1Кіраўніку хору. На спосаб песні «Ласіца на досвітку». Псальм Давідаў.
2 Мц. 27:46; Мк. 15:34 Божа, Божа мой, чаму Ты мяне пакінуў? Далёка ад збавення майго словы клічу майго.
3Божа мой — клічу ўдзень, і не чуеш, і ноччу, і няма мне супакою.
4Але ж Ты — святы, Ты жывеш у славе Ізраэля.
5 Пс. 107:4-6 На Цябе ўсклалі надзею бацькі нашыя, усклалі надзею — і Ты вызваліў іх;
6і сталіся ўратаванымі; на Цябе ўсклалі надзею — і не пасаромеліся.
7 Ёў 25:6 Але ж я — чарвяк, а не чалавек, зняважаны людзьмі і адрынуты народам.
8 Мц. 27:39; Мк. 15:29; Лк. 23:35 Усе, якія бачылі мяне, блюзнілі на мяне, крывячы вусны, ківалі галавою.
9 Мц. 27:43 «Спадзяваўся ён на Бога, хай жа вызваліць яго, няхай яго ўратуе, калі Ён спагадны да яго».
10 Пс. 71:6 Бо Ты — Той, Які вывеў мяне з улоння, маё спадзяванне на грудзі маці маёй.
11На Цябе быў я пакінуты ад самага пачацця, ад улоння маці маёй Бог мой — гэта Ты.
12Не аддаляйся ад мяне, бо пакута ўжо блізка, бо няма таго, хто падтрымае.
13Абступіла мяне мноства цялят, быкі басанскія акружылі мяне.
14Разяўляюць яны на мяне свае пашчы, быццам леў драпежны і рыклівы.
15Нібы вада, я ўвесь выліўся, і рассыпаліся косці мае. Зрабілася сэрца маё, быццам воск, расплаўляючыся ў сярэдзіне ўлоння майго.
16Ссохлася, як цагліна, горла маё, і язык мой прыстаў да гартані маёй, у парахно смерці звёў Ты мяне.
17Бо абступіла мяне мноства сабак, банда ненавіснікаў абступіла мяне.
18Прабілі рукі мае і ногі мае, і палічыў я ўсе косці мае. Яны ж заўважылі і пачалі ўглядацца ў мяне.
19 Мц. 27:35; Мк. 15:24; Лк. 23:34; Ян. 19:24 Адзенне маё падзялілі між сабою і на вопратку маю кінулі жэрабя.
20 Пс. 40:14 Але Ты, Госпадзе, не аддаляйся, цвярдыня мая, паспяшайся мне на дапамогу.
21Ухавай ад меча душу маю і ад кіпцяў сабачых — адзіную маю.
22Абарані мяне ад пашчы льва, а пакорлівасць маю — ад рагоў адзінарога.
23 Геб. 2:12 Абвяшчу імя Тваё Маім братам, пасярод святыні буду славіць Цябе.
24Хваліце Яго, якія жывяце ў страху Госпада, усялякае семя Якубава ўслаўляйце Яго! Хай трымціць перад Ім кожнае семя Ізраэлева.
25Бо Ён не пагарджаў і не брыдзіўся жальбаю ўбогага і не адвярнуў аблічча Свайго ад яго, а калі той звяртаўся да Яго, выслухаў яго.
26 Пс. 35:18 Дзеля Цябе пахвала мая ў вялікай святыні. Выпаўню абяцанні свае перад тымі, што баяцца Яго.
27Убогія будуць есці і наядуцца і будуць славіць Госпада тыя, што шукаюць Яго: «Хай жывуць сэрцы іх на векі вечныя!»
28Апомняцца і навернуцца да Бога ўсе ўскрайкі зямлі, і паклоняцца перад абліччам Яго ўсе плямёны паганскія.
29Бо царства — Госпадава, і Ён будзе валадарыць над паганамі.
30Толькі Яму аднаму паклоняцца ўсе тыя, што спачываюць у зямлі. Перад Ім упадуць усе, якія сыдуць у прах. А душа ж мая будзе жыць для Яго,
31і нашчадкі мае будуць служыць толькі Яму. Будзе расказана пра Госпада пакаленню, якое прыйдзе,
32і абвесцяць яны справядлівасць Яго народу, які народзіцца: «Гэта ўчыніў Госпад».
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.
