Другая кніга Цароў Раздзел 18 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1 2Пар. 29:1, 2 2Пар. 28:27 На трэці год Осіі, сына Элы, цара Ізраэля, Эзэкія, сын Ахаза, стаў царом Юдэі.

2Меў ён дваццаць пяць гадоў, калі стаў царом, і цараваў дваццаць дзевяць гадоў у Ерузаліме. Яго маці называлася Абі, дачка Захарыі.

3І рабіў ён усё, што добрым было ў вачах Госпада, паводле ўсяго, што рабіў бацька яго, Давід.

4 Ліч. 21:9 Ён знішчыў узгоркі, і разбіў слуп і ідалаў, і паламаў меднага змея, якога зрабіў Майсей, бо аж да гэтага часу сыны Ізраэля кадзілі яму ахвяры і называлі яго Нагэстан.

5 2Цар. 23:25 І ўсклаў ён надзею на Госпада, Бога Ізраэля. Падобнага да яго не было між усіх цароў Юдэі, як пасля яго, так і перад ім.

6І моцна трымаўся ён Госпада, і не адступаўся ад слядоў Яго, і спаўняў прыказанні Яго, якія загадаў Госпад Майсею,

7таму Госпад быў з ім, і ва ўсім, што ён рабіў, меў поспех. Узбунтаваўся ён таксама супраць цара асірыйцаў і не служыў яму.

8Ён пабіў філістынцаў аж да Газы і яе межаў, ад вартавой вежы аж да ўмацаванага горада.

9 2Цар. 17:5, 6 На чацвёрты год цара Эзэкіі, які быў сёмым годам Осіі, сына Элы, цара Ізраэля, выйшаў Салманасар, цар асірыйцаў, супраць Самарыі, і абклаў яе,

10і здабыў ён яе. Па трох гадах, на шосты год Эзэкіі, гэта значыць на дзевяты год Осіі, цара Ізраэля, была здабыта Самарыя.

11І цар асірыйцаў перасяліў Ізраэль у Асур, і пасяліў іх у Гале, і ў Габоры каля ракі Газан, і ў гарадах мідзян,

12бо не слухалі яны голасу Госпада, Бога свайго, але парушылі запавет Яго: усяго, што загадаў Майсей, паслугач Госпадаў, не паслухалі і не споўнілі.

13 2Пар. 32:1-19; Іс. 36:1-22 На чатырнаццаты год царавання Эзэкіі, напаў Санхэрыб, цар асірыйцаў, на ўсе ўмацаваныя гарады Юдэі і захапіў іх.

14Тады Эзэкія, цар Юдэі, паслаў пасланцоў да цара асірыйцаў у Лахіс, кажучы: «Зграшыў я. Адыдзі ад мяне, і ўсё, што накладзеш на мяне, панясу». Тады цар асірыйцаў наклаў на Эзэкію, цара Юдэі, даніну ў трыста талентаў срэбра і трыццаць талентаў золата;

15і аддаў Эзэкія ўсё срэбра, якое было знойдзена ў доме Госпада і ў скарбніцах цара.

16У той час Эзэкія разбіў падвойныя дзверы святыні Госпада і вушакі, якія пазалаціў ён сам, і аддаў золата цару асірыйцаў.

17А цар асірыйцаў паслаў з Лахіса кіраўніка войска і галоўнага еўнуха, і Рабсана да цара Эзэкіі ў Ерузалім з вялікім войскам. Яны пайшлі, і прыбылі ў Ерузалім, і сталі каля канала Верхняй крыніцы, што на дарозе Поля Валюшніка,

18і паклікалі яны цара. А выйшлі да іх Эліякім, сын Хэлькіі, загадчык дому, і Собна, пісар, і Ёах, сын Асафа, дзееапісальнік.

19І сказаў да іх Рабсак: «Скажыце Эзэкіі: “Гэта кажа вялікі цар, цар асірыйцаў: “Што гэта за надзея, на якую ты спадзяешся?

