Кніга Суддзяў Раздзел 13 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1 Суд. 3:7, 12 І сыны Ізраэля зноў пачалі рабіць ліха перад абліччам Госпада, Які аддаў іх на сорак гадоў у рукі філістынцаў.

2У Цоры быў нейкі чалавек з пакалення Дана на імя Маноах, які меў бясплодную жонку.

3З’явіўся Анёл Госпадаў той жанчыне і сказаў ёй: «Вось, ты бясплодная і бяздзетная, але пачнеш і народзіш сына.

4Дык сцеражыся, каб не піць ані віна, ані сікеры, і нічога нячыстага не есці,

5 Ліч. 6:1-5 бо пачнеш і народзіш сына, галавы якога не дакранецца лязо: ён будзе назірам Божым ад улоння маці і ён пачне выратоўваць Ізраэль з рук філістынцаў».

6Калі яна прыйшла да мужа, яна сказала яму: «Чалавек Божы прыходзіў да мяне, меў аблічча ён Анёла Госпадавага, што наводзіць вялікі жах. Не пытала я яго, адкуль ён, і не назваў ён мне свайго імя.

7І ён сказаў мне: “Неўзабаве пачнеш і народзіш сына. Сцеражыся, каб не піць віна і сікеры, і нічога нячыстага не есці, бо хлопец будзе назірам Божым ад улоння маці аж да дня смерці сваёй”».

8Дык маліўся Маноах Госпаду і казаў: «Прашу Цябе, Госпадзе, хай чалавек Божы, якога Ты паслаў, прыйдзе зноў і навучыць нас, што мы павінны рабіць з юнаком, які мае нарадзіцца».

9І выслухаў Госпад просьбу Маноаха, і з’явіўся зноў Анёл Божы жанчыне, якая сядзела ў полі. А мужа яе, Маноаха, не было разам з ёю.

10Дык яна паспяшалася, і прыбегла да мужа свайго, і паведаміла яму, кажучы: «Вось, з’явіўся мне чалавек, які ў той дзень прыйшоў да мяне».

11Ён устаў, і пайшоў за жонкай сваёй, і, падышоўшы да чалавека таго, сказаў яму: «Ці ты той, хто размаўляў з жонкай маёй?» А ён адказаў: «Я».

12Кажа яму Маноах: «Калі споўніцца слова тваё, як нам сябе паводзіць з хлопцам і што маем рабіць?»

13І сказаў Маноаху Анёл Госпадаў: «Хай усяго таго, аб чым я сказаў жонцы тваёй, яна сцеражэцца;

14 Ліч. 6:3, 4 хай не есць нічога, што з вінаграду паходзіць, хай не п’е ані віна, ані сікеры, хай нічога не есць нячыстага, і хай тое, што я загадаў, выконвае».

15І сказаў Маноах Анёлу Госпадаву: «Дазволь затрымаць цябе, пакуль прыгатуем для цябе казляня з казінага статка».

16Анёл Госпадаў адказаў яму: «Калі ты мяне затрымаеш, я не буду есці хлеба твайго; а калі хочаш прыгатаваць цэласпаленне, ахвяруй яго Госпаду». І Маноах не ведаў, што гэта Анёл Госпадаў.

17І сказаў ён яму: «Якое імя тваё, каб, калі слова тваё споўніцца, мы ўшанавалі цябе?»

18 Род. 32:29 Анёл адказаў яму: «Навошта ты пытаешся пра імя маё? Яно таемнае».

19Дык прынёс Маноах казляня з казінага статка і ахвяру з ежы і паклаў на скале, ахвяруючы Госпаду, Які творыць цуды; і глядзелі на гэта Маноах і жонка яго.

20І калі полымя паднялося з ахвярніка ў неба, таксама Анёл Госпадаў падняўся ў полымі. Калі гэта ўбачылі Маноах і жонка яго, упалі з паклонам на зямлю;

21і ўжо болей не з’яўляўся ім Анёл Госпадаў. Тады зразумеў Маноах, што гэта Анёл Госпадаў,

22 Вых. 33:20 і сказаў жонцы сваёй: «Смерцю мы памром, бо мы бачылі Бога».

23Адказала яму жонка: «Калі б Госпад хацеў нас забіць, то не прыняў бы з рук нашых цэласпалення і ахвяры з ежы, і не даў бы бачыць нам усяго гэтага, і не сказаў бы нам такіх слоў».

24Пасля нарадзіла яна сына і назвала яго імем Самсон. І хлопец рос, і дабраслаўляў яго Госпад.

25І Дух Госпадаў пачаў сыходзіць на яго ў лагеры Дана між Цораю і Эстаолам.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help