Кніга Даніэля Раздзел 6 - Кн?г? Святога П?сання - Б?бл?я - Б?бл?я — пераклад Чарня?скага (выданне 2017 года)(BelBC17)

1Спадабалася Дарыю, і ўстанавіў ён над царствам сто дваццаць сатрапаў, каб прабывалі яны ва ўсім яго царстве,

2а над імі — трох кіраўнікоў, адным з якіх быў Даніэль, каб сатрапы давалі ім справаздачу і каб цару не рабіць прыкрасці.

3Вось жа, Даніэль перавышаў усіх кіраўнікоў і сатрапаў, бо Дух Божы большы быў у ім. З-за гэтага цар маніўся паставіць яго над усім царствам;

4дзеля таго кіраўнікі і сатрапы стараліся знайсці прычыну, каб абвінаваціць Даніэля ў справах супраць царства. Але не маглі, аднак, знайсці аніякае прычыны ані падазрэння, бо быў ён верны і не можна было ў ім знайсці аніякай віны або памылкі.

5Дык сказалі мужы тыя: «Не знойдзем ніякай прычыны ў гэтым Даніэлю, але маем штосьці супраць яго ў законе яго Бога».

6Тады кіраўнікі і сатрапы гэтыя паспяшаліся грамадою да цара і так яму сказалі: «Цару Дарыю, вечна жыві!

7Усе дзяржаўныя кіраўнікі, намеснікі і сатрапы, магнаты і суддзі рашылі, каб цар распарадзіўся і даў загад: хто на працягу трыццаці дзён выкажа просьбу якому-небудзь богу або чалавеку, акрамя цябе, цару, хай будзе ўкінуты ў ільвіны роў.

8 Эстэр 8:8 Такім чынам, цяпер, цару, пацвердзі рашэнне і пастаў пячаць на загадзе, каб не было адклікана паводле непарушнага закону мідзян і персаў».

9Дык цар Дарый паставіў пячаць на распараджэнні-дэкрэце.

10А Даніэль, калі даведаўся, што падпісаны дэкрэт, пайшоў у свой дом; і, паколькі меў ён у сваім верхнім пакоі адчыненыя вокны, накіраваныя на Ерузалім, штодзень тры разы падаў на калені, і маліўся, і славіў Бога свайго, таксама так, як звычайна рабіў гэта і раней.

11Такім чынам, гэтыя мужы наляцелі грамадою і знайшлі Даніэля, які маліўся і прызываў Бога свайго.

12Дык пайшлі і сказалі цару аб рашэнні: «Ці не падпісаў ты, цару, дэкрэт, што ўсякі чалавек, хто на працягу трыццаці дзён будзе прасіць аб чымсьці каго-небудзь з багоў або людзей, акрамя цябе, хай будзе ўкінуты ў ільвіны роў?» У адказ цар сказаў: «Справядлівае слова паводле непарушнага закону мідзян і персаў».

13На гэта адказалі, звяртаючыся да цара: «Даніэль, з сыноў палону Юды, не палічыўся з табою, цар, ані з распараджэннем, выдадзеным табою, але тры разы ў дзень моліцца ён сваёю малітвай».

14Калі цар пачуў гэтае слова, ахапіў яго смутак; і схіліў ён сэрца сваё да Даніэля, каб выратаваць яго; ды аж да захаду сонца стараўся прыдумаць, як яго ўхаваць.

15Але людзі гэтыя паспяшаліся грамадою да цара, кажучы яму: «Ведай, цару, што закон мідзян і персаў, як кожны дэкрэт і рашэнне, выдадзеныя царом, не можа быць зменены».

16Тады цар загадаў, і прывялі Даніэля, і ўкінулі яго ў ільвіны роў. І цар звярнуўся да Даніэля і сказаў: «Твой Бог, Якому так трывала служыш, Сам вызваліць цябе».

17І прынеслі адзін камень, і пакладзены ён быў па-над адтулінаю рова; цар апячатаў яго сваёй пячаткай і пячаткай сваіх магнатаў, каб нішто не змянілася ў справе Даніэля.

18І вярнуўся цар у свой палац, і пайшоў спаць галодным, і ежы не прынеслі яму, звыш таго, і сон адышоў ад яго.

19Дык цар устаў на світанні і паспяшаўся да львінага рова;

20і, калі ўжо быў блізка ад рова, прызваў Даніэля голасам, поўным болю, і звярнуўся да Даніэля: «Даніэлю, паслугач жывога Бога, ці Бог твой, Якому служыш так верна, не змог вызваліць цябе ад ільвоў?»

21І Даніэль адказаў цару: «Цару, вечна жыві!

22Мой Бог паслаў Анёла Свайго, і Ён закрыў пашчы львам; і не скрыўдзілі яны мяне, бо перад Ім знайшлася ў мяне справядлівасць; але і адносна цябе, цару, не зрабіў я нічога благога».

23Вельмі ўзрадаваўся тады цар з-за яго і загадаў дастаць Даніэля з рова; і выцягнулі Даніэля з рова, і не знойдзена было на ім ніводнай раны, бо даверыўся ён свайму Богу.

24А цар загадаў, і прывялі тых мужоў, якія абвінавацілі Даніэля, і ўкінулі ў ільвіны роў іх, і іх дзяцей, і іх жонак, і, перш чым упалі яны на дно рова, схапілі іх ільвы і раздрабілі іх косці.

25Тады цар Дарый напісаў да ўсіх народаў, пакаленняў і моў, якія пражывалі на ўсёй зямлі: «Хай павялічваецца сярод вас супакой!

26 Дан. 3:29 Выдаю дэкрэт, каб на ўсім абсягу майго царства шанавалі і трымцелі перад Богам Даніэля: бо Ён ёсць Бог жывы і трывае на векі; і Валадарства Яго не будзе знішчана, і ўлада Яго — аж навек.

27Ён ратуе і вызваляе і творыць знакі і цуды на небе і на зямлі. Ён жа вызваліў Даніэля ад ільвоў».

28А Даніэль цешыўся спагаднасцю ў цараванне Дарыя і ў валадаранне перса Кіра.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help