1А цяпер, Ізраэль, слухай прыказанні і законы, якім я вучу вас, каб, выконваючы іх, вы жылі, і ўвайшлі, і завалодалі зямлёю, якую мае даць вам Госпад, Бог бацькоў вашых.
2 Паўт. Зак. 12:32; Адкр. 22:18, 19 Не дадавайце нічога да слова, што я вам кажу, ані аднімайце ад яго; выконвайце прыказанні Госпада, Бога вашага, якія я вам загадваю.
3 Ліч. 25:1-9 Вочы вашы бачылі ўсё, што зрабіў Госпад супраць Баал-Пэгора, як Ён вынішчыў сярод вас усіх паслядоўнікаў яго.
4А вы ўсе, якія засталіся вернымі Госпаду, Богу вашаму, жывеце аж па сённяшні дзень.
5Вось жа, я навучыў вас прыказанням і законам, як загадаў мне Госпад, Бог мой, каб вы так рабілі ў той зямлі, якую маеце атрымаць ва ўласнасць.
6Беражыце і выконвайце іх, бо ў гэтым мудрасць ваша і разумнасць перад народамі, якія, чуючы аб усіх прыказаннях гэтых, будуць казаць: «Вось народ мудры і разумны, племя гэтае вялікае!»
7 1Пар. 17:21 Бо дзе ж ёсць другі народ такі вялікі, які б меў так блізкіх сабе багоў, як Госпад, Бог наш, Які бывае з намі, калі мы Яго прызываем?
8І які ж другі народ так вялікі, які б меў прыказанні і справядлівыя законы, як увесь гэты закон, які я сёння прапаную вам перад вачамі вашымі?
9Дык пільна беражы сябе самога і душу сваю, і не забудзь падзей, якія бачылі вочы твае, і хай не выйдуць яны з сэрца твайго ва ўсе дні жыцця твайго. Ты навучыш гэтаму дзяцей і ўнукаў сваіх
10у той дзень, калі ты стаяў у прысутнасці Госпада, Бога твайго, на Гарэбе, калі Госпад сказаў мне: «Збяры да Мяне народ, хай пачуюць словы Мае, каб навучыліся шанаваць Мяне ва ўсе дні жыцця на зямлі і навучылі сыноў сваіх».
11 Вых. 19:16-18; Геб. 12:18, 19 Тады вы наблізіліся і стаялі ля падножжа гары, якая палала аж пад неба, і былі над ёю цемра, хмары і змрок.
12І прамовіў Госпад да вас з сярэдзіны агню; і гук слоў вы чулі, але ўнутры аблічча не бачылі.
13 Вых. 31:18; 34:28; Паўт. Зак. 9:10 Ён аб’явіў вам запавет Свой і загадаў, каб яго выконвалі, і дзесяць прыказанняў, якія напісаў на дзвюх каменных табліцах.
14 Вых. 21:1 У гэты час загадаў мне Госпад вучыць вас прыказанням і законам, якія павінны вы выконваць на зямлі, якую маеце атрымаць ва ўласнасць.
15Дык беражыце пільна душы вашы, бо не бачылі вы ў той дзень ніякага падабенства, калі гаварыў да вас Госпад на гары Гарэб пасярод агню,
16 Вых. 20:4; Святар. 26:1; Паўт. Зак. 5:8; 27:15 каб вы не сапсаваліся і не зрабілі сабе ідала, вырабляючы яго на падабенства мужчыны або жанчыны,
17 Рым. 1:23 або на падабенства якой-небудзь жывёліны, якая знаходзіцца на зямлі, або птушкі, што лётае пад небам,
18або паўзуноў, якія рухаюцца па зямлі, або рыб, якія плаваюць у вадзе пад зямлёй;
19і каб часам, калі падымеш вочы ў неба і ўбачыш сонца і месяц, і зоркі, і ўсё нябеснае войска, не спалохаўся і не пачаў пакланяцца ім і служыць ім, бо Госпад, Бог твой, прызначыў іх усім народам, якія ёсць пад небам.
20А вас выбраў Госпад і вывеў вас з жалезнай печы егіпецкай, каб мець народ спадчынны, як гэта ёсць сёння.
21 Ліч. 20:12; Паўт. Зак. 1:37 Дзеля вашай гаворкі разгневаўся Госпад на мяне і прысягнуў, што я не перайду Ярдана і не ўвайду ў найлепшую зямлю, якую мае даць табе ў спадчыну Госпад, Бог твой.
22Вось жа, я памру на гэтай зямлі, і не перайду праз Ярдан, але вы пяройдзеце праз яго і атрымаеце ва ўласнасць гэтую выдатную зямлю.
23Дык сцеражыцеся, каб не забыліся вы пра запавет Госпада, Бога вашага, які заключыў Ён з вамі, і каб не рабілі вы сабе выяў, падобных да ўсяго, што забараніў Госпад, Бог твой,
24 Вых. 24:17; Паўт. Зак. 9:3; Геб. 12:29 бо Госпад, Бог твой, ёсць агонь знішчальны, Бог руплівы апякун.
