1 Лк. 1:46-55 Пс. 92:11 І Ганна малілася і казала: «Радуецца сэрца маё ў Госпадзе, узняўся рог мой у Богу маім; адкрыліся вусны мае супраць ворагаў маіх, бо ўзвесялілася я ў збаўленні Тваім.
2Ніхто не святы так, як Госпад; бо няма нікога іншага, апроч Цябе, ніхто не магутны, як наш Бог.
3Перастаньце гаварыць, услаўляючы фанабэрыстае. Хай спыніцца пыхлівасць вуснаў вашых, бо Бог ёсць Госпад ведаў і Ім ацэньваюцца ўчынкі.
4Лук моцных зламаўся, а кволыя набраліся сілы.
5Раней сытыя наймаюцца за хлеб, а галодныя больш не жывуць у нястачы. Бясплодная нараджае шмат разоў, а тая, што мела многа сыноў, — завяла.
6 Паўт. Зак. 32:39 Госпад дае смерць і жыццё, укідае ў пекла і з яго выцягвае.
7Госпад робіць бедным і багатым, робіць пакорлівым і ўзвышае;
8 Пс. 112:7 Ён выцягвае беднага з гною і са смецця падымае няшчаснага, каб пасадзіць яго з князямі і каб атрымаў ён у спадчыну пасад славы. Бо Госпадавы — асновы зямлі, на іх Ён паставіў зямлю.
9Зберажэ Ён ногі святых Сваіх, бязбожнікі ж у цемры сціхаюць, бо не сваёю сілаю чалавек дужы.
10Госпад знішчыць супраціўнікаў Сваіх; загрыміць на іх у нябёсах. Госпад будзе судзіць увесь свет, і дасць уладу Валадару Свайму, і ўзвысіць дух Свайго Памазанца».
11І вярнуўся Элькана ў Раму, у дом свой. А хлопчык быў паслугачом перад абліччам Госпада пад наглядам Гэлі, святара.
12А сыны Гэлі, сыны Бэліяла, не ведалі Госпада,
13ані абавязка святарскага адносна народа, але калі хто складаў ахвяру, то прыходзіў паслугач святара з трохзубым відэльцам ў руцэ сваёй і, калі варылася мяса,
14запускаў яго ў кацёл, або ў гаршчок, або ў патэльню, або ў міску і ўсё, што выцягваў відэльцам, забіраў сабе святар. Так паступалі з усімі ізраэльцамі, што прыходзілі ў Сіло.
15Нават яшчэ не спалілі яны тлушч, а ўжо прыходзіў паслугач святара і казаў таму, хто складаў ахвяру: «Дай мне мяса, каб я прыгатаваў яго святару; бо ён не прыме ад цябе варанага мяса, але толькі сырое».
16І казаў яму той, хто складаў ахвяру: «Спачатку хай сёння, згодна звычаю, згарыць тлушч, і тады возьмеш сабе, што душа твая пажадае». Ён, адказваючы, гаварыў яму: «Ніякім чынам; ты аддасі зараз, а калі не, забяру сілай».
17І грэх тых юнакоў быў вельмі вялікі перад Госпадам, бо зневажалі яны ахвяры Госпадавы.
18Самуэль жа служыў перад абліччам Госпада, як паслугач, апрануты ў ільняны эфод.
19І маці яго шыла яму малую туніку, якую прыносіла яму штогод, калі прыходзіла з мужам сваім, каб скласці ахвяру гадавую.
20І дабраславіў Гэлі Элькану і жонку яго, і казаў: «Хай дасць табе Госпад нашчадкаў ад гэтай жонкі за просьбу, аб якой папрасіла яна Госпада». І яны вярталіся ў свой дом.
21І наведаў Госпад Ганну, і яна пачала і нарадзіла трох сыноў і дзве дачкі. А юнак Самуэль рос пры Госпадзе.
22А Гэлі быў надта стары і чуў ён усё, што рабілі сыны яго адносна ўсіх ізраэльцаў і як яны спалі з жанчынамі, якія служылі пры ўваходзе ў палатку сустрэчы,
23і сказаў ён ім: «Чаму робіце вы такія рэчы, аб якіх я чую, найгоршыя рэчы, ад усяго народа?
24Перастаньце, сыны мае; не добрая бо гэта слава, пра якую я чую, што разбэшчваеце вы народ перад Госпадам.
25Калі зграшыць чалавек супраць чалавека, суддзёю яму можа быць Бог; але калі супраць Госпада зграшыць чалавек, то хто заступіцца за яго?» Але яны не слухалі голасу бацькі свайго, бо Госпад вырашыў аддаць іх на смерць.
26 Лк. 2:52 Юнак жа Самуэль рос і вырастаў, і падабаўся як Госпаду, так і людзям.
27Прыйшоў да Гэлі чалавек Божы і сказаў яму: «Гэта кажа Госпад: “Ці Я не аб’явіўся адкрыта ў доме бацькі твайго, калі быў ён у Егіпце, у доме фараона?
28 Вых. 28:1-4; Святар. 7:31-36; 10:14 І паміж усіх пакаленняў Ізраэля выбраў яго Сабе ў святары, каб прыходзіў да ахвярніка Майго і спальваў для Мяне ахвяру, і насіў перад абліччам Маім эфод; і Я даў дому бацькі твайго ўсё з ахвяр сыноў Ізраэля.
29Чаму вы топчаце пятою Маю ахвяру і Мае дары, якія Я ўстанавіў, каб складаць іх у святыні, і ты больш паважаў сыноў сваіх, чым Мяне, каб яны сыцелі на пяршынях ахвярапрынашэнняў Ізраэля, народа Майго?”
30 Вых. 28:43; 29:9 Акрамя таго, кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Гаворачы, сказаў Я, каб твой дом і дом бацькі твайго служыў перад абліччам Маім у векі. Але цяпер, кажа Госпад, гэтак не будзе ў Мяне. А кожны, хто будзе славіць Мяне, і Я таго праслаўлю; а хто зневажае Мяне, той будзе ў ганьбе.
31Вось, прыходзяць дні, і Я адсяку руку тваю і руку дому бацькі твайго, каб не было старца ў доме тваім.
32І ты будзеш бачыць бедства святыні Маёй, пры ўсім тым, што Госпад дабрачыніць Ізраэлю; і ў доме тваім не будзе старога ва ўсе часы.
33Аднак Я не адкіну цалкам чалавека з цябе ад ахвярніка Майго; каб аслабелі вочы твае, і ссохла душа твая, і загіне вялікая частка дому твайго, калі дажыве да дарослых гадоў.
34 1Сам. 4:11 Гэта ж табе знак, што станецца з тваімі абодвума сынамі, з Хофні і Пінхасам: абодва ў адзін дзень памруць.
35І я пастаўлю Сабе святара вернага, які па волі сэрца Майго і па волі душы Маёй будзе рабіць; і пастаўлю яму дом цвёрды, і ён будзе хадзіць перад Памазанцам Маім усе дні.
36А будзе, што кожны, хто застанецца ў доме тваім, прыйдзе, каб упакорыцца перад ім дзеля срэбранай манеты і дзеля кавалка хлеба, і будзе казаць: “Даруй мне, прашу, хоць які абавязак святарскі, каб мог я з’есці лусту хлеба”».
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.