20Ты выказаў пустыя словы. Для вайны патрэбны рада і сіла! На каго ты спадзяешся, што адважыўся супраць мяне бунтавацца?

21Ці ты спадзяешся на Егіпет, на гэты надламаны кій з трыснёгу, які, калі чалавек абапрэцца на яго, уваходзіць у яго далонь, расшчэплены, і прабівае яе. Такі фараон, цар Егіпецкі, для ўсіх, хто на яго спадзяецца”.

22А можа, скажаце мне: “На Госпада, Бога нашага, спадзяёмся?” Ці ж Ён не Той, Якога ўзгоркі і ахвярнікі знішчыў Эзэкія, загадваючы Юдзе і Ерузаліму: “Перад гэтым ахвярнікам у Ерузаліме будзеце пакланяцца Госпаду”?

23Дык цяпер пайдзі ў заклад з гаспадаром маім, царом асірыйцаў; я дам табе дзве тысячы коней; і паглядзі, ці зможаш дастаць сабе вершнікаў для іх.

24І якім чынам зможаш ты выгнаць аднаго намесніка з найменшых паслугачоў гаспадара майго? Ці ты надзею маеш на Егіпет дзеля калясніц і коннікаў?

25Няўжо без волі Госпада прыйшоў я ў гэтае месца, каб яго спустошыць? Госпад сказаў мне: “Ідзі ў зямлю гэтую і спустош яе”».

26І сказалі Эліякім, сын Хэлькіі, і Собна, і Ёах Рабсаку: «Гавары, просім, да паслугачоў тваіх па-арамейску, бо мы разумеем гэтую мову, і не гавары да нас па-гебрайску, каб чуў народ, які на муры».

27І адказаў ім Рабсак: «Ці ж да гаспадара твайго і да цябе паслаў мяне гаспадар мой, каб казаў я гэтыя словы, і не да людзей, якія сядзяць на муры, каб есці кал свой і піць мачу сваю з вамі?»

28Такім чынам, стаў Рабсак і закрычаў моцным голасам па-гебрайску, кажучы: «Слухайце словы вялікага цара, цара асірыйцаў:

29гэта кажа цар: “Хай вас не падманвае Эзэкія, бо не зможа ён выратаваць вас з рукі маёй!

30І хай не падманвае ён вас надзеяй на Госпада, кажучы: “Выратуе і пазбавіць нас Госпад і не дасць гэтага горада ў рукі цара асірыйцаў”.

31Не слухайце Эзэкіі!” Бо кажа цар асірыйцаў: “Прымірыцеся са мною і выходзьце да мяне; і кожны будзе есці з вінаградніку свайго і з фігавага дрэва свайго, і будзеце піць ваду з крыніц вашых,

32пакуль я не прыйду і не перасялю вас у зямлю, падобную да вашай зямлі, у зямлю ўраджайную і багатую віном, зямлю хлеба і вінаграду, зямлю аліўкавага алею і мёду; і вы будзеце жыць і не будзеце паміраць”. Не слухайце Эзэкіі, які вас падманвае, кажучы: “Госпад вызваліць нас!”

33Ці ўратавалі багі народаў, кожны сваю зямлю, ад рукі цара асірыйцаў?

34Дзе багі Эмата і Арпада? Дзе багі Сэпарваіма, Аны і Авы? Ці вызвалілі яны Самарыю з рукі маёй?

35 Вых. 20:5; Паўт. Зак. 5:9 Хто з усіх багоў земляў гэтых уратаваў зямлю сваю ад рукі маёй, каб мог Госпад пазбавіць ад рукі маёй Ерузалім?»

36 Паўт. Зак. 6:13 А народ маўчаў і не адказваў яму ані слова; бо такі атрымалі яны загад цара, каб не адказваць яму.

37І прыйшлі Эліякім, сын Хэлькіі, загадчык палаца, і Собна, пісар, і Ёах, сын Асафа, дзееапісальнік, да Эзэкіі ў раздзёртых шатах і перадалі яму словы Рабсака.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help