Кніга Ісаі Раздзел 49 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1 Ярэм. 1:5 «Астравы, паслухайце мяне, далёкія народы, зважце. Госпад паклікаў мяне з улоння, з жывата маці маёй успомніў імя маё.

2 Геб. 4:12; Адкр. 1:16 І зрабіў вусны мае, як востры меч; у засені рукі Сваёй прыкрыў мяне і ўчыніў мяне выдатнаю стралою, у калчане Сваім схаваў мяне

3і сказаў мне: “Ты слуга Мой, Ізраэлю, у якім Я праслаўлюся”.

4А я сказаў: “Надарма працаваў я без патрэбы і марна траціў свае сілы. А сапраўды, прысуд мой — з Госпадам і плата мая — з Богам маім”.

5І цяпер кажа Госпад, Які ўфармаваў мяне з улоння маці на слугу Сабе, каб прывёў я Якуба да Яго і каб Ізраэль сабраўся да Яго: так праславіўся я ў вачах Госпада, і Бог мой стаўся крэпасцю маёй.

6 Іс. 42:6; Лк. 2:32; Дзеі 13:47; 26:23 І сказаў Ён: “Замала, каб быў ты Мне слугою, каб уздымаць пакаленні Якуба і прыводзіць рэшткі Ізраэля: устанаўлю Я цябе святлом для ўсіх народаў, каб быў Ты збаўленнем аж па край зямлі”.

7Гэта кажа Госпад, Адкупіцель Ізраэля, яго Святы да спаганенага ў душы, да абрыдлага ў паганаў, да слугі магнатаў: “Цары ўбачаць цябе і ўстануць, а князі яшчэ і паклоняцца дзеля Госпада, бо Ён верны, дзеля Святога Ізраэлева, Які выбраў цябе”.

8 2Кар. 6:2 Гэта кажа Госпад: “У час прыдатны выслухаў Я цябе ды ў дзень збаўлення ўспамог табе; і захаваў Я цябе, і ўстанавіў цябе заветам для народа, каб ты аднавіў зямлю ды каб раздзяліў спустошаную спадчыну;

9каб сказаў тым, якія ўвязнены: “Выходзьце!” А тым, што ў цемры: “Пакажыцеся!” Яны будуць пасвіцца на дарогах, ды па ўсіх голых узгорках іх выган,

10 Адкр. 7:16, 17 не будуць ужо галадаць ані смагнуць, і не ўдарыць іх спякота або сонца, бо кіраваць імі будзе Літасцівец іх ды павядзе іх да крыніц водаў.

11І замяню Я горы на дарогу, а сцежкі Мае будуць паднятыя.

12Вось жа, тыя прыходзяць здалёк, а вось гэтыя — з поўначы і ад мора, а іншыя — з краіны Сінім.

13 Іс. 44:23; 52:9 Слаўце, нябёсы, і радуйся, зямля! Весяліцеся з песняю, горы! Бо цешыць Госпад народ Свой і бедных Сваіх шкадуе”.

14І сказаў Сіён: “Пакінуў мяне Госпад, і забыўся пра мяне Госпад!”

15Ці ж можа забыцца жанчына пра дзіця сваё, каб не пашкадавала дзіцяці ўлоння свайго? Ды каб нават яна забылася, Я не забудуся пра цябе!

16Вось, Я запісаў цябе на далонях Маіх, муры твае заўсёды перада Мною.

17Спяшаюцца сыны твае; якія цябе бурылі і рассыпалі, выйдуць з цябе.

18 Іс. 60:4 Падымі вочы свае і паглядзі навокал: усе тыя сабраліся, прыбылі да цябе. “Я жывы, — кажа Госпад, — бо ва ўсё іх ты апранешся, як бы ў каштоўнасці, і, як сужэнка, акружышся імі”.

19Бо руіны ў цябе і пустыні ў цябе, і зямля спустошаная: цяпер ты будзеш цеснай для жыхароў; і далёка будуць тыя, хто паглыналі цябе.

20Зноў будуць казаць у вушы твае сыны, пазбаўленыя цябе: “Завузкім ёсць для мяне месца, дай мне прастор, каб мог абжыцца”.

21Ты скажаш у сэрцы тваім: “Хто нарадзіў Мне гэтых? Была бяздзетная і няплодная, выгнана ды ў няволю заведзена, дык хто іх выгадаваў? Вось жа, заставалася сама, а тыя дзе былі?”

22Гэта кажа Госпад Бог: “Вось жа, падыму Я руку Сваю на паганаў ды да народаў узнясу сцяг Мой; і панясуць сыноў тваіх на руках, а дочкі твае будуць несены на плячах.

23 Іс. 60:16 І цары будуць тваімі карміцелямі, а царыцы — нянькамі тваімі; пакланяцца будуць табе тварам да зямлі ды лізаць будуць пыл ля ног тваіх. Тады будзеш ведаць, што Я — Госпад: не будуць засаромлены, якія спадзяюцца на Мяне”.

24Ці ж можна адабраць дабычу ў дужага, або тое, што захоплена, ці зможа выратавацца ад асілка?

25Вось што кажа Госпад: “Нават і палонны ў дужага будзе адабраны, і тое, што будзе аднята ў асілка, будзе выратавана, з тымі, якія спаборнічалі з табой, Я буду спаборнічаць, і сыноў тваіх Я выратую.

26 Адкр. 16:6 І накармлю ворагаў тваіх іх целам, ды ўласнаю крывёю будуць упівацца, быццам маладым віном. Тады пераканаецца кожны чалавек, што Я — Госпад, Збаўца твой і Адкупіцель твой, Усемагутны Якуба”».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help