнікаў, і далучыліся да іх дружыны з Сірыі і з зямлі чужынцаў.

42 2Мак. 8:12-18 І Юда, і браты яго ўбачылі, што памножыліся беды і што войска наблізілася да межаў іх, і даведаліся пра загад цара, каб знішчыць народ зусім, да астатку.

43Ды сказалі адзін аднаму: «Паўстаньма супраць знішчэння народа нашага і ваюйма за наш народ і святых нашых».

44Ды сабраўся сход, каб былі яны гатовыя да бою ды каб маліліся і прасілі міласэрнасці і літасці.

45І Ерузалім быў неабжыты, быццам пустыня; паміж сыноў яго ніхто не ўваходзіў і ніхто не выходзіў, і святыня тапталася, і сыны чужынцаў пражывалі ў крэпасці; там было прыстанішча паганаў. І аднята была ад Якуба радасць, і зніклі флейта і цытра.

46 Суд. 20:1, 2; 1Сам. 7:5, 6 І сышліся, і пайшлі ў Міцпу насупраць Ерузаліма, таму што ў Міцпе было калісьці месца малення для Ізраэля;

47і ў той дзень посцілі, і ўсклалі на сябе зрэбніцы, і галовы свае пасыпалі попелам, і параздзіралі на сабе адзенне,

48 2Мак. 8:23 і разгарнулі кнігу закону з тою мэтаю, з якой пагане пытаюцца ў статуй сваіх ідалаў;

49і прынеслі святарскія шаты, і першыя плады, і дзесяціны, і паклікалі назіраў, якія напоўніліся днямі,

50і заклікалі ўголас да неба, пытаючыся: «Што маем рабіць з імі і куды маем іх весці?

51І святыні Твае стаптаныя і спаганеныя, і святары Твае ў жалобе і ў пакоры;

52і, вось, пагане сабраліся супраць нас, каб нас загубіць; Ты знаеш іх намеры адносна нас.

53Як зможам мы супрацьстаяць ім, калі Ты не дапаможаш нам?»

54І затрубілі ў трубы, і загаманілі моцным голасам.

55 2Мак. 8:21, 22 І затым Юда паставіў кіраўнікоў над народам, тысячнікаў, і сотнікаў, і пяцідзесятнікаў, і дзесятнікаў,

56 Паўт. Зак. 20:5-8; Суд. 7:3 і сказаў тым, якія будавалі дамы, і жаніліся, і закладалі вінаграднікі, і баяліся, што па законе кожны вернецца ў дом свой.

57І зняліся з лагера і размясціліся на поўдзень ад Эмауса.

58І Юда загадаў: «Падперажыцеся і будзьце сынамі моцнымі, і падрыхтуйцеся да раніцы, бо пойдзем змагацца супраць тых народаў, што сабраліся супраць нас, каб знішчыць нас і нашы святыні;

59бо лепш нам памерці ў баі, чым глядзець на гора народа нашага і святых.

60А якая будзе воля на небе, хай так станецца».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help