Кніга Мудрасці 7 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1І я чалавек смяротны, падобны да ўсіх, нашчадак таго смяротнага, хто першы ўтвораны быў з зямлі, і ва ўлонні маці быў створаны як цела;

2за дзевяць месяцаў часу акрэпнуў у крыві, з насення мужчынскага і з любові, са сном злучанай.

3І я, калі нарадзіўся, пачаў дыхаць супольным паветрам і выпаў на зямлю, якая церпіць усіх аднолькава, таксама першы голас выдаючы з плачам, – падобна да ўсіх.

4У пялюшках і клопатах мяне выгадавалі;

5ніводзін бо цар не меў іншага пачатку народзін.

6Адзін жа ўсім уваход у жыццё і падобны выхад.

7Дзеля таго я маліўся – і дадзены быў мне розум, і я прызваў – і сышоў на мяне дух Мудрасці.

8Яе я паставіў вышэй за скіпетры і пасады, і што ёсць багацці ў параўнанні з ёю;

9і нельга параўнаць з ёю каштоўныя камяні, бо ўсё золата ў параўнанні з ёю – жменя пяску, і срэбра пры ёй будзе лічыцца брудам.

10Узлюбіў я яе больш за здароўе і прыгажосць і хацеў больш мець яе, чым святло, бо яе святло незгасальнае.

11А з ёй разам прыйшлі да мяне ўсе даброцці, праз яе рукі – незлічоныя багацці,

12і ўзрадаваўся я з іх усіх, бо прыводзіла іх Мудрасць, а я не ведаў, што яна ўсіх іх маці;

13як я без хітрасці пазнаў, без зайздрасці пераказваю; не хаваю багаццяў яе.

14Яна бо ёсць людзям бязмежны скарб; тыя, хто яе набыў, – падрыхтаваліся да сяброўства з Богам праз дары навучэння.

15О, каб даў мне Бог выказаць думку і зразумець належна тое, што даручана мне, Ён бо Правадыр Мудрасці, і Настаўнік мудрых;

16у руцэ бо Яго і мы, ды нашыя словы, і ўсякая мудрасць і спрактыкаванасць.

17Ён бо даў мне ўсяго існуючага праўдзівае пазнанне, каб ведаў я пабудову свету і дзеянне стыхій:

18пачатак, і канец, і сярэдзіну часоў, паслядоўнасць змен і перамены часу,

19гадавыя абароты і размяшчэнне зорак,

20прыроду жывёл і прыкметы звяроў, моц духаў і думкі людзей, розныя расліны і сілы каранёў.

21І пазнаў я ўсё: і што скрытае, і што яўнае; навучыла бо мяне Мудрасць, Мастачка ўсяго!

22У ёй бо дух разумны і святы, адзіны, шматлікі, тонкі, чысты, жвавы, праніклівы, ясны, беззаганны, бясшкодны, востры, які ніяк не забароніш, спагадлівы,

23чалавечы, дабрадзейны, трывалы, непадманны, надзейны, спакойны, усемагутны і ўсевідушчы, і які працінае ўсе духі разумныя, чыстыя і найтанчэйшыя.

24Мудрасць бо рухлівейшая за ўсякі рух, а праходзіць і працінае ўсё дзеля сваёй чысціні.

25Ёсць бо дыханне магутнасці Божай і чыстае выцяканне славы Усемагутнага; таму нішто спракуджанае не прыліпае да яе;

26яна ёсць адбітак вечнага святла, і люстра без заганы магутнасці Божай, і вобраз Яго дабрыні.

27Адна, а ўсё можа; і, прабываючы сама ў сабе, усё аднаўляе, і праз пакаленні пераходзячы ў душы святых, прызначае сяброў Божых і прарокаў.

28Бог бо мілуе таго толькі, хто сябруе з Мудрасцю.

29Бо яна прыгажэйшая за сонца і за ўсякі збор зорак; пры параўнанні са святлом яна мае першынство:

30па ім наступае ноч, а Мудрасці ліхота не перамагае.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help