1Гэта кажа Госпад: «Ідзі і купі ў ганчара гляк гліняны, потым вазьмі з сабою некалькі старэйшын народа ды старэйшых святароў.
2 2Цар. 23:10; Ярэм. 7:30-32; 32:34, 35 І выйдзі ў лагчыну Бэн-Гэном, якая пры ўваходзе ў браму Харсіт, і там будзеш абвяшчаць словы, якія Я табе скажу.
3 2Цар. 21:12 І скажаш: “Слухайце слова Госпада, цары Юды і жыхары Ерузаліма! Гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Вось, Я навяду няшчасце на гэтае месца, так што кожнаму, хто гэта пачуе, зашуміць у вушах.
4Бо яны пакінулі Мяне і чужым зрабілі гэтае месца, ды палілі на ім кадзіла чужым багам, якіх не ведалі ані яны, ані бацькі іх, ані цары Юды, і напоўнілі гэтае месца крывёю нявінных.
5 Святар. 18:21 І пабудавалі вышыні Баалу, каб паліць там сваіх сыноў у агні на цэласпаленне Баалу, чаго Я не загадваў і не даручаў і што не прыйшло Мне нават на думку.
6Таму прыйдуць дні, — кажа Госпад, — што гэтае месца не будзе больш называца Тафэт, ці лагчынай Бэн-Гэном, але далінай Забойства.
7І Я разганю раду Юды і Ерузаліма на гэтым месцы, і аддам іх пад меч на віду ворагаў іх, ад рукі тых, што цікуюць на іх душы. Целы іх Я дам на ежу птушкам паднебным і звярам зямным.
8 Ярэм. 18:16; 50:13 Ды зраблю з гэтага горада прычыну аслупянення і насмешак. Кожны, хто будзе міма яго праходзіць, аслупянее і засвішча дзеля ўсіх яго бед.
9 Святар. 26:29; Паўт. Зак. 28:53 І Я буду карміць іх целамі сыноў іх і дачок іх; і не адзін з іх будзе спажываць цела прыяцеля свайго з прычыны аблогі і прыгнёту, якім ціснуць іх будуць ворагі іх, якія цікуюць на іх душы”».
10І ты разбі гляк перад мужчынамі, якія пойдуць з табой,
11 Ярэм. 7:32 і скажы ім: «Гэта кажа Госпад Магуццяў: “Я гэтак разаб’ю народ гэты і горад гэты, як таўчэцца посуд ганчара, які не можа быць больш адноўлены. І будуць яны пахаваны ў Тафэце, бо не будзе іншага месца на пахаванне.
12Я зраблю гэтаму месцу, — кажа Госпад, — і жыхарам яго так, што зраблю гэты горад такім, як Тафэт;
13і стануцца нячыстымі дамы Ерузаліма і дамы цароў Юды, падобна як месца Тафэт; усе дамы, на дахах якіх палілі кадзіла ўсім сілам нябесным ды складалі ахвяры вадкія чужым багам”».
14Прыйшоў, вось, Ярэмія з Тафэта, куды яго паслаў Госпад праракаваць, ды стаў на панадворку дома Госпада, і сказаў усяму народу:
15«Вось што кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Вось, Я навяду на гэты народ і на ўсе яго паселішчы ўсякія беды, якія на іх прадказаў, бо зрабілі яны карак свой цвёрдым ды не слухаюць слоў Маіх”».
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.
