1І Пасур, сын Эмэра, святар, які быў пастаўлены кіраўніком у доме Госпада, пачуў, як Ярэмія праракаваў гэтымі словамі;
2і ўдарыў Пасур прарока Ярэмію ды закаваў яго ў калоду, якая была ў Верхняй браме Бэньяміна, у доме Госпадавым.
3А назаўтра, як развіднела, вызваліў Пасур Ярэмію з вязніцы. Тады сказаў яму Ярэмія: «Ужо Госпад не называе цябе Пасур, але “Трывога навокал”,
4бо, вось, гэта кажа Госпад: “Вось, Я зраблю з цябе страхоцце ды з усіх тваіх таварышаў; і ўпадуць яны ад меча ворагаў сваіх, а твае вочы будуць глядзець! І ўсяго Юду Я выдам у рукі цара Бабілонскага, і павядзе ён іх у няволю ў Бабілон, і будзе забіваць іх мечам.
5І дам усе багацці гэтага горада ды ўвесь плён працы яго, усе яго каштоўнасці, усе скарбы цароў Юды дам у рукі ворагаў іх, каб іх рабавалі, і забралі, і вывезлі ў Бабілон.
6Ты ж, Пасур, і ўсе твае хатнія пойдзеце ў няволю. І пойдзеш ты ў Бабілон, і там памрэш і будзеш пахаваны ты і ўсе твае таварышы, якім праракаваў ты лжыва”».
7«Звёў Ты мяне, Госпадзе, і я даўся звесціся, Ты быў дужэйшы за мяне і перамог, стаўся я пасмяяннем на цэлы дзень, усе насміхаюцца з мяне.
8Бо як толькі пачынаю гаварыць — усклікаю, крычу пра бяду і вынішчэнне; і сталася мне слова Госпада знявагай і кпінамі на цэлы дзень.
9І сказаў я: “Не буду Яго ўзгадваць і не буду болей гаварыць у імя Яго!” Але тады ўзняўся ў сэрцы маім як бы агонь пякучы, замкнуты ў касцях маіх, дык я змучыўся і не мог вынесці яго.
10Я чуў паклёпы многіх і жах навокал: “Паведаміце, і мы паведамім пра яго!” Усе спагадныя да мяне чакалі падзення майго: “Можа, ён дасць падмануць сябе, дык мы адолеем яго і будзем спаганяць на ім помсту”.
11 Ярэм. 23:40 Але Госпад пры мне, як волат магутны; таму тыя, што пераследуюць мяне, упадуць і стануцца слабымі. Раптам пасаромеюцца яны, бо не даб’юцца поспеху, вечная ганьба, якая ніколі не забудзецца.
12 Ярэм. 11:20 А Ты, Госпад Магуццяў, выпрабоўваеш справядлівага і бачыш ныркі і сэрца. Прашу, хай пабачу я помсту Тваю над імі, Табе бо даручыў я справу сваю.
13Спявайце Госпаду, хваліце Госпада, бо вызваліў Ён душу беднага з рук злачынцаў.
14 Ёў 3:1-19 Пракляты той дзень, у якім я нарадзіўся, дзень, у якім нарадзіла мяне маці мая, хай не будзе дабраславёны.
15Пракляты той чалавек, які паведаміў бацьку майму, кажучы: “Нарадзіўся у цябе сын”, і вельмі ўзрадаваў яго;
16 Род. 19:24, 25 хай будзе той чалавек, як гарады, якія знішчыў Госпад і не пашкадаваў, хай чуе ён крык раніцай і гармідар апоўдні,
17ён, які не забіў мяне ва ўлонні маці, каб сталася для мяне маці мая магілай, а ўлонне яе вечна было цяжарным.
18Навошта я выйшаў з улоння? Каб бачыць пакуту і гора, ды каб дні мае скончыліся ў ганьбе?»
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.
