1Потым сыны Ізраэля пайшлі далей і расклаліся лагерам на раўнінах Мааба, на другім баку Ярдана, насупраць Ерыхона.
2А Балак, сын Сэфора, бачачы ўсё, што зрабіў Ізраэль амарэям,
3дужа напужаў маабскі народ, бо быў ён шматлікі. І, паколькі баяўся Мааб сыноў Ізраэля,
4сказаў старэйшынам мадыянцаў: «Цяпер гэтае мноства з’есць усё вакол, як вол звычайна есць траву на полі». Тады царом Мааба быў Балак, сын Сэфора.
5 Ліч. 31:8; 2Пёт. 2:15, 16; Юды 11 І паслаў ён пасланцоў да Балаама, сына Бэора, у Пэтор, што над ракой у зямлі маабцаў, каб паклікаць яго і сказаць яму: «Вось, выйшаў народ з Егіпта і пакрыў паверхню зямлі, пасяліўшыся насупраць мяне.
6Дык прыйдзі і пракляні народ гэты, бо ён дужэйшы за мяне; о, каб якім чынам я здолеў перамагчы яго і выгнаць з маёй зямлі. Бо ведаю, што каго ты дабраславіш, будзе дабраславёны, а каго ты праклянеш, будзе пракляты».
7Вось, выбраліся старэйшыны маабцаў са старэйшынамі мадыянцаў у дарогу, трымаючы ў руках падарункі для вешчуна. І, калі прыбылі да Балаама і перадалі яму ўсе словы Балака,
8ён ім адказаў: «Пераначуйце тут ноч, і я адкажу вам, што скажа мне Госпад». Калі засталіся старэйшыны маабцаў у Балаама,
9прыйшоў Бог і сказаў яму: «Што гэта за людзі ў цябе?»
10Ён адказаў: «Балак, сын Сэфора, цар маабцаў, даслаў да мяне іх,
11каб сказаць: “Вось народ, які выйшаў з Егіпта, пакрыў паверхню зямлі; прыйдзі і пракляні мне яго, каб мог я якім-небудзь чынам з ім ваяваць і выгнаць яго”».
12На тое сказаў Бог Балааму: «Не можаш ты ісці з імі і нельга табе праклінаць народ, бо ён дабраславёны».
13І раніцай устаў ён, і сказаў князям Балака: «Вяртайцеся ў сваю зямлю, бо Госпад не дазволіў мне ісці з вамі».
14Усталі тады князі Мааба, і прыйшлі да Балака, і сказалі яму: «Балаам не пажадаў ісці з намі».
15Дык Балак паслаў яшчэ больш князёў, і болей дастойных, чым раней.
16Як толькі прыбылі яны да Балаама, сказалі яму: «Так кажа Балак, сын Сэфора: “Не адмаўляйся прыйсці да мяне;
17я гатовы табе выказаць вялікую пашану і, што пажадаеш, дам табе. Прыйдзі і пракляні мне народ гэты”».
18 Ліч. 24:13 Балаам адказаў: «Калі б даваў мне Балак поўны дом свой срэбра і золата, то не змог бы я пераступіць слова Госпада, Бога майго, як у малых рэчах, так і ў вялікіх.
19Прашу, застаньцеся таксама ў гэтую ноч, а я даведаюся, што скажа мне зноў Госпад».
20І прыйшоў Бог да Балаама ноччу і кажа яму: «Калі прыйшлі гэтыя людзі паклікаць цябе, то ўстань і ідзі з імі, але зробіш толькі тое, што Я табе скажу».
21І ўстаў Балаам раніцай і, асядлаўшы сваю асліцу, рушыў разам з імі.
22І ўзгарэўся гнеў Бога, што ён паехаў; і паўстаў Анёл Госпадаў на дарозе супраць Балаама, каб затрымаць яго; ён жа меў двух паслугачоў і ехаў на сваёй асліцы.
23Калі асліца заўважыла Анёла Госпадава, што стаяў на дарозе, выцягнуўшы меч у руцэ сваёй, сышла з дарогі і пайшла ў поле. Калі Балаам ударыў яе і захацеў павярнуць яе на дарогу,
24Анёл Госпадаў стаў на цеснай дарозе паміж двума мурамі, якімі былі абкружаны вінаграднікі.
25Калі асліца ўбачыла Анёла Госпадава, яна прыціснулася да мура і зашчаміла нагу седака. Ён жа пачаў яе біць ізноў;
26і Анёл Госпадаў перайшоў у месца цеснае, дзе ані справа, ані злева ніяк не можна было яго абмінуць, і закрыў дарогу.
27І калі асліца ўбачыла Анёла Госпадава, што стаяў, лягла яна пад ногі седака; ён, узлаваны, яшчэ мацней біў бакі яе палкаю.
28Тады адкрыў Госпад вусны асліцы, і яна сказала Балааму: «Што я табе зрабіла? Чаму б’еш мяне вось ужо трэці раз?»
29Балаам адказаў: «Бо ты працівілася мне. Каб меў я меч у руцэ, забіў бы цябе!»
30Асліца сказала: «Ці ж я не твая асліца, на якой ездзіш ад пачатку да сённяшняга дня? Скажы: ці рабіла я табе калі-небудзь штосьці падобнае?» А ён кажа: «Ніколі».
31Раптам адкрыў Госпад вочы Балаама, і ён угледзеў Анёла Госпадава, што стаяў на дарозе, выцягнуўшы меч у руцэ сваёй; і пакланіўся ён тады анёлу да зямлі.
32Сказаў яму Анёл Госпадаў: «Навошта трэці раз біў ты асліцу сваю? Я прыбыў, каб заступіць табе дарогу, бо нядобрая твая дарога і мне варожая.
33І, бачачы мяне, асліца тры разы ўхілялася ад мяне; і каб не ўхілялася, забіў бы цябе, а яе пакінуў бы жывою».
34Балаам сказаў: «Зграшыў я, бо не ведаў, што ты заступіў мне дарогу; а цяпер, калі табе не падабаецца, вярнуся назад».
35Анёл Госпадаў сказаў: «Ідзі з тымі людзьмі, але сцеражыся, каб не гаварыць нічога іншага, акрамя таго, што Я табе загадаю». І пайшоў Балаам з князямі Балака.
36Калі пачуў Балак, што Балаам ідзе, выйшаў яму насустрач у Ар-Маабе, што знаходзіўся на самай мяжы Арнона;
37і ён сказаў Балааму: «Ці ж не пасылаў я да цябе пасланцоў, каб паклікаць цябе? Чаму не адразу прыбыў ты да мяне? Няўжо я не магу ўшанаваць цябе?»
38Балаам яму адказаў: «Вось, я прыбыў да цябе; ці ж магу што другое гаварыць, апрача таго, што мне ў вусны Бог уклаў?»
39Дык пайшлі Балак разам з Балаамам і прыбылі ў Карыят-Хусот.
40І, калі Балак пазабіваў валоў і авечак, паслаў ён іх Балааму і князям, што з ім былі.
41А з надыходам раніцы Балак завёў Балаама на вышыні Баала, і ўбачыў ён частку ізраэльскага народа.
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.
