Першая кніга Цароў Раздзел 22 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1 2Пар. 18:2-27 Такім чынам, прайшлі тры гады без вайны між Сірыяй і Ізраэлем.

2А на трэці год Язафат, цар Юды, прыйшоў да цара Ізраэльскага,

3і цар Ізраэля сказаў паслугачам сваім: «Ці вы не ведаеце, што Рамот у Галаадзе наш, і мы маўчым, замест таго каб забраць яго з рук цара сірыйскага?»

4 2Цар. 3:7 І звярнуўся ён да Язафата: «Ці ты пойдзеш са мною ваяваць за Рамот у Галаадзе?» І сказаў Язафат цару Ізраэля: «Як ты, так і я; народ мой і твой народ — гэта адно цэлае, і коннікі мае, і коннікі твае».

5І сказаў тады Язафат цару Ізраэля: «Запытайся сёння, прашу цябе, што на гэта скажа Госпад».

6Дык склікаў цар Ізраэля прарокаў каля чатырохсот чалавек, і спытаўся ў іх: «Ці маю я ісці ваяваць у Рамот у Галаадзе, ці не?» Яны адказалі: «Ідзі, і Госпад аддасць яго ў рукі цара».

7І спытаўся Язафат: «Ці няма тут іншага прарока Госпадава, каб спытацца ў яго?»

8І сказаў цар Ізраэля Язафату: «Ёсць яшчэ адзін чалавек, праз якога можам запытацца ў Госпада; але я яго ненавіджу, бо ён не прарочыць мне добрае, але ліхое: Міхей, сын Емлі». Язафат сказаў яму: «Не гавары так, цар».

9І паклікаў цар Ізраэля аднаго еўнуха, і загадаў яму: «Паспяшайся і прывядзі Міхея, сына Емлі».

10А цар Ізраэля і Язафат, цар Юды, сядзелі кожны на сваім пасадзе, апранутыя ў царскае адзенне, на плошчы каля ўваходу ў браму Самарыі; і перад імі прарочылі ўсе прарокі.

11Таксама Сэдэцыя, сын Ханааны, зрабіў сабе жалезныя рогі і сказаў: «Гэта кажа Госпад: “Будзеш імі біць Сірыю, пакуль не знішчыш яе”».

12І ўсе прарокі падобна прарочылі, кажучы: «Ідзі на Рамот у Галаадзе і перамагай, і Госпад аддасць яго ў рукі цара».

13А пасланец, які пайшоў паклікаць Міхея, сказаў яму, кажучы: «Вось, усе прарокі ў адзін голас прадказваюць цару добрае; дык і ты кажы, як яны, і гавары добрае».

14Міхей сказаў яму: «Жыве Госпад, бо што скажа мне Госпад, тое і я скажу!»

15Дык пайшоў ён да цара, і цар сказаў яму: «Міхей, ці маем мы ісці ваяваць у Рамот у Галаадзе, ці не?» Ён яму адказаў: «Ідзі і ваюй шчасліва, і Госпад аддасць яго ў рукі цара».

16І сказаў яму цар: «Яшчэ і яшчэ раз заклінаю цябе прысягнуць, што мне ты кажаш праўду ў імя Госпада».

17 Ліч. 27:17; Мц. 9:36; Мк. 6:34 Тады ён сказаў: «Бачыў я ўвесь Ізраэль расцярушаным па гарах, як авечкі, якія не маюць пастуха. І сказаў Госпад: “Не маюць яны валадара; няхай вяртаецца кожны ў дом свой у супакоі”».

18Такім чынам, сказаў тады цар Ізраэля Язафату: «Ці я табе не казаў, што ён заўсёды прарочыць мне не на дабро, а на ліха?»

19 Іс. 6:1; Ёў 1:6 А той працягваў далей: «Таму слухай слова Госпада. Бачыў я Госпада, Які сядзіць на Сваім пасадзе, і ўсё нябеснае войска, што стаяла каля Яго справа і злева.

20І сказаў Госпад: “Хто падмане Ахаба, каб ён пайшоў і загінуў у Рамоце Галаадскім?” І адзін казаў так, а другі інакш.

21І выступіў дух, і стаў перад Госпадам, і сказаў: “Я падману яго”. Сказаў яму Госпад: “Чым?”

22А ён кажа: “Я выйду і стану духам хлуслівым у вуснах усіх яго прарокаў”. І Госпад сказаў: “Ты падманеш яго і пераможаш; ідзі і так рабі!”

23Такім чынам, вось, Госпад даў цяпер духа хлусні ў вусны ўсіх тваіх прарокаў, якія тут знаходзяцца, і Госпад сказаў супраць цябе благое».

24А Сэдэцыя, сын Ханааны, падышоў і ўдарыў Міхея ў сківіцу, і казаў: «Якім чынам адышоў дух Госпадаў ад мяне, каб прамаўляць да цябе?»