25 Паўт. Зак. 11:16, 17; 30:17, 18 Калі ж ты народзіш сыноў і ўнукаў, і будзеце вы доўга жыць на зямлі, і, сапсаваўшыся, зробіце статую на падабенства чагосьці, і ўчыніце ліхое перад Госпадам, Богам вашым, так што давядзеце Яго да гневу,
26дык бяру сёння неба і зямлю за сведкаў супраць вас, што хутка будзеце вы выгублены з зямлі, якую вы, перайшоўшы Ярдан, маеце атрымаць ва ўладанне. Не доўга будзеце жыць на ёй, але знішчыць вас Госпад
27 Паўт. Зак. 28:36 Паўт. Зак. 28:64 і расцярушыць паміж плямёнамі, і нямногія з вас застануцца сярод народаў, да якіх мае вывесці вас Госпад.
28Там будзеце служыць багам, зробленым рукамі людзей, дрэву і каменю, якія не бачаць, не чуюць, не ядуць, не адчуваюць паху.
29І там, калі будзеш шукаць Госпада, Бога твайго, знойдзеш Яго, калі толькі будзеш шукаць Яго ўсім сэрцам і ўсёю душою сваёй.
30Калі ў горы тваім прыйдзе да цябе ўсё, што прадказана ў апошнія дні, то ты вернешся да Госпада, Бога твайго, і пачуеш голас Яго,
31бо Госпад, Бог твой, — Бог міласэрны, Ён не пакіне цябе, не знішчыць зусім і не забудзе запавету, у якім склаў прысягу бацькам тваім.
32Папытайся ў даўніх часоў, якія былі перад табой ад дня, калі стварыў Бог чалавека на зямлі, ад аднаго краю неба да другога, ці было што-колечы такое вялікае, як гэтая справа, і ці было вядома пра штосьці падобнае?
33 Вых. 19:18, 19; Паўт. Зак. 5:26 Ці чуў які народ голас Бога, Які прамаўляў з сярэдзіны агню, як ты пачуў і застаўся жывым?
34 Паўт. Зак. 7:19 Або ці спрабаваў які бог прыйсці і выбраць сабе народ пасярод народаў праз выпрабаванні, знакі і цуды, праз войны, рукой дужай і плячом узнятым, ды праз вялікія жахі, як усё, што зрабіў вам Госпад, Бог ваш, у Егіпце на вачах тваіх?
35 1Цар. 8:60; Іс. 45:21; Мк. 12:32 Табе паказана гэта, каб ты ведаў, што Госпад ёсць Бог, і апроч Яго няма іншага.
36Ён даў табе з неба чуць голас Свой, каб навучыць цябе; на зямлі паказаў табе агонь Свой велізарны; і ты пачуў словы Яго з сярэдзіны агню,
37бо Ён палюбіў бацькоў тваіх і выбраў нашчадкаў іх пасля іх. І вывеў цябе абліччам Сваім з Егіпта сілай вялікаю,
38каб выгнаць народы большыя і мацнейшыя за цябе ў час уваходу твайго ды каб увесці цябе і даць табе зямлю іх ва ўласнасць, як ты гэта сёння бачыш.
39 Еш. 2:11 Дык пераканайся сёння і разваж у сэрцы сваім, што толькі Госпад ёсць Бог на небе высока і на зямлі нізка і няма іншага.
40 Паўт. Зак. 5:33 Захоўвай прыказанні Яго і запаветы, якія я сёння даручаю табе, каб добра было табе і дзецям тваім па табе і каб ты жыў доўгі час на зямлі, якую Госпад, Бог твой, мае даць табе».
41 Еш. 20:8, 9 Потым аддзяліў Майсей тры гарады за Ярданам на ўсход сонца,
42каб туды мог уцячы кожны, хто забіў блізкага мімаволі і не быў яму ворагам ні ўчора, ні заўчора, ды каб мог ён уцячы ў адзін з тых гарадоў і жыў там.
43Гэта Басор у пустыні, што знаходзіцца на раўніне, для сыноў Рубэна; і Рамот у Галаадзе для сыноў Гада, і Галан у Басане для сыноў Манасы».
44Такі вось закон прапанаваў Майсей перад сынамі Ізраэля;
45вось такія сведчанні, прыказанні і законы, якія абвясціў ён сынам Ізраэля, калі выйшлі яны з Егіпта,
46за Ярданам на лагчыне насупраць Бэт-Пэгора, у зямлі Сэгона, цара амарэяў, які жыў у Хесебоне, якога знішчыў Майсей і сыны Ізраэля па выхадзе з Егіпта.
47 Паўт. Зак. 29:7, 8 І завалодалі яны зямлёю яго і зямлёю Ога, цара Басана, двух цароў амарэйскіх, якія жылі за Ярданам на ўсход сонца;
48ад Араэра, што на беразе ручая Арнон, аж да гары Сіён, значыць Гэрмон,
49і ўсёю зямлёю Арабы за Ярданам на ўсходзе, аж да мора Арабы ля падножжа гары Пісгі.
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.