1Кожнае прыказанне, якое я табе сёння даю, выконвай з уважлівай пільнасцю, каб змаглі вы жыць і множыцца і каб, увайшоўшы, атрымалі ва ўласнасць зямлю, наконт якой прысягнуў Госпад бацькам вашым.
2І ўспамінай усе шляхі, якімі выводзіў цябе Госпад, Бог твой, на працягу гэтых сарака гадоў праз пустыню, каб упакорыць цябе і выпрабаваць, ды каб стала вядома, што ў душы тваёй, ці будзеш ты захоўваць прыказанні Яго, ці не.
3 Мц. 4:4; Лк. 4:4 Ён упакорыў цябе нястачай і даў табе есці манну, якой не ведаў ані ты, ані бацькі твае, каб паказаць табе, што не хлебам адзіным жыве чалавек, але кожным словам, якое выходзіць з вуснаў Госпада.
4 Паўт. Зак. 29:5 Не меў ты недахопу ў адзенні тваім, у якое апранаўся, ды нага твая не пухла на працягу гэтых сарака гадоў.
5Дык разважай у сэрцы сваім, што, як чалавек гадуе сына свайго, так Госпад, Бог твой, гадаваў цябе,
6каб ты захоўваў прыказанні Госпада, Бога твайго, ішоў шляхамі Яго і шанаваў Яго.
7Бо Госпад, Бог твой, завядзе цябе ў зямлю добрую, зямлю крыніц водных і ручаёў, дзе на палях і ў гарах прабіваюцца з глыбінь струмені,
8у зямлю пшаніцы, ячменю і вінаграду, у якой растуць фінікавае, гранатавае і аліўкавае дрэвы, у зямлю алею і мёду,
9дзе без аніякай нястачы будзеш есці хлеб свой ды будзеш цешыцца мноствам усялякіх рэчаў; камяні яе — жалеза, а з гор яе прабіваюцца медныя руднікі;
10каб, калі ты будзеш есці і наясіся, дабраславіў ты Госпада, Бога твайго, за зямлю найлепшую, якую даў Ён табе.
11 Ос. 13:5, 6 Пільнуй і сцеражыся, каб часам не забыўся ты на Госпада, Бога твайго, і каб не занядбаў прыказанняў Яго, законаў і пастаноў, якія я даручаю табе сёння;
12а пасля таго, як будзеш есці і наясіся, пабудуеш прыгожыя дамы і абжывешся ў іх,
13і будзеш мець вялікія статкі буйной і дробнай жывёлы, а таксама вялікае мноства срэбра, золата і ўсялякіх рэчаў
14 Паўт. Зак. 6:12 сцеражыся, каб не ўзганарылася сэрца тваё і каб не забыўся ты на Госпада, Бога твайго, Які вывеў цябе з зямлі Егіпта, з дому няволі,
15 Ліч. 20:10 і быў тваім правадыром праз пустыню вялікую і страшную, у якой былі змеі, якія абпальваюць, і скарпіёны, зямля сухая і поўнае бязводдзе; Ён вывеў табе ручаі са скалы вельмі цвёрдай,
16і карміў цябе маннай у пустыні, чаго не ведалі бацькі твае, і пасля таго, як упакорыў і выпрабаваў цябе, урэшце пашкадаваў цябе,
17каб не гаварыў ты ў сэрцы тваім: «Сіла мая і моц рукі маёй — яны далі мне ўсё гэта»,
18але каб памятаў ты Госпада, Бога твайго, што Ён надае табе сілы, каб мог дасягнуць ты поспеху, каб споўніў Ён запавет Свой, адносна якога склаў прысягу бацькам тваім, як паказвае сённяшні дзень.
19 Паўт. Зак. 30:17, 18 А калі забудзеш ты пра Госпада, Бога твайго, і пойдзеш за іншымі багамі, і будзеш шанаваць іх і пакланяцца ім, — вось, цяпер сведчу перад вамі, што папрападаеце вы зусім.
20Як тыя народы, якія Госпад знішчыў у час прыходу вашага, так і вы загінеце, калі будзеце непаслухмяныя голасу Госпада, Бога вашага.
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.