25І Міхей адказаў: «Тым сам убачыш у той дзень, калі будзеш уваходзіць то ў адзін пакой, то ў іншы, каб схавацца».

26І загадаў цар Ізраэля: «Вазьмі Міхея, і хай ён застанецца ў Амона, кіраўніка горада, і ў сына царскага Ёаса,

27і скажы ім: так загадаў цар: “Пасадзіце гэтага чалавека ў вязніцу і карміце яго хлебам бяды і вадой гора аж да майго вяртання ў супакоі”».

28А Міхей сказаў: «Калі ты вернешся ў супакоі, то не гаварыў Госпад праз мяне». І дадаў: «Слухайце гэта, усе народы!»

29 2Пар. 18:28-34 І пайшоў цар Ізраэля і Язафат, цар Юдэі, у Рамот у Галаадзе.

30І казаў цар Ізраэля Язафату: «Я пераапрануся і пайду ў бой; а ты апраніся ў твае шаты». І цар Ізраэля змяніў адзенне і пайшоў у бой.

31А цар Сірыі загадаў трыццаці двум кіраўнікам калясніц, кажучы: «Не ваюйце ані з меншым, ані з большым, — ні з кім, акрамя аднаго толькі цара Ізраэля».

32Дык калі кіраўнікі калясніц убачылі Язафата, то вырашылі, што ён — цар Ізраэля, і, напаўшы на яго, змагаліся супраць яго. І Язафат закрычаў;

33і кіраўнікі калясніц зразумелі, што гэта не цар Ізраэля, і адступілі ад яго.

34А адзін ваяр нацягнуў лук, не цэлячыся ні ў каго, і выпадкова раніў цара Ізраэля між засцежкамі і панцырам. І сказаў цар свайму каляснічаму: «Завярні і вывезі мяне з войска, бо я цяжка паранены».

35Такім чынам, у той дзень разгарэўся бой, і цар стаяў у калясніцы сваёй супраць сірыйцаў, і памёр вечарам: а кроў ад удару сцякала ў сярэдзіну калясніцы.

36І на захадзе сонца ва ўсім войску закрычалі: «Хай кожны вяртаецца ў горад свой і ў зямлю сваю!»

37І памёр цар, і быў прывезены ён у Самарыю; і пахавалі цара ў Самарыі.

38 1Цар. 21:19 І вымылі калясніцу яго ў вадаёме ў Самарыі; і сабакі лізалі яго кроў, і блудніцы мыліся паводле слова Госпада, якое Ён гаварыў.

39А іншыя дзеянні Ахаба, і ўсё, што ён рабіў, і дом са слановай косці, які пабудаваў, і ўсе гарады, якія пабудаваў, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля?

40Такім чынам, супачыў Ахаб з бацькамі сваімі; і па ім цараваў сын яго Ахазія.

41 2Пар. 20:31–21:1 А Язафат, сын Асы, стаў царом Юды на чацвёрты год Ахаба, цара Ізраэля;

42Язафат меў трыццаць пяць гадоў, калі стаў царом, і дваццаць пяць гадоў цараваў ён у Ерузаліме. Маці яго называлася Азуба, і была дачкою Сэлаха.

43І хадзіў ён ва ўсім дарогай бацькі свайго Асы і не сыходзіў з яе; і рабіў тое, што было справядлівым у вачах Госпада. Толькі ўзгоркі не знішчыў, бо народ яшчэ складаў ахвяры і кадзіў на ўзгорках.

44І Язафат жыў мірна з царом Ізраэля.

45А іншыя дзеянні Язафата і справы яго, якія ён мужна рабіў, і як ваяваў, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Юдэйскіх?

46Але і рэшткі распуснікаў, якія заставаліся ў дні бацькі яго Асы, ён знішчыў з зямлі.

47А ў Эдоме не было тады цара, але намеснік царскі.

48А цар Язафат пабудаваў караблі ў Тарсісе, каб плысці ў Афір па золата; і яны не паплылі, бо паразбіваліся ў Эцыён-Гебэры.

49Тады Ахазія, сын Ахаба, сказаў Язафату: «Хай мае паслугачы пойдуць на караблі з тваімі паслугачамі». І Язафат не захацеў.

50І Язафат супачыў з бацькамі сваімі, і быў разам з імі пахаваны ў горадзе Давіда, бацькі свайго; і па ім царом стаў сын яго Ярам.

51А Ахазія, сын Ахаба, стаў царом у Самарыі на сямнаццаты год Язафата, цара Юды, і быў царом у Ізраэлі два гады.

52І дапускаўся ён усяго таго, што ліхім было ў вачах Госпада, і хадзіў дарогаю бацькі свайго і дарогаю маці сваёй, і дарогаю Ерабаама, сына Набата, які ўводзіў у грэх Ізраэль;

53таксама служыў ён Баалу, і пакланяўся яму, і гнявіў Госпада, Бога Ізраэля, паводле ўсяго, што рабіў бацька яго.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help