1Слова, што было праз Ярэмію ўсім юдэям, якія жылі ў зямлі Егіпецкай ды якія жылі ў Магдоле, і ў Тапнэсе, у Мемфісе і ў зямлі Патрос:
2«Гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Бачылі вы ўсё тое няшчасце, якое навёў Я на Ерузалім і на ўсе гарады Юды. І вось, сёння яны зруйнаваны і няма ў іх жыхароў,
3за іх злачыннасць, якой дапускаліся яны, каб правакаваць Мяне да гневу, ды хадзілі складаць ахвяры і служыць іншым багам, якіх не ведалі ані яны, ані вы, ані бацькі вашы.
4 Ярэм. 25:4; 29:19 І пасылаў Я да вас усіх слугаў Маіх, прарокаў, падымаючыся ноччу і пасылаючы, каб казалі: “Не рабіце гэтых паганых рэчаў, якія Я ненавіджу!”
5Але яны не слухалі, і не прыхілілі вуха свайго, каб адвярнуцца ад сваёй ліхоты і каб не складаць ахвяр чужым багам.
6І пралілося абурэнне Маё і гнеў Мой, і разгарэліся ў гарадах Юды ды на вуліцах Ерузаліма, і абярнуліся яны руінамі і пусткаю, як і па гэты дзень”.
7А цяпер вось што кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Чаму вы наводзіце на душы свае вялікае ліха, каб быў забіты спаміж вас мужчына і жанчына, дзіця і немаўля з асяроддзя Юды ды каб не засталося ў вас аніякай рэшты?
8Чаму вы правакуеце Мяне ўчынкамі рук вашых, складаючы ахвяры чужым багам у зямлі Егіпецкай, каб вас рассыпала і каб былі вы на праклён і на здзек для ўсіх народаў зямлі?
9Ці забыліся вы пра злачынствы бацькоў вашых і злачынствы цароў Юдэйскіх, злачынствы жонак іх, пра злачынствы вашы і пра злачынствы жонак вашых, якіх дапускаліся ў зямлі Юдэйскай і на вуліцах Ерузаліма?
10Да сёння не ўпакорыліся яны, і не баяцца, і не ходзяць паводле закону Майго і прыказанняў Маіх, якія Я даў перад вамі і перад бацькамі вашымі”.
11Дзеля таго вось што кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Вось, Я звярну аблічча Сваё супраць вас на няшчасце і знішчу ўсю Юду.
12 Ярэм. 42:16; 44:27 І вазьму Я рэшту Юды, якія звярнулі абліччы свае, каб пайсці ў зямлю Егіпецкую і качаваць там, і яны ўсе папрападаюць у зямлі Егіпецкай: упадуць ад меча ды ад голаду, прападуць ад малога да вялікага, ад меча і ад голаду памруць; і стануцца яны праклёнам, страхоццем, знявагаю і здзекам.
13І пакараю Я тых жыхароў зямлі Егіпецкай, як пакараў Ерузалім: мечам, голадам і пошасцю.
14І не будзе нікога, хто б уцёк і хто б ацалеў з рэшты юдэяў, якія прыйшлі, каб качаваць у зямлі Егіпецкай ды каб вярнуцца ў зямлю Юды, у якую яны прагнуць душамі сваімі, каб вярнуцца і жыць там; але не вернуцца, апроч тых, якія ўцякуць”».
15І адказалі Ярэміі ўсе мужчыны, якія ведалі, што іх жонкі складаюць ахвяры чужым багам, і ўсе жанчыны, якія стаялі ў вялікай грамадзе, і ўся супольнасць тых, хто пражывалі ў зямлі Егіпецкай у Патросе, кажучы:
16«Не паслухаем ад цябе слоў, якія ты перадаў нам ад імя Госпада.
17Але здзейснім рашуча кожнае слова, якое выйшла з нашых вуснаў, і будзем складаць ахвяры кадзільныя царыцы неба і складаць на ўшанаванне яе ахвяры вадкія, як рабілі мы і бацькі нашы, цары нашы і князі нашы ў гарадах Юды і на вуліцах Ерузаліма. Тады мелі мы ўдосталь хлеба, і добра было нам, і не спатыкала нас нішто благое.
18А вось з таго часу, як перасталі мы складаць ахвяры царыцы неба і складаць ёй ахвяры вадкія, церпім нястачу ва ўсім і прападаем ад меча і голаду.
19А калі мы і складаем ахвяры царыцы неба ды выліваем ёй ахвяры вадкія, то хіба мы без мужоў нашых робім для яе пірагі, падобныя формай да яе, або выліваем ёй ахвяры вадкія?»
20І вось што сказаў Ярэмія ўсяму народу, мужчынам, жанчынам ды ўсім людзям, якія яму далі гэты адказ:
21«Ці ж не тую ахвяру, якую складалі вы ў гарадах Юды і на вуліцах Ерузаліма, вы і бацькі вашы, цары вашы і князі вашы, і народ зямлі, — ці не пра іх памятае Госпад, ці не яна ўзышла на сэрца Яго?
22І не мог ужо Госпад пераносіць ліхоту ўчынкаў вашых і агіднасцей, якіх вы дапускаліся. Дзеля таго зямля ваша сталася пустэчаю, страхоццем і знявагаю, бо не стала ў ёй жыхароў, як і да гэтага дня.
23За тое, што складалі вы ахвяры і грашылі супраць Госпада, што не слухалі голасу Госпада і не хадзілі паводле Яго закону, паводле прыказанняў Яго і пастаноў, прыйшло на вас гэткае няшчасце, якое трывае і сёння».
24І сказаў Ярэмія ўсяму народу і ўсім жынчынам: «Слухайце слова Госпада, Юда, што ў зямлі Егіпецкай!
25Гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Вы і жонкі вашы прамаўляеце сваімі вуснамі і выконваеце сваімі рукамі, кажучы: “Споўнім нашы прысягі, якія склалі, каб ахвяроўваць кадзіла царыцы неба і выліваць ёй ахвяры вадкія”. Выконвайце свае прысягі і спаўняйце іх насамрэч!
26Дзеля таго паслухайце слова Госпада, ты, увесь Юда, які пражываеш у зямлі Егіпецкай. “Вось, Я прысягаю вялікім імем Сваім, — кажа Госпад, — што ва ўсёй зямлі Егіпецкай ніколі не будзе прызывана імя Маё вуснамі любога чалавека з Юды, які б казаў: “Жыве Госпад Бог”.
27 Ярэм. 44:12 Вось, Я буду чуваць над вамі на няшчасце, а не на дабро. Усе людзі з Юды, якія ў зямлі Егіпецкай, загінуць ад меча і голаду, аж пакуль да рэшты не звядуцца.
28Тыя, што ўхаваюцца ад меча, вернуцца з зямлі Егіпецкай у зямлю Юды ў вельмі малой лічбе, каб пазнала ўся рэшта Юды, якая прыбыла ў зямлю Егіпецкую з намерам качаваць там, чыё слова здзейсніцца: Маё ці іх?”
29“І гэта вам знак, — кажа Госпад, — што Я пакараю вас у гэтым месцы, каб вы пазналі, што Мае словы споўняцца па праўдзе цалкам на ваша няшчасце”.
30 2Цар. 25:1-7 Гэта кажа Госпад: “Вось, Я аддам фараона Хофру, цара Егіпецкага, у рукі яго ворагаў ды ў рукі тых, што цікуюць на яго душу, падобна як аддаў Сэдэцыю, цара Юдэйскага, у рукі Набукаданосара, цара Бабілона, яго ворага, які цікаваў на яго душу”».
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.
