Кніга Юдыт 16 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1І сказала Юдыт: «Пачніце граць Богу майму на тымпанах, спявайце Госпаду майму пад цымбалы, спявайце Яму новы псальм, узвышайце і праслаўляйце імя Яго.

2Ты – Бог, Які вырашае войны, Які ставіць лагер пасярод народа Свайго, каб вырваць мяне з рук тых, хто пераследуе мяне.

3Прыйшоў Асур з гор, з поўначы, прыйшоў з тысячамі ваяроў сваіх, мноства якіх заняло ручаі, і конніца іх пакрыла ўзгоркі.

4І сказаў ён, што спаліць мае землі, і заб’е мечам маіх юнакоў, і кормячых маці маіх аддасць зямлі, і немаўлят маіх аддасць на разарванне, і дзяўчат – на распрананне.

5Госпад Усемагутны пагрэбаваў імі і пасарамаціў іх рукою жанчыны!

6Бо загінуў уладар іх не ад юнакоў, ані сыны тытанаў паразілі яго, ані высокія гіганты скінулі яго, але Юдыт, дачка Мерары, відам аблічча свайго аслабіла яго.

7Бо зняла яна з сябе адзенне ўдаўства свайго дзеля ўзвышэння пакутнікаў у Ізраэлі. Памазала яна аблічча сваё маззю,

8і сабрала валасы свае ў мітру, і апранулася ў столу льняную дзеля таго, каб спакусіць яго.

9Сандаля яе захапіла вока яго, і прыгажосць яе ўзяла ў палон душу яго, і прайшоў меч карак яго.

10Спалохаліся персы з-за адвагі яе, і ўсхваляваліся мідыйцы з-за стойкасці яе.

11Тады закрычалі ўпакораныя мае, і кволыя загаманілі, і спужаліся яны, у вышыню ўзнялі яны голас свой і кінуліся прэч.

12Сыны маладых жанчын праколвалі іх і ранілі іх, тых, хто добраахвотна аддаўся; загінулі яны ад бітвы Госпада майго.

13Буду спяваць я Богу майму новы гімн: Госпадзе, Ты – вялікі і слаўны, дзіўны моцаю і непераможны.

14 Пс. 33:9 Табе служыць кожнае стварэнне тваё, бо Ты сказаў – і сталася, Ты паслаў Духа Свайго – і ўсталявалася, і няма нікога, хто б супрацівіўся голасу Твайму.

15 Пс. 97:5 Бо горы з водамі зрушацца з падмуркаў, а скалы перад абліччам Тваім расплавяцца, нібыта воск. А да тых, хто баіцца Цябе, будзеш ласкавы.

16Бо малая ўсякая ахвяра дзеля водару прыемнага і надта малы ўсякі тлушч на цэласпаленне Табе. А хто баіцца Госпада, той у Яго заўсёды вялікі.

17 Іс. 66:24 Гора народам, што паўстаюць на род мой! Госпад Усемагутны адпомсціць ім, у дзень суда пакарае іх, каб даць агонь чарвякам у целах іх і спаліць іх, каб вечна адчувалі яны гэта».

18Калі ж прыйшлі яны ў Ерузалім, пакланіліся яны Богу; і, пасля таго як ачысціўся народ, прынеслі яны цэласпаленне Госпаду, і добраахвотнае сваё, і дарункі.

19І прынесла Юдыт усе пасудзіны Галафэрна, якія даў ёй народ, і завесу, якую ўзяла са спальні яго, і аддала на пасвячэнне Госпаду.

20І народ у Ерузаліме радаваўся перад абліччам святынь тры месяцы, і Юдыт заставалася з імі.

21А па гэтых днях кожны вярнуўся ў спадчыну сваю, і Юдыт пайшла ў Бэтулію, і засталася ў сваім уладанні. І стала яна слаўнаю ў свой час ва ўсёй зямлі,

22і многія жадалі яе, і не пазнаў яе мужчына ва ўсе дні жыцця яе з таго дня, як памёр Манаса, муж яе, і далучыўся да народа свайго.

23І з часам стала яна вельмі значнай, і дажыла ў доме мужа свайго Манасы да ста пяці гадоў, і зрабіла паслугачку сваю вольнаю, і памерла ў Бэтуліі, і пахавалі яе ў пячоры.

24І аплакваў яе Ізраэль сем дзён. І раздзяліла яна маёмасць сваю перад смерцю для ўсіх блізкіх мужа свайго Манасы і блізкіх роду свайго.

25І ўжо не было нікога, хто б палохаў сыноў Ізраэля ў дні Юдыт і многія дні пасля смерці яе.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help