1І дадаў яшчэ Ёў, пачынаючы прыпавесць сваю, і сказаў:
2«Хто мне дасць, каб стаўся я, як у даўнія месяцы, у тыя дні, калі Бог ахоўваў мяне,
3калі светач Яго свяціў над галавой маёй і пры святле Яго хадзіў я ў цемры,
4калі яшчэ жыў у днях юнацтва майго, калі Бог быў спагадным у палатцы маёй,
5калі са мною быў Усемагутны і дзеці мае — вакол мяне,
6калі малаком я мыў ногі свае і скала выдавала для мяне ручаі алею.
7Калі я выходзіў да гарадской брамы і на плошчы рыхтаваў сабе сядзенне,
8бачылі мяне юнакі і хаваліся, а старыя, падняўшыся, стаялі.
9Князі пераставалі гаварыць і клалі палец на вусны свае.
10Правадыры спынялі голас свой, і язык іх прыліпаў да іх паднябення.
11Вуха, што чула мяне, дабраслаўляла мяне, і вока, якое бачыла, сведчыла за мяне,
12бо я вызваляў гаротніка, які лямантаваў, і сірату, які не меў апекуна.
13Дабраславенства таго, каму была наканавана смерць, сыходзіла на мяне, і сэрца ўдавы рабіў я радасным.
14Я апрануўся ў справядлівасць і прыбраўся, як плашчом і вянцом, судом сваім.
15Вокам быў я сляпому і нагой — кульгаваму.
16 Высл. 29:7 Бацькам быў для беднага і справу незнаёмага чалавека пільна разбіраў.
17Я раздзіраў пашчу злачынцу і вырываў з зубоў яго здабычу.
18І гаварыў я: “У гняздзе сваім памру я і, як пальма, памножу дні.
19Корань мой адкрыты каля вады, і раса будзе ляжаць на галінах маіх.
20Слава мая заўсёды будзе аднаўляцца, і лук мой у руцэ маёй умацуецца”.
21Тыя, хто мяне слухалі, захапляліся і з павагаю маўчалі на параду маю.
22Да слоў маіх не асмельваліся нічога дадаць, і мова мая акроплівала іх.
23Чакалі мяне, як дажджу, і адкрывалі вусны свае, як на дождж позні.
24Калі часам усміхаўся я да іх, не верылі, і святло твару майго не падала на зямлю.
25Калі хацеў прыйсці да іх, сядзеў першы і, хаця сядзеў, як кароль у атачэнні войска, аднак жа быў суцяшальнікам засмучаных.
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.
