1І сталася, калі Ярэмія скончыў абвяшчаць народу ўсе словы Госпада, Бога іх, дзеля якіх пасылаў яго Госпад, Бог іх,
2сказалі Азарыя, сын Асаі, і Ёханан, сын Карэя, і ўсе людзі дзёрзкія Ярэміі так: «Няпраўду ты гаворыш! Не паслаў цябе Госпад, Бог наш, каб ты казаў: “Не ідзіце ў Егіпет, каб там качаваць!”
3Але Барух, сын Нэрыі, падгаворвае цябе супраць нас, каб выдаць нас у рукі халдэяў, каб яны павялі ў Бабілон».
4І Ёханан, сын Карэя, і ўсе кіраўнікі войска ды ўвесь народ не паслухалі голасу Госпада, каб заставацца ў зямлі Юдэйскай.
5 2Цар. 25:26 І Ёханан, сын Карэя, і ўсе кіраўнікі войска сабралі ўсе рэшткі Юды, якія вярнуліся з усіх народаў, да якіх раней былі выгнаныя, каб жыць у зямлі Юдэйскай,
6мужчын, жанчын, дзяцей, дачок царскіх ды ўсіх людзей, якіх Набузардан, кіраўнік целаахоўнікаў, пакінуў разам з Гадаліяй, сынам Ахікама, сынам Сафана, і прарока Ярэмію, а таксама Баруха, сына Нэрыі.
7І пайшлі яны ў зямлю Егіпецкую, бо не паслухаліся голасу Госпада, і дайшлі аж да Тапнэса.
8І было слова Госпада да Ярэміі ў Тапнэсе такое:
9«Вазьмі ў рукі свае вялікія камяні і ў прысутнасці людзей з Юды схавай іх ў гліне цагельнай пры ўваходзе, які ёсць ля брамы Фараона ў Тапнэсе.
10І скажы ім: гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Вось, Я пашлю і вазьму Набукаданосара, цара Бабілона, слугу Майго. І пастаўлю Я яго пасад на гэтых камянях, якія Я схаваў, і паставіць ён свой пасад над імі.
11 Ярэм. 15:2 І прыйдзе, і ўдарыць зямлю Егіпецкую, і каго асудзіць на смерць, той пойдзе на смерць, каго на няволю, той пойдзе ў няволю, каго пад меч, той пойдзе пад меч.
12І запаліць ён агонь у капішчах багоў егіпецкіх, і спаліць іх, а тых забярэ ў палон, і ачысціць зямлю Егіпецкую, як ачышчае пастух ад вашэй адзенне сваё і выходзіць адтуль у супакоі.
13І паломіць ён таксама слупы Бэтсамэса, якія знаходзяцца ў зямлі Егіпецкай, ды капішчы багоў егіпецкіх спаліць агнём”».
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.
