Кніга Юдыт 8 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1І ў той час у горадзе прабывала Юдыт, дачка Мэрары, сына Окса, сына Язэпа, сына Азіэля, сына Хэльцыі, сына Ананіі Гедэона, сына Рэфаіна, сына Ахітоба, сына Эліяба, сына Натанаэля, сына Саламіэля, сына Сурысадая, сына Сімяона, сына Ізраэля.

2І муж яе Манаса быў з яе пакалення ды з яе роду; і памёр у час жніва ячменю.

3Стаяў бо ён пры тых, што вяжуць снапы на полі, ды сонца паразіла яму галаву, і ён упаў на ложак і памёр у Бэтуліі, сваім горадзе. І пахавалі яго на полі пры бацьках між Датайнам і Баламонам.

4І Юдыт заставалася ў доме сваім удавой тры гады і чатыры месяцы.

5І на даху дома свайго зрабіла яна сабе палатку, і наклала сабе на сцёгны зрэбніцу, і яна адзявалася ў адзенне ўдаўства свайго,

6і посціла ўсе дні свайго ўдаўства, апрача дзён перад суботамі і саміх субот, і пярэдадней маладзікоў, і ў час маладзікоў, акрамя ўрачыстасцей і радасных дзён дому Ізраэля.

7І была яна прывабная на від і вельмі прыгожая абліччам, і разважлівая сэрцам, і добрая душою, і дастойная вельмі; муж бо яе Манаса, сын Язэпа, сына Ахітоба, сына Мэлхісуа, сына Эліяба, сына Натанаэля, сына Сурысадая, сына Сімяона, сына Ізраэля, пакінуў ёй па сабе золата і срэбра, паслугачоў і паслугачак, і жывёлу, і маёмасць; і яна гаспадарыла гэтым;

8і ніхто яе не мог упікнуць словам благім, бо надта баялася Бога.

9І пачула яна злосныя словы народа супраць кіраўніка, бо падалі духам дзеля нястачы вады. І пачула Юдыт усе словы, якімі прамаўляў да іх Осія, як прысягнуў ім, што па пяці днях аддасць горад асірыйцам.

10І, паслаўшы сваю паслугачку, якая была загадчыцай усёй маёмасці яе, паклікала яна Осію, і Хабрына, і Харміна, – старэйшын свайго горада.

11І яны прыйшлі да яе. І яна кажа ім: «Паслухайце мяне, кіраўнікі пражываючых у Бэтуліі! Бо няправільнае слова ваша, якое выказалі вы перад людзьмі ў той дзень і пакляліся клятвай гэтаю, якую выказалі між Богам і вамі, і вы казалі, што аддасце горад нашым ворагам, калі за тыя дні не дасць нам дапамогі Госпад, Бог наш.

12І кім вы з’яўляецеся сёння, што спакушаеце Бога ў сённяшні дзень і што становіцеся за Бога сярод сыноў чалавечых?

13І вы цяпер выпрабоўваеце Госпада Усемагутнага ды нічога не зразумееце аж павек.

14 Рым. 11:34; 1Кар. 2:11 Таму што не даследуеце глыбіні сэрца чалавечага ані прасочыце думкі яго розуму, дык як вы даследуеце Бога, Які стварыў усё гэта, і як пазнаеце Яго розум ды як прасочыце намеры Яго? Дарэчы, браты, не гнявіце Госпада, Бога нашага,

15бо, калі не захоча дапамагчы нам у гэтыя пяць дзён, мае Ён моц, у якія дні захоча, абараніць або загубіць нас на віду ворагаў нашых.

16А вы не вымушайце рашэнняў ад Госпада, Бога нашага, бо Бог – гэта не чалавек, каб палохаць Яго пагрозамі, і не сын чалавечы, каб Яго судзіць.

17Дзеля таго, каб атрымаць збаўленне ад Яго, прызавём Яго на дапамогу сабе, і Ён выслухае прызыванне наша, калі Яму гэта спадабаецца.

18Таму што не з’явіўся ў родзе нашым, і няма ў цяперашні час аніводнага пакалення, ані роду, ані пасялення, ані горада ў нас, якія б пакланяліся багам, зробленым рукамі, так як гэта бывала ў даўнія часы,

19за што бацькі нашы былі аддадзены пад меч і на здабычу ды падалі ў вялікім паражэнні на віду нашых ворагаў.

20Мы ж не ведаем іншага Бога, апрача Таго, на Якога спадзяёмся, што не адцураецца ад нас ды не спыніць збаўлення Свайго нашаму народу.

21Дарэчы, калі мы патрапім у няволю, то патрапіць таксама ўся Юдэя, і святыні нашы будуць абрабаваны, і Бог за сплягаванне іх зажадае крыві нашай,

22і смерць нашых братоў, і паланенне зямлі ды спусташэнне спадчыны нашай зваліць на галовы нашы пасярод народаў, якімі будзем зняволены. І будзем на згаршэнне і ў ганьбу тым, што намі авалодаюць,

23бо няволя наша не паслужыць на пашану, але Госпад, Бог наш, накіруе яе на ганьбу.

24Ды цяпер, браты, пакажам нашым братам, што ад нас залежыць жыццё іх і ўсё, што святое: і дом, і ахвярнік – абапіраюцца на нас.

25Таму дзеля ўсяго гэтага ўсякую падзяку складаем Госпаду, Богу нашаму, Які нас, як і бацькоў нашых, выпрабоўвае.

26 Род. 22:1-18; 28:5; 29:1–31:55 Прыпомніце, што Ён зрабіў з Абрагамам і з Ізаакам ды што спаткала Якуба ў Месапатаміі Сірыйскай, калі пасвіў авечак Лабана, брата сваёй маці.

27Бо не спаліў іх для выпрабавання сэрцаў іх, як і нам не адпомсціў, але для напаміну адхвастаў Госпад тых, што набліжаюцца да Яго».

28І сказаў ёй Осія: «Усё, што сказала ты, з добрага сэрца сказала, дый таго няма, хто б мог працівіцца тваім словам,

29бо не ад сённяшняга дня выяўляецца мудрасць твая, але ад пачатку дзён тваіх увесь народ ведае пра розум твой, бо добрыя ёсць намеры сэрца твайго.

30Але народ адчувае вялікую смагу, і змусілі нас чыніць тое, што мы ім прыраклі, і наклалі на нас прысягу, якую не можам адклікаць.

31І цяпер маліся за нас, і, можа, цябе выслухае Бог наш, бо ты святая жанчына, і пашле Госпад дождж, каб запоўніць нашы вадаёмы, і ўжо не будзем млець».

32І сказала ім Юдыт: «Паслухайце мяне, і я зраблю справу разважліва, гэта пяройдзе з пакалення ў пакаленне нашчадкам роду нашага.

33У гэту бо ноч вы станеце пры браме, і я з паслугачкай сваёй выйду, і ў днях, па якіх паабяцалі вы выдаць горад ворагам нашым, Госпад праз маю руку наведае Ізраэль, як я веру.

34Вы ж не цікаўцеся маім учынкам; бо я не выяўлю вам, пакуль тое не здзейсніцца, што я раблю».

35І Осія і князі сказалі ёй: «Ідзі ў супакоі, і хай Госпад Бог будзе перад табой, каб учыніць помсту непрыяцелям нашым».

36Ды, пакінуўшы палатку яе, адышлі на свае становішчы.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help